Праграма БХД. Прыватызацыя

14 кастрычніка 2017 12:59  |  Эканоміка

Праграма БХД. Прыватызацыя

 

9.10.1. БХД выступае за адкрытую, паслядоўную і прадуманую прыватызацыю дзяржаўнай уласнасці ад дробнага да буйнага пры захаванні прынцыпа прывілеяванага ўдзелу ў ёй грамадзян Беларусі. Прыватызацыя дзяржаўнай уласнасці заклікана засцерагчы грамадзян Рэспублікі Беларусь ад эканамічнай неабароненасці і беднасці. Працэдура прыватызацыі і далейшае кіраванне актывамі павінна насіць абсалютна празрысты характар. Прыватызацыя дзяржаўнай уласнасці павінна ажыццяўляцца на прынцыпах справядлівасці і роўнай даступнасці для грамадзян Беларусі.

9.10.2. БХД выступае за паступовае ўцягванне ў абарот часткі зямельных рэсурсаў. Правы валодання зямельнымі надзеламі павінны быць дадзеныя бязвыплатна ўсім грамадзянам Рэспублікі Беларусь, пры гэтым памер надзела павінен залежаць ад месцазнаходжання ўчастка. За плату грамадзяне Беларусі павінны мець магчымасць купляць зямлю на свабодных аўкцыёнах. Грамадзяне замежных дзяржаў павінны мець права атрымліваць зямлю ў арэнду на спецыяльных аўкцыёнах.

9.10.3. БХД прапануе адкрыты, паслядоўны і абдуманы пераход сельскай гаспадаркі ў рукі эфектыўных уласнікаў. У бліжэйшай будучыні павінна захавацца існуючая практычна ва ўсіх развітых краінах датацыйнасць сельскай гаспадаркі, якая, аднак, не павінна заахвочваць неэфектыўных сельскагаспадарчых вытворцаў.

9.10.4. У эканамічнай сферы дзяржава павінна канцэнтраваць свой удзел на развіцці важнейшых сектараў эканомікі, якія маюць стратэгічнае значэнне. Гэта, у першую чаргу, навука, інавацыі, высокія тэхналогіі, развіццё інфраструктуры, траспартныя і транзітныя магчымасці.

9.10.5. БХД выступае за больш хуткае ўступленне Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА). Гэта ў найбольшай меры дасць магчымасць атрымаць адкрытай эканоміцы Беларусі выгады ад міжнароднага гандлю і міжнароднага падзелу працы.

 

9.10.6. Найлепшай асновай сацыяльнай палітыкі дзяржавы з’яўляецца эфектыўна працуючая эканоміка. У сучасным свеце краіны з такімі эканомікамі маюць і найбольш развітыя сістэмы сацыяльнай абароны.

З Праграмы Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай у Менску 13 чэрвеня 2015 года

Болей навін