Праграма БХД. Сацыяльная абарона
10.1. Сацыяльная палітыка БХД
10.1.1. Сацыяльная палітыка БХД накіравана на паляпшэнне жыццёвых шанцаў людзей і ўзмацненне салідарнасці, справядлівасці, адказнасці і спагады ў грамадстве. Спалучэнне асабістай адказнасці, дзяржаўных паслуг і грамадзянскай актыўнасці з’яўляецца неабходным для гарантавання сацыяльнай бяспекі.
10.1.2. Падчас фармавання сістэм сацыяльнай абароны мы павінны арыентавацца на тры прынцыпы: яны павінны замацоўваць прынцып асабістай адказнасці, адпавядаць прынцыпу салідарнасці пакаленняў і не парушаць прынцып справядлівасці паслуг. Сістэмы сацыяльнага страхавання павінны ўлічваць розныя патрэбы, жыццёвыя сітуацыі і этапы жыцця чалавека.
10.1.3. Мы выступаем за ўзмацненне празрыстасці, эфектыўнасці, канкурэнцыі, дэцэнтралізацыі і прынцыпу субсідыярнасці ва ўсіх сістэмах сацыяльнага страхавання.
10.1.4. Фінансавай базай сацыяльнай абароны БХД бачыць адмысловыя пазабюджэтныя дзяржаўныя фонды – Пенсійны фонд, Фонд сацыяльнага страхавання на выпадак часовай непрацаздольнасці, мацярынства і няшчасных выпадкаў, Дзяржаўны фонд медыцынскага страхавання і рэгіянальныя фонды абавязковага медыцынскага страхавання.
10.1.5. Рашэнне задач сацыяльнага забеспячэння і медыцынскага абслугоўвання павінна быць максімальна набліжана да жыхароў краіны. БХД лічыць неабходным павялічыць ролю мясцовых самакіраванняў і прафсаюзаў у пытаннях сацыяльнага забеспячэння, а ў пытаннях аховы здароўя – рэгіянальнай адміністрацыі і самакіравання.
З Праграмы Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай у Менску 13 чэрвеня 2015 года