Выдавецкая дзейнасць БХД і партыйная прэса

12 ліпеня 2017 04:45  |  Грамадства

Выдавецкая дзейнасць БХД і партыйная прэса

 

Канец 1920-х – пачатак 1930-х гадоў быў і часам росквіту хадэцкай прэсы. БХД набыла сучаснае абсталяванне для друку, заснавала друкарню імя Францішка Скарыны – і разгарнула цэлую медыя-стратэгію.

 

Галоўным выданнем БХД заставалася штотыднёвая “Беларуская крыніца”. За 1923-34 гг выйшла 512 нумароў, накладамі ад 1000 да 10 тыс. асобнікаў – з улікам вялізнай колькасці нумароў, сканфіскаваных польскімі уладамі.

“Хрысціянская думка”, пачатая з 6 студзеня 1928 г., выходзіла то два разы на месяц, то штомесяцова, і друкавала больш грунтоўныя матар’ялы, аналітыку, духоўныя ды культурніцкія развагі. Тут публікаваліся Язэп Германовіч, Дамінік Аніська, Вінцэнт Гадлеўскі, Адам Станкевіч, Галляш Леўчык, Мар’ян Пецюкевіч ды іншыя. Менавіта ў “Хрысціянскай думцы” лацінкай была надрукаваная і знакамітая кніга ксяндза Станкевіча “Родная мова ў святынях”.

“Шлях моладзі” – фактычна, маладзёвы часопіс БХД, быў адным з найпапулярнейшых маладзёвых выданняў у Заходняй Беларусі. Пачаў выдавацца штомесяц ў 1929 – і выходзіў да 1939-га. Рэдактарамі яго былі Мар’ян Пецюкевіч, Язэп Найдзюк, Янка Шутовіч. Друкаваў гістарычныя працы Адама Станкевіча, Найдзюка, вершы Вінцука Адважнага, інфармацыю пра дзейнасць БІГіК, беларускія пілігрымкі.

Акрамя гэтага, хадэкі рэдагавалі знакамітую віленскую “Студэнцкую думку”, выданне Беларускага Студэнцкага Саюзу – гэта рабілі Янка Шутовіч і Ігнат Гагалінскі.

Аграном Адольф Клімовіч, старшыня ЦК БХД у 1931-35 гадах, выдаваў сельскагаспадарчы часопіс “Самапомач”, чытачамі якога былі найперш сяляне-гаспадары.

Таксама беларускія хрысціянскія дэмакраты (Янка Пазняк) рэдагавалі і “Wiadomosci Bialoruskie”. – выданне Беларускага Нацыянальнага Камітэту, дзе рэй вяла БХД, і фармавалі беларускую частку часопіса “Natio”, які выходзіў у 1927 годзе на ангельскай, францускай, нямецкай і польскай мовах для інфармавання міжнароднай супольнасці аб стане нацыянальных меншасцяў у Польшчы.

У хадэцкай друкарні імя Францішка Скарыны за час яе існавання было надрукавана прынамсі 146 (!) найменняў хрысціянскіх і беларускіх кнігаў.

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 – 2017”

Працяг будзе

Болей навін