Віталь Рымашэўскі. Рэзалюцыі АБСЕ па Беларусі. Хто прайграў?
У павестку дня сесіі
ПА АБСЕ не вынесеная рэзалюцыя па Беларусі, падрыхтаваная літоўскімі
дэпутатамі. І замільгалі гучныя загалоўкі СМІ: “Лукашэнка абыграў Літву”, “В
ОБСЕ “прокатили” резкую резолюцию Литвы по Беларуси”…
Пры гэтым, мала
хто звяртае ўвагу на тое, што РЭЗАЛЮЦЫЙ ПА БЕЛАРУСІ ПАДРЫХТАВАНА ДЗВЕ. Другая
рэзалюцыя – па сітуацыі ва Ўсходняй Еўропе ў цэлым, але палова пунктаў – пра
Беларусь.
Непрыняцце літоўскай рэзалюцыі – толькі на першы погляд няўдалая спроба
літоўскіх дэпутатаў і перамога беларускіх чыноўнікаў.
Па-першае, насамрэч,
усе дасягнулі сваіх мэтаў: беларускія чыноўнікі могуць справаздачыцца свайму
кіраўніку – “не дарэмна хлеб елі”, Аляксандр Лукашэнка можа захаваць твар – бо
рэзалюцыя не прынятая. Літва прыцягнула ўвагу да БелАЭС – нават Лукашэнка
зрэагаваў (маўляў, “мы гатовыя дамаўляцца з літоўцамі, разам будаваць і
эксплутаваць”). Магчыма, літоўская дэлегацыя і хацела б большага, але гэта была
маладасягальная задача-максімум. І атака імі Шведаў зараз дасць магчымасць
вымагаць ад іх большай згоды з прапановамі Літвы ў будучым.
Па-другое, другая
рэзалюцыя цяпер пройдзе з большай верагоднасцю (бо нават праціўнікі першай
рэзалюцыі апелявалі да другой як да правільнай). А ў другой рэзалюцыі па правах
чалавека і іншых пытаннях па Беларусі ўсе ёсць, апроч АЭС. Ну , а як было сказана
вышэй, да пытання АЭС увага прыцягнутая. Зрэшты, прыцягнуць увагу да тых ці
іншых пытанняў – гэта хіба што не адзіны магчымы практычны вынік ПА АБСЕ. Бо
рашэнні ПА АБСЕ вельмі ўскосна звязаныя з практычнымі дзеяннямі.
Безумоўна, у
выйграшы застаўся і шведскі дэпутат Кент Харстэт, які, як кажуць, збіраецца
працягваць кар’еру ў ПА АБСЕ. Цяпер ён здабыў галасы Беларусі (магчыма і Расеі)
у сваю падтрымку, адначасна пазбавіўшыся крытыкі з боку большасці сваіх
заходніх калег.
А цяпер ўявіце
сітуацыю, калі б была толькі адна рэзалюцыя, падрыхтаваная дэлегацыяй Швецыі
(паверце, там шмат пунктаў, якія вельмі недаспадобы беларускім уладам). Тады
асноўныя баталіі разгарэліся б вакол яе. І нават пры яе прыняцці эфект быў бы
нашмат меншы, бо рэзалюцыі патрэбны не самі па сабе, а дзеля таго, каб мець практычны
вынік, уплываць на паводзіны тых, у дачыненні каго яны прымаюцца.
Зразумела, што
прадстаўнікі беларускіх уладаў цяпер будуць імкнуцца максімальна змякчыць і
Другую рэзалюцыю. Але ў гэтай сітуацыі шанцаў на поспех у іх нашмат меней.
Зрэшты, нават
наяўнасць саміх праектаў рэзалюцый зрабіла сваю справу – пагроза прыняцця
рэзалюцыі ўжо дапамагла вызваліць з-за кратаў хлопцаў, затрыманых па справе
патрыётаў.
Важна, што захоўваецца моцная група заходніх палітыкаў, якія па-ранейшаму
гатовыя прытрымлівацца каштоўнаснага падыходу ў палітыцы. Сёння на Захадзе
досыць безумоўных лабістаў, якія былі супраць любой рэзалюцыі па Беларусі.
Цікава тое, што гэтыя ж людзі разглядаюць Беларуска-Еўрапейскія стасункі
выключна ў рэчышчы расейскай палітыкі. Але гэта тэма для асобнага артыкула.
P.S. Абедзве рэзалюцыі падрыхтаваныя прадстаўнікамі Еўрапейскай народнай
партыі. БХД і Права-цэнтрысцкая кааліцыя адпачатку падтрымлівалі абедзве
рэзалюцыі.