БХД у беларускім руху
У другой палове 1920-1930-х гадах менавіта Беларуская Хрысціянская
Дэмакратыя сталася асновай беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі.
“Левыя”, сацыялістычныя арганізацыі, якія вялі рэй у беларускім палітычным
працэсе напачатку – альбо падпалі пад савецкі ўплыў, альбо былі расцярушаныя
польскай рэакцыяй, альбо страцілі народную падтрымку. “Правыя” (паланафілы,
потым нацыянал-сацыялісты) – ці пайшлі на ўгоду з “правым” польскім урадам, ці
выбралі арыентырам фашыстоўскую Нямеччыну. У выніку БХД апынулася адзінай
палітычнай сілай, якая не ішла на альянс ані з “санацыяй”, ані з камуністамі,
ані з нацыстамі, і абапіралася выключна на беларускі народ.
Партыю крытыкавалі і злева, і справа, пераследвалі штрафамі ды
канфіскацыямі, арыштамі, забаронамі ўлады, у тым ліку касцёльныя – але БХД
упарта трымалася свайго, і ў пачатку 1930-х гадоў гэта пачало даваць плён.
Беларуская інтэлігенцыя, шырокае сялянства, фабрычныя работнікі, студэнцтва
пачалі ўлівацца ў БХД. Галоўныя каардынацыйныя структуры беларускага руху
прынялі вядучую ролю хадэцыі, а ўчорашнія ворагі – сацыялісты, камуністы,
прапольскія “ўгадоўцы” – пачалі спярша шукаць альянсу з БХД, а
потым атакаваць хадэкаў як найпершых супраціўнікаў.
Найвялікшай пагрозай для беларускага руху была пракамуністычная лявіца –
Грамада і КПЗБ. Пакідаючы ўбаку беларускія нацыянальныя інтарэсы і дбаючы
найперш пра сацыяльную рэвалюцыю ў духу марксізму, “левыя” прапагандавалі БССР
як мадэль сапраўднай беларускай дзяржавы і вялі барацьбу з палякамі шырокім
фронтам: ад прапаганды да тэрору.
У 1925 годзе Браніслаў Тарашкевіч з групай паслоў заклаў Беларускую
Сялянска-Работніцкую Грамаду, якая, атрымаўшы савецкія фінансы (на “сусветную
рэвалюцыю”, вядома) разгарнула масавую агітацыю сялянства за бальшавіцкую
мадэль. Да Грамады далучаліся дзясяткі тысячаў беларусаў, і пагроза
камуністычнага паўстання прымусіла перапалоханыя польскія ўлады Грамаду
разграміць: сотні актывістаў ды агітатараў былі арыштаваныя ды кінутыя за
краты.
Тагачасныя польскія улады, у сваю чаргу, імкнуліся кантраляваць беларускі
рух праз “угадоўцаў”(ад слова “угода”, дамова). Беларусы-“ўгадоўцы”, не маючы
трывалай ідэйнай платформы, перад кожнымі выбарамі ў польскі Сейм стваралі
“агульнабеларускія” структуры (Сялянская партыя, Цэнтрасаюз ды інш.), выбарчыя
спісы, выдавалі беларускамоўныя газеты. Пазіцыя БХД у дачыненні да такіх
падтрыманых тагачасным урадам праектаў была прынцыповай: інтарэсы народу не
здаваць, антыбеларускай палітыкі не падтрымліваць. Урэшце, у сярэдзіне 1930-х
“угадоўскі” лагер разваліўся.
БХД дала беларускаму руху 1920-1930-х гадоў трывалую апору сярод варожых
сілаў, пераемнасць традыцыяў БНР, беларусізацыю Касцёла ды часткі праваслаўнай
Царквы, плынь беларускамоўнай прэсы, паўтары сотні выдадзеных кнігаў,
падручнікаў ды брашураў па-беларуску, арганізаваныя бібліятэкі, школы і
гаспадарчыя гурткі, а таксама цэлае сузор’е яркіх асобаў.
Феномен БХД 1920-1930-х – эфектыўная мадэль развіцця і пашырэння
нацыянальнага руху ў цяжкіх гістарычных варунках, надзённая і сёння.
З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 – 2017”
Працяг будзе