Праграма БХД. Пенсійная сістэма

02 лістапада 2017 13:42  |  Грамадства

Праграма БХД. Пенсійная сістэма

 

10.2.1. Існуючая ў Беларусі пенсійная сістэма вычарпала сябе і ўжо зараз не можа забяспечваць годнага існавання грамадзян пенсійнага ўзросту. Дэмаграфічны крызіс і старэнне насельніцтва, якія няўхільна прагрэсуюць у Беларусі, абумоўліваюць адыход ад аднаўзроўневай размеркавальнай пенсійнай сістэмы.

10.2.2. БХД бачыць паляпшэнне ўзроўню жыцця грамадзян пенсійнага ўзросту і непрацаздольных грамадзян за кошт спалучэння абавязковага і дадатковага добраахвотнага пенсійнага страхавання, размеркавальных і накапляльных механізмаў фінансавання.

10.2.3. Найлепшым для Беларусі шляхам па ўдасканаленню пенсійнай сістэмы з’яўляецца ўвядзенне трохузроўневай сістэмы. Яна спалучае, з аднаго боку, салідарнасць пакаленняў, а з другога – асабістую зацікаўленасць кожнага чалавека ў забеспячэнні сваёй будучыні.

10.2.4. Першы ўзровень пенсійнай сістэмы складаюць сацыяльныя пенсіі, другі – працоўныя (страхавыя) і трэці – дадатковыя недзяржаўныя пенсіі.

10.2.5. Сацыяльныя пенсіі гарантуюцца дзяржавай. Сродкі на першую ступень паступаюць у выглядзе адмысловых унёскаў наймальнікаў і прадпрымальнікаў у дзяржаўны Пенсійны фонд. Памер гэтай часткі пенсіі адпавядае пражытковаму мінімуму альбо пэўнай частцы ад сярэдняга заробку па краіне.

10.2.6. Другая ступень уяўляе накапляльную сістэму, якая прадугледжвае персанальныя рахункі ў Накапляльным фондзе як частцы дзяржаўнага Пенсійнага фонду. Выплаты ў Накапляльны фонд паступаюць як ад дзяржавы, так і прыватных асоб. Накапляльны фонд скіроўвае свае сродкі ў каштоўныя паперы і іншыя фінансавыя інструменты для атрымання прыбытку. Прыбыткі Фонда накіроўваюцца на выплату другой накапляльнай часткі пенсіі. Пасля смерці пенсіянера рэшту яго назапашванняў у Накапляльным фондзе атрымліваюць яго спадкаемцы. Накапляльны фонд уключае ў сябе таксама прафесійнае пенсійнае страхаванне асобных катэгорыяў работнікаў.

10.2.7. Трэці ўзровень уяўляе сабой дадатковую і дабраахвотную частку пенсійнай сістэмы. Грамадзяне могуць ствараць дадатковыя накапленні для сваёй будучай пенсіі, робячы ўнёскі ў прыватныя пенсійныя фонды. Грашовыя сумы, сплочваемыя ў прыватныя фонды, інвестуюцца ў каштоўныя паперы, акцыі і іншыя інвестыцыйныя праекты. У выніку, заробленыя дывідэнты могуць павялічваць выплочваемыя сумы пенсійнага фонду.

10.2.8. Сацыяльныя віды пенсіяў па інваліднасці, па дагляду, па адсутнасці карміцеля павінны адпавядаць памеру пражытковага мінімуму па краіне.

10.2.9. Пенсійная рэформа праводзіцца адначасова з рэформамі ў іншых сферах эканомікі. Неабходным з’яўляецца забеспячэнне стабільнасці нацыянальнай валюты і нізкага ўзроўню інфляцыі, стварэнне развітага ўнутранага фінансавага рынку і фармаванне інстытуцыйнай базы сістэмы назапашвання, а менавіта кіруючых кампаніяў, дэпазітарыяў, кантралюючых і наглядных органаў.

10.2.10. Сённяшнія пенсіянеры зрабілі вялікі ўнёсак у стварэнне нацыянальнага багацця нашай краіны. Яны не могуць быць пазбаўлены магчымасці атрымання сваёй долі ў размеркаванні прыбыткаў ад прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці.

З Праграмы Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай у Менску 13 чэрвеня 2015 года

Болей навін