Віцебск пераўтвараецца ў агромністую звалку бытавога смецця

01 верасня 2017 09:47  |  Блог Таццяны Севярынец

Віцебск пераўтвараецца ў агромністую звалку бытавога смецця

 

Пасля святаў і выходных ля пад’ездаў шматпавярховікаў Віцебска збіраюцца міні-палігоны цвёрдых адходаў, смецце са скрыняў імкліва запаўняе ўсю вольную прастору. Болей як трыста машын тых адходаў штодня вывозіцца спецкамбінатам, але 350 тысяч насельніцтва паўночнай культурнай сталіцы Беларусі здольныя вырабляць прадукты сваёй жыццядзейнасці значна хутчэй.

Па патрабаваннях Пастановы №110 ад 01.11.2011 года Міністэрства аховы здароўя, скрыні для бытавых адходаў усталёўваюцца ў адмысловых бетанаваных агароджах (з трох бакоў), пазначаюцца “для пластыка”, “для шкла”, “папера” і не бліжэй, як 20 метраў ад дамоў, бакі ад харчовых выкідаў павінны мыцца і дэзінфекавацца 2 разы на тыдзень, а ў спёку – штодня.

У Пастанове ўсё ясна і зразумела. Толькі ў Віцебску, як заўсёды, на яе пляваць хацелі ўсе, хто павінен адказваць за арганізацыю складавання смецця, сартыроўку і вываз, стан скрыняў. І ўрэшце рэшт, аніяк не зразумеюць віцебскія чыноўнікі, што збор, сартыроўка і пераапрацоўка цвёрдых бытавых адходаў – гэта вельмі прыбытковы бізнес. Увесь час жа плачуцца, што грошай няма. А яны вось тут, побач. Літаральна пад нагамі валяюцца.

Увесь час кіраўніцтва горада праводзіць рэарганізацыі і мадэрнізацыі структур ЖКГ у мэтах эканоміі сродкаў. У выніку вельмі заблытаная схема, хто за што адказвае і хто што павінен рабіць – і ніхто нічога не робіць. Такое складаецца ўражанне, калі штодня бачыш тое, што бачыш.

З 2011 года запланаваны смеццепераапрацоўчы камбінат. Гатовы праект, вызначана месца паміж Капцямі і Касачамі. Энэргетыкі ў 2014 годзе пабудавалі нават ЛЭП, паставілі высакавольткі і заасфальтавалі пляцоўку. На гэтым – кропка, клопаты скончыліся. Не здзіўлюся, калі стане вядома, што тую ЛЭП паспяхова раскурочылі і разнеслі па кавалках марадзёры, бо аб’ект, зразумела, не ахоўваецца. А народ у нас такі…

Інвестары з’яўляюцца і знікаюць у невядомым накірунку… Актывісты БХД даўно трымаюць гэты аб’ект на кантролі, бо яшчэ ў 2014 годзе па інстанцыях разнеслі 1000 подпісаў за яго будаўніцтва, мелі незабыўную сустрэчу па накале хамства з боку чыноўніка Дзівуліна, намесніка старшыні аблвыканкама, куратара гэтага камбіната. Нас тады заверылі, што палігон пад Білева зачыняць у снежні 2014-га. Час для чыноўніка спыніўся. Трэба нагадаць, што ўжо на двары 2017-ы, а “вяршыня” Віцебскай смеццевай Джамалунгмы расце, павялічваючы і рызыку выбуху.

1 чэрвеня Анатоль Калінін, намеснік прэм’ер-міністра Беларусі, заявіў, што плануецца пачаць будаўніцтва смеццеСАРТЫРОВАЧНАГА камбіната ў Віцебску у 2018-м годзе (Дарэчы, не першыя даты: 2011 – распачаць будаўніцтва, у 2013-м білі ў грудзі, што вось-вось, інвестар знайшоўся. У 2015 на рэспубліканскай нарадзе ўрачыста гучала, што вось, пад Віцебскам смеццепераапрацоўчы камбінат будзе, няма аналагаў у свеце, эканамічная выгада). Заўважаеце, што памянялася: смеццепераапрацоўчы на смеццесартыровачны? ЛЭП тады навошта? Няхай марадзёры курочаць –не шкада! Грошы ж не ўласныя, а падаткаплацельшчыкаў. Збяруць яшчэ! Указ №3, да прыкладу, яшчэ ж ніхто не адмяняў…

