118 гадоў таму нарадзіўся заснавальнік аднаго з самых паспяховых праектаў БХД

03 жніўня 2017 09:18  |  Грамадства

 

118 гадоў таму нарадзіўся
Баляслаў Грабінскі – доктар-стаматолаг, адзін з кіраўнікоў БХД ды
заснавальнікаў Беларускага Інстытута Гаспадаркі і Культуры, старшыня
беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Вільні, мецэнат, навуковец.

 

Нарадзіўся Баляслаў
Грабінскі 3 жніўня 1899 года ў вёсцы Урачыншчына Сакольскага павету (зараз –
Падляскае ваяводства Польшчы). Скончыў павятовую вучэльню, Гродзенскую
гімназію, затым паступіў у Віленскі універсітэт на медыцынскі. Працаваў
асістэнтам кафедры анатоміі, і адначасова распачаў уласную стаматалагічную
практыку.

У 1922 годзе быў выбраны
ў кіраўніцтва Беларускага Студэнцкага Саюза, што дзейнічаў пад уплывам БХД.

Маючы добры заробак,
Баляслаў Грабінскі дапамагаў Беларускаму Навуковаму Таварыству, ахвяраваў грошы
на хадэцкія патрэбы, спансаваў беларускія выдавецтвы.

На з’ездзе 1931 году
менавіта ён, доктар і мецэнат, быў выбраны старшынём Рэвізійнай камісіі БХД. І
якраз яго запрасілі ўдзельнічаць у заснаванні Беларускага Інстытута Гаспадаркі
і Культуры – адным з самых паспяховых праектаў БХД.

Калі пачалася вайна,
Баляслаў Грабінскі ўзначаліў Беларускі Нацыянальны Камітэт у Вільні. Дапамагаў
беларусам, якія цярпелі нягоды, уціск і пераслед. Сам быў арыштаваны ў 1943
годзе, змешчаны ў лагер, неўзабаве вызвалены. У кастрычніку 1944 года стаў
старэйшым урачом Першага кадравага батальёна Беларускай Краёвай Абароны.

Пасля вайны выехаў у ЗША.
Працаваў у беларускай эміграцыі, стаў сябрам Рады БНР, Беларускага Інстытуту
Навукі і Мастацтва.

Гэта Баляслаў Грабінскі
першым заўважыў партрэт Скарыны ў Падуанскім універсітэце, у знакамітай “Залі
сарака”.

Адышоў Баляслаў Грабінскі
ў знакавы дзень – 20 жніўня 1991 года, у Лонгвудзе, у Амерыцы. Якраз 20 жніўня
было пераломным для паразы ГКЧП, а з ім і Савецкага Саюза. Да рэальнай
незалежнасці Беларусі заставалася ўсяго пяць дзён.

 

Павел Севярынец

Болей навін