Вольга Кавалькова: я ведаю, як зэканоміць $ 8,7 мільёнаў даляраў і правесці сумленныя выбары
Бюджэт выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання, якія адбудуцца ў Беларусі ў лютым 2018 года, складзе каля 10,5 млн даляраў. З іх каля 8,7 млн складзе заработная плата членаў камісій, заявіла 14 лістапада кіраўнік ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына.
Адзін іх лідараў хрысціянскіх дэмакратаў, рэгіянальны каардынатар кампаніі «Права выбару» Вольга Кавалькова прапануе зэканоміць 8,7 млн даляраў і накіраваць іх на ахову здароўя.
«Нам кажуць, што няма грошай на новыя паліклінікі, рамонт бальніц, лекі і абсталяванне. Ужо які год у Оршы не могуць дабудаваць бальніцу, у мікрараёне Білева ў Віцебску тысячы людзей вымушаныя губляць гадзіны свайго жыцця і здароўе ў дарозе і ў чэргах. За гады незалежнасці мы шмат разоў «абіралі» Менгарсавет, і за гэты час за нашы грошы пабудавалі Палац незалежнасці і нават спецбальніцу для чыноўнікаў, а грошай на дзіцячую паліклініку ў Шабанах так і не знайшлося», – адзначыла яна.
«Для эканоміі сродкаў мы прапануем сфармаваць выбарчыя камісіі з членаў БХД і каманд кандыдатаў, Правацэнтрысцкай кааліцыі, іншых дэмакратычны арганізацый і неабыякавых грамадзян краіны. Нашы актывісты гатовыя забяспечыць правядзенне сумленных і свабодных выбараў на валанцёрскіх пачатках. Мы запрашаем усіх грамадзян, якія гатовыя стаць сябрамі камісій звяртацца на мэйл [email protected]», – заявіла Вольга Кавалькова.