Скардзіцца на сумеснай нарадзе з аблсаветам старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, што ніяк у Віцебску немагчыма распачаць праграму “Камфортнае жыццё і спрыяльнае асяроддзе”: 2/3 жыхароў шматпавярховікаў адмаўляюцца, каб ім заварылі смеццеправоды. Маўляў, ні пацукі, ні дрэнны пах іх не напружваюць – што за людзі! – ні аднаго смеццеправода ў Віцебску яшчэ не заварылі.

Ну, спадарства чыноўнікі, азірніцеся вакол сябе! Вы яшчэ на дарогу з хаты выбіраецеся? Смецце ж паўзе да вас! Пэўна, дзе вы ходзіце-ездзіце, яго і не бачна, а вось палюбуйцеся, напрыклад, што робіцца ў двары дома па пр. Будаўнікоў, у Білева (гл. здымкі).

Вы ж нічога не зрабілі, каб строга выконвалася Пастанова Міністэрства №110 ад 01.11.2011 года, каб пабудаваны быў смеццепераапрацоўчы камбінат, каб быў, нарэшце, закрыты палігон пад Білева, што ўяўляе сабой дзейсную пагрозу не толькі Білева, але і ўсяму Віцебску – як бабахне!

Паглядзіце, у якім стане ў вас тыя агароджы з трох бакоў, скрыні для смецця. Панюхайце, чым яны пахнуць. Спытайце, чаму няма ім дэзынфекцыі і мыцця, як таго патрабуюць Правілы, чаму не наладзіце аніяк першасную сартыроўку жыхарамі горада па скрынях “пластык”, “шкло”, “папера”?

Памятаю, як строга была пастаўлена справа вынасу і сартыроўкі смецця ў Менску 1970-х. Студэнткай жыла некаторы час на кватэры. Першы раз вынесла смецце. Выкінула ў бак, зусім не звярнуўшы ўвагу на нейкія надпісы. Увечары цэлае расследванне. Вылічылі, што ў адмысловы бак я выкінула несартаванае смецце! Добра наматалі перад носам – на ўсё жыццё запомніла. А сорамна было!

А ці ёсць сорам ў вас, слугі народа? Дэпутаты і дэпутаткі мясцовага Савета? Адказныя за стан абласнога цэнтра чыноўнікі? Адказныя службы ці разбяруцца, хто за што адказвае?

Ну хоць у чым-небудзь навядзіце парадак!

Дарэчы, даўно ў старшыні віцебскага абласнога Савета дэпутатаў сп. Цярэнцьева У.У. ляжыць брашурка, падрыхтаваная экспертамі БХД, дзе ёсць канкрэтныя прапановы па рэфармаванні сістэмы ЖКГ і не толькі. Карыстайцеся, калі ласка, спадарства! Ну, зразумела, было б жаданне зрабіць горад Віцебск сапраўды камфортным і спрыяльным. А мы гатовыя і дапамагчы, і падказаць, і паўдзельнічаць. Віцебск – горад НАШ!

 

Таццяна Севярынец

 

Віцебск пераўтвараецца ў агромністую звалку бытавога смецця
Віцебск пераўтвараецца ў агромністую звалку бытавога смецця
Віцебск пераўтвараецца ў агромністую звалку бытавога смецця
Віцебск пераўтвараецца ў агромністую звалку бытавога смецця
Віцебск пераўтвараецца ў агромністую звалку бытавога смецця
Віцебск пераўтвараецца ў агромністую звалку бытавога смецця
Віцебск пераўтвараецца ў агромністую звалку бытавога смецця
Віцебск пераўтвараецца ў агромністую звалку бытавога смецця
Віцебск пераўтвараецца ў агромністую звалку бытавога смецця
Віцебск пераўтвараецца ў агромністую звалку бытавога смецця
Віцебск пераўтвараецца ў агромністую звалку бытавога смецця

Болей навін