Чатыры гады таму памёр Мікола Крукоўскі
Мікалай Крукоўскі – прафесар, доктар навук, у 1994-1999 гадах старшыня Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Партыі.
Крукоўскі Мікалай Ігнатавіч нарадзіўся 16 лістапада 1923 г. у сялянскай сям’і у вёсцы Машкова Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Рэспублікі Беларусь. Да 1938 г. з сям’ёй жыў на вёсцы (да 1929 г. у Машкове, затым на хутары Карабіна Машкоўскага сельсавета (цяпер знішчаны)), дзе бацькі атрымалі зямельны надзел згодна вядомай прышчэпаўскай рэформе.
У 1938 г. сям’я пераехала ў г. Воршу, дзе ў 1940 г. скончыў 2-ю сярэднюю школу. У 1940 паступіў на І курс Віцебскага Ветэрынарнага інстытута, адкуль у верасні 1941 г. добраахвотнікам пайшоў на фронт 2-й сусветнай вайны.
У кастрычніку 1941 г. трапіў у акружэнне ў Вяземскім катле і пасля трох няўдалых спроб вырвацца адтуль аказаўся ў палоне. Збег з палону, вярнуўся ў Воршу, дзе ў 1942 г. звязаўся з партызанамі брыгады Заслонава, куды і прыйшоў, заняўшы пасаду камандзіра аддзялення, а пазней начальніка штаба атрада. У сакавіку 1943 г. быў назначаны на пасаду камандзіра аддзялення, а пазней начальніка штаба атрада “Малады Бальшавік” заслонаўскай партызанскай брыгады.
5 снежня 1943 г. быў цяжка паранены ў баі і 20 красавіка самалётам перапраўлены на лячэнне ў савецкі тыл. Куля прашыла яму кісць левай рукі, пашкодзіўшы сухажылле, і таму ён мусіў канчаткова развітацца з думкамі пра прафесійны занятак музыкай.
Пасля шпіталю як былы палонны некаторы час сядзеў у спецлагеры НКВД № 140 у г. Калініне з прычыны так званай госспецправеркі, пасля чаго праз некаторы час вярнуўся ў Воршу.
У 1945 г. паступіў на І курс філалагічнага факультэта Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта, які і закончыў з купалаўскай стыпендыяй і чырвоным дыпломам у 1950 г. У тым жа годзе быў залічаны ў Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук БССР у якасці малодшага навуковага супрацоўніка, дзе ў 1956 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па лінгвістыцы і выдаў манаграфію “Рускі лексічны ўплыў на сучасную беларускую літаратурную мову”.
Аднак, прапанаваная дырэкцыяй Інстытута тэма доктарскай дысертацыі па праблеме ўзаемадзеяння блізкароднасных моў у абставінах развітога сацыялізму глыбока не задавальняла Крукоўскага з-за яе празмерна палітызаванай накіраванасці, і ён пачаў інтэнсіўна займацца эстэтыкай і філасофіяй. У 1963 годзе перайшоў на працу ў БДУ на кафедру гісторыі філасофіі, логікі і эстэтыкі, дзе чытаў курсы па эстэтыцы, сацыялогіі мастацтва і тэорыі мастацкай культуры.
У 1965 г. выдаў манаграфію “Логіка прыгажосці”, дзе на аснове гегелеўскай метадалогіі прапаноўвалася новая па тых часах сістэма асноўных эстэтычных катэгорый, падрабязна разглядалася эстэтыка прыроды і ўпершыню ў савецкай навуцы распрацоўвалася эстэтыка чалавека як дыялектычнага адзінства духоўнай і фізічнай яго прыгажосці. Там жа была вылучана зусім новая для савецкай эстэтыкі канцэпцыя развіцця мастацтва як гісторыі мастацкіх стыляў, цесна звязаных з той жа сістэмай асноўных эстэтычных катэгорый. Але доктарскую дысератацыю на гэтую тэму яму ўдалося абараніць толькі ў 1982 г.
У тыя ж часы былі напісаныя яшчэ тры манаграфіі па эстэтыцы, якія ўпарта замоўчваліся ў СССР, але знайшлі добры водгук за мяжой, а кніга “Чалавек прыгожы” была перакладзена на кітайскую мову і выдадзена ў Пекіне.
У 1994 г. за чытанне лекцый на беларускай мове быў звольнены з БДУ і адпраўлены на пенсію. Пазней, аднак, быў запрошаны на работу ў Беларускі Інтытут культуры на пасаду прафесара кафедры філасофіі, дзе напісаў яшчэ дзве манаграфіі: “Філасофія культуры (уводзіны ў тэарэтычную культуралогію)” і “Бляск і трагедыя ідэалу”. За гэтыя часы апублікаваў каля 150 артыкулаў на навуковыя і грамадскія тэмы.
У 90-я гады ХХ ст. Мікалай Крукоўскі становіцца заўважнай фігурай на канферэнцыях, семінарах нацыянальна-дэмакратычнага руху, які ўзначальваў Беларускі народны фронт (БНФ). З самага дня заснавання з’яўляўся сябрам сойму Руху і партыі Беларускага народнага Фронту (БНФ), а пасля раздзялення – партыі, якую ўзначаліў Зянон Пазьняк – Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ.
З 1991 года (з дня заснавання партыі) уваходзіць у склад Праўлення Беларускай Хрысціянска-дэмакратычнай Злучнасці (БХДЗ). У 1994 годзе М.Крукоўскі прыняў удзел у реаргаганізацыі партыі Беларуская Хрысціянска-дэмакратычная Злучнасць. 4 снежня 1994 г адбылася Устаноўчая канферэнцыя Беларуской хрысціянска-дэмакратычнай партыі. У Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь партыя была зарэгістравана 21 сакавіка 1995 года. Устаноўчая канферэнцыя прыняла Праграму і Cтатут БХДП, над якімі шчыльна працаваў М.Крукоўскі. Ён быў абраны старшынёй партыі.
Мікалай Крукоўскі сфармуляваў асноўныя палажэнні беларускай хрысціянскай дэмакратыі. У артыкуле «Вера, надзея, любоў і хрысціянская дэмакратыя», напісанай яшчэ ў 1993 годзе, ён кажа: «Хрысціянская дэмакратыя і палітычныя арганізацыі і супольнасці, якія стаяць на яе пазіцыях, не з’яўляюцца канфесійна-рэлігійнымі і тым больш клерыкальныя-царкоўнымі арганізацыямі. Яна толькі абапіраецца на асноўныя маральныя прынцыпы, выкладзеныя некалі ў Евангеллі, якія ляглі ў падмурак ўсёй еўрапейскай культуры».
Ён апярэджваў эпоху мінімум на некалькі дзесяцігоддзяў. У сваіх артыкулах, выказваючыся аб статусе беларускіх кіраўнікоў, ён раскрывае сэнс евангельскага выслоўя «Ўсякая ўлада ад Бога»: “Не страх перад гвалтам, а маральны аўтарытэт – вось асноўная сіла і моц хрысціянска-дэмакратычнай дзяржавы. Улада, як эталон маральнасці – вось сэнс выслоўя”.
Памёр прафесар М.Крукоўскі 30 верасня 2013 года, не дажыўшы паўтара месяца да свайго 90-годдзя.
Анатоль Астапенка