Пах бяды

04 снежня 2017 11:19  |  Блог Таццяны Севярынец

Пах бяды

 

Я ведаю, як пахне бяда. Адна з тых, што могуць здарыцца з чалавекам, ягоным домам. Паленым дрэвам, саломай, нечым яшчэ жудасным, уедлівым, пах гэты не разыходзіцца з вуліцы Савецкай у Бешанковічах, дзе згарэў дом нашых сяброў, Валодзі і Аляксандры Рамановічаў. Пяць гадоў працы над марай-экадомам з саломы. А згарэў за колькі начных гадзін. Прычына невядомая. Міліцыя і пажарнікі яшчэ з гэтым не вызначыліся.

Дом быў ужо падведзены. Двухпавярховы, незвычайны, ён выклікаў у суседзяў і дзівацтва, і цікаўнасць. Каго і раздражняў, а каго прывабліваў цяплом і вольным уваходам, бо маладыя гаспадары даверліва і адкрыта не абгарадзілі яго плотам, не абматалі якім дротам пад токам.

Мы прыехалі ў нядзелю на невялікую талаку, каб дапамагчы разабраць рэшткі, ачысціць пляцоўку для ўзнаўлення будоўлі. Ацалелыя дошкі ці тыя, што толькі пафарбаваў агонь – у адзін кут, згарэлыя ўшчэнт – у другі. Дзе трапляліся скрэпы, добрыя цвікі – па-гаспадарску ачышчаў Валодзя. Яшчэ саслужаць службу, бо бяда не зламала, не скарыла.

І з-за таго так хацелася хутчэй разабраць той страшны шкілет нечыяй подласці, зайздрасці ці проста неахайнасці. Расчысцілі пляцоўку перад домам – ёсць магчымасць падагнаць тэхніку, разабралі што магчыма ўнутры. Прыйшла гаспадынька, прынесла гарбаткі з печывам, ледзь утрымлівае дзетак, каб не лезлі ў бруд і небяспеку. Малыя ведаюць, што згарэў ІХ дом, здагадваюцца, што бяду ім прынёс нейкі вораг. Пра тое распавядаюць. Але спакойна і прыстойна, як і іх маладыя бацькі, прыгожыя, сапраўдныя, упартыя.

Пах гэтай бяды развеецца.

З нас ніхто не застрахаваны ад бед, іх зашмат вакол нас. Нават калі вы не будуеце экадом з саломы.

Пройдзе час, і мара Рамановічаў здзейсніцца.

А ў кожнага з нас ёсць магчымасць паспрыяць, каб гэта здарылася хутчэй. Штонядзельна можна прыехаць і стаць крыху лепей. Тэлефоны Рамановічаў: Валодзя+375256486011; Аляксандра +375292937160

 

Таццяна Севярынец

 

Пах бяды
Пах бяды
Пах бяды
Пах бяды
Пах бяды
Пах бяды
Пах бяды
Пах бяды 

Болей навін