43 гады таму памёр Янка Шутовіч

09 снежня 2017 02:43  |  Грамадства

43 гады таму памёр Янка Шутовіч

 

Шутовіч Янка (1904–1973) – беларускі грамадска-культурны дзеяч, выдавец, літаратуразнаўца, магістр права (пляменнік кс. Віктара Шутовіча). Сябра ЦК БХД. Скарбнік Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.

Нарадзіўся Янка Шутовіч ў сялянскай сям’і Ядвігі і Юзэфа Шутовічаў у вёсцы Шутавічы Ашмянскага павета (зараз Смаргонскі раён Гарадзенскай вобласці).

Пачатковую адукацыю атрымаў у в. Сукневічы, дзе ў 1915 г. скончыў 4-ох класную расейскую школу. З-за  першай сусветнай вайны быў вымушаны перарваць навучанне да 1918 году. У 1918-1919 гг. вучыўся ў рускай народнай школе ў Глыбокім у 2-ім класе. Увосень 1919 г. паступіў ў 4-ы клас Віленскай беларускай гімназіі. Па яе заканчэнні ў 1924 г., адчуваючы пакліканне да духоўнага сану, паступіў у Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю, у якой у 1925 г. здаў экзамены за сярэднюю школу, неабходныя для працягвання далейшага навучання ў навучальных установах гуманітарнага тыпу. Невядома па якіх прычынах у хуткім часе пакінуў семінарыю і паступіў на юрыдычны факультэт Універсітэта Сцяпана Баторыя ў Вільні, які скончыў у 1934 годзе з дыпломам магістра права.

Пачаў друкавацца ў 1927 годзе. З 1928 г. — у розныя гады рэдактар часопісаў «Студэнцкая думка», «Калосьсе», «Шлях моладзі». Пісаў гістарычныя і літаратуразнаўчыя артыкулы, напрыклад, даследванне пра паэта ХІХ ст. Адама Гурыновіча. З 1933 па 1939 гг. рэдактар часопіса “Калосьсе”, дзе друкавалася большасць заходнебеларускіх пісьменнікаў і паэтаў.

Cябра ЦК БХД і скарбнік партыі з 1927 году і да другой паловы 1930-ых.

За актыўную дзейнасць у справе беларускага нацыянальнага адраджэння напачатку 1939 году арыштаваны польскімі ўладамі. Зняволены ў лагеры Бяроза-Картузская. Вызвалены ў верасні 1939 году савецкімі войскамі.

У 1941 годзе прызначаны дырэктарам Віленскага беларускага музею. У той час музей знаходзіўся ў сістэме Літоўскай Акадэміі Навук, пасля быў выдзелены ў асобную самастойную адзінку, падпарадкаваную непасрэдна Дэпартаменту навукі і мастацтва. Штатных было 4 супрацоўнікі і яшчэ некалькі працавала ў якасці няштатных. У той час вялася работа па стварэнні новых інвентарных кніг, парадкаванню экспанатаў, хаця час быў цяжкі і неспрыяльны – ішла вайна. У 1945 г. музей быў зачынены.  Янка Шутовіч напісаў грунтоўную манаграфію, прысвечаную 50-годдзю яго дзейнасці (да гэтага часу не апублікаваная).

Арыштаваны органамі НКДБ 19 лістапада 1944 году і прысуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі. Вызвалены з лагеру 28 жніўня 1954 году. Да 10 красавіка 1956 — у высылцы ў Карагандзе і Сарані (Карагандзінская вобл.). У 1958 годзе рэабілітаваны.

Пасля высылкі вярнуўся ў Вільню. Уладкаваўся начным вартаўніком у Дзяржаўнай карціннай галерэі, якая тады знаходзілася ў будынку Катэдральнага касцёла. Яго жонка, літоўская паэтэса Она Міцюце, дачакалася вяртання мужа з лагераў, разам з Янкам выдала некалькі зборнічкаў вершаў.

 Быў пазаштатным карэспандэнтам часопіса Саюза пісьменнікаў БССР «Полымя».

 Памёр 9 снежня 1974 г. у Вільні. Пахаваны на могілках у Павілюнсе.

 

 

 Алесь Адамковіч

Болей навін