110 гадоў таму нарадзіўся Барыс Суравы
Барыс Суравы – беларускі дзеяч ХХ стагоддзя, кіраўнік Хрысціянскага Аб’яднання Беларускіх Работнікаў Велікабрытаніі, адзін з заснавальнікаў беларускіх хрысціянскіх прафсаюзаў.
Нарадзіўся Барыс Суравы 15 верасня 1907 года, паходзіў са Стаўпеччыны. Скончыў Віленскі ўніверсітэт. З восені 1939 года працаваў дырэктарам Дзярэчынскай школы ў Зельвенскім раёне, потым пераехаў у Слонім.
У восені 1941 году арганізаваў у Слоніме 4-класную беларускую прагімназію для амаль 100 вучняў. Быў яе дырэктарам, выкладаў гісторыю Беларусі. Пэўны час працаваў Слонімскім акруговым школьным інспектарам, “вельмі любіў сваю працу, сваіх вучняў, сваю гісторыю”.
З траўня 1943 году актыўна заняўся арганізацыяй Саюзу беларускай моладзі ў Слонімскай акрузе. У чэрвені 1943 ён скончыў курс вышэйшых кіраўнікоў СБМ, а ў ліпені 1943 прызначаны кіраўніком Слонімскай акруговай арганізацыі СБМ. Супрацоўнічаў з часопісам для кіраўнікоў моладзі СБМ «Жыве Беларусь!». За сваю беларускую дзейнасць атрымліваў пагрозы з боку мясцовых палякаў. Працаваў у Беларускай народнай самапомачы, быў удзельнікам II Усебеларускага Кангрэсу 27 чэрвеня 1944 году.
У ліпені 1944 года выехаў у горад Бад-Заўльгаў у Нямеччыне. У 1947 годзе перабраўся ў Вялікабрытанію, жыў у Лондане. 1 верасня 1947 годзе стаў сябрам Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі (ЗБВБ), але за падтрымку апазіцыі быў пазбаўлены сяброўства. Быў актыўным аўтарам часопісу “Беларус на чужыне” (пісаў пад псеўданімамі Старшы Праваднік, Ст. Праваднік ці Ст.П.).
15 сакавіка 1948 года ўвайшоў у Часовую ўправу Хрысціянскага аб’яднання беларускіх работнікаў Велікабрытаніі (ХАБР), якое арыентавалася на прыхільнікаў Беларускай цэнтральнай рады (БЦР) і напачатку канкуравала з ЗБВБ. Займаў пасаду віцэ-старшыні. Таксама уваходзіў у рэдакцыю часопіса ХАБР “Аб’еднаньне”.
26 снежня 1948 года на І З’ездзе ХАБР быў абраны старшынём Галоўнай управы арганізацыі, неаднаразова пераабіраўся. Агулам быў старшынём у 1948–1950 і 1954–1966 гады. Галоўнымі задачамі ХАБР былі дапамога чальцам у сацыяльнай і прафесійнай адаптацыі, культурна-асветная праца сярод беларускіх эмігрантаў, павышэнне іх нацыянальнай свядомасці, захаванне «дэмакратычна хрысціянскіх прынцыпаў у беларускім грамадскім жыцці на чужыне». Арганізацыя мела акруговыя цэнтры ў Ланкашыры, Ёркшыры і Лондане, займалася стварэннем касы самапомачы, дабрачыннымі акцыямі на карысць дзяцей, падтрымкай скаўтынгу, арганізацыяй спартовых мерапрыемстваў, урачыстасцей і святкаванняў, арганізацыяй сумесна з ЗБВБ суботняй школы для беларускіх дзяцей, зборам архіву беларускай дыяспары. У 1960-я гады ў арганізацыі адбыўся раскол, і неўзабаве яна знікла.
У 1948–1953 гадах таксама быў кіраўніком Прадстаўніцтва БЦР у Велікабрытаніі. У 1960–1980-я гады ўдзельнічаў у жыцці лонданскай праваслаўнай парафіі Святой Еўфрасінні Полацкай у складзе Канстанцінопальскага Патрыярхату.
Працаваў кухарам у польскім рэстаране ці меў свой уласны рэстаран. Пры канцы жыцця быў паралізаваны. Памёр у Лондане ў снежні 1998 года.
Максім Гацак