Праграма БХД. Страхаванне па часовай непрацаздольнасці, мацярынству і няшчасных выпадках
10.6.1. Сродкі на страхаванне па часовай непрацаздольнасці, мацярынству і няшчасных выпадках павінны акумулявацца ў пазабюджэтным Фондзе сацыяльнага страхавання Рэспублікі Беларусь (ФСС). ФСС бачыцца як самастойная дзяржаўная фінансава-крэдытная установа. Каардынацыя дзейнасці ФСС павінна ажыццяўляцца Міністэрствам аховы здароўя і сацыяльнага развіцця Рэспублікі Беларусь з ўдзелам агульнабеларускіх аб’яднанняў прафсаюзаў і мясцовых самакіраванняў.
10.6.2. У разглядзе спраў і размеркаванні сацыяльнай дапамогі на нізавым узроўні павінны актыўна ўдзельнічаць муніцыпальныя камісіі з прадстаўнікоў мясцовых самакіраванняў і грамадскіх арганізацыяў. Прафесійныя саюзы павінны кантраляваць выдаткі і ўдзельнічаць у фармаванні сацыяльнай палітыкі па санаторна-курортнаму лячэнню і аздараўленню дарослага насельніцтва і дзяцей.
10.6.3. БХД лічыць неабходным узмацненне высілкаў дзяржавы па падтрымцы сям’і ў межах адмысловай дзяржаўнай праграмы “Сямейны капітал” (больш падрабязна пра сямейны капітал гл. у раздзеле “Моцная сям’я – моцная Беларусь”).
10.6.4. Дапамога па даглядзе за дзецьмі павінна даваць магчымасць і жанчынам, і мужчынам сумяшчаць працоўнае жыццё з сямейным. Тэрмін выплаты дапамогі можа дзяліцца паміж абодвума бацькамі пароўну.
10.6.5. Страхаванне па беспрацоўі з’яўляецца салідарным страхаваннем. Дапамога па беспрацоўі павінна забяспечваць годнае існаванне грамадзяніна на тэрмін, які неабходны для пошуку працы. Працягласць атрымання дапамогі па беспрацоўю павінна залежыць ад працягласці выплаты ўнёскаў работніка і ў працэнтных суадносінах гарантаваць атрыманне дастаткова высокай часткі яго прыбыткаў ад папярэдняй занятасці.
10.6.6. Палітыка дзяржавы ў адносінах да страхавання ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці павінна стымуляваць працадаўцаў да паляпшэння ўмоў працы і прафілактыкі траўматызму.