Усім, каму ўчорашнія падзеі прынеслі расчараванне ці роспач.
Хачу падзяліцца тым, што мяне па-сапраўднаму натхняе ў жыцці – гэта ўчынкі людзей, якія робяць больш, чым павінны былі б рабіць. Больш, чым ад іх вымагаюць абставіны. Больш, чым патрабуюць годныя чалавечыя паводзіны. Кожны год дарыць мне прыклады такіх учынкаў самых розных людзей. Дзеля мяне асабіста яны становяцца Чалавекам/людзьмі Года.
Учора я меў выдатную магчымасць правесці тры гадзіны ў кампаніі такіх людзей у двары РАУС: Музыкаў, якія выбралі пастарунак замест адмовы ад канцэрту, а таксама людзей, якія выбралі арышт замест адмовы схаваць бел-чырвона-белую сімволіку . Учора ў двары асабіста мне было не роспачна, а натхняльна і светла – ад іх учынкаў.
Вы – лепшыя! Павал Аракелян, Лявон Вольскі, Ігар Варашкевіч, Зміцер Вайцюшкевіч, Алена Талстая, Мікалай Казлоў, Янка Вольская, Сяргей Васількоў…
Няма ідэальных краін і ідэальнага свету, і паўсюль тыя, хто ідуць за Праўдай і Святлом знаходзяць свой крыж. Паўсюль ёсць чалавечыя ўчынкі, якія асвятляюць і робяць свет лепшым.
Мы жывем у прыцемны час, але Святло ў цемры свеціць і цемра не абдыме яго.
Няма шанцаў у Шуневіча ў змаганні супраць Дашкевіча. Няма шанцаў у МВД у змаганні супраць Музыкаў.
Світанак прыйдзе!
Дзякую ўсім за падтрымку!
Віталь Рымашэўскі