Алена Янушкоўская: з нашымі людзьмі можна горы звярнуць, калі вярнуць ім надзею і веру
Прамоўца Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Алена Янушкоўская, якая балатуецца па Віцебскай раённай і Заронаўскай сельскай акругах, распавяла пра прычыны, якія падштурхнулі яе да ўдзелу ў мясцовай кампаніі, і падзялілася першым досведам збору подпісаў у сваю падтрымку:
“Яшчэ задоўга да выбараў аднавяскоўцы раілі мне ісці ў дэпутаты. Не думала, разважала – не маё! Але, узважыўшы, вырашыла: а чаму не? Я і так на сябе ўзваліла грамадскую працу. Бывае цяжка дамагчыся якога прыёму ў чыноўніка, каб данесці да яго праблемы вёскі, а калі стану дэпутатам, то і магчымасцяў у мяне паболее, каб адстойваць правы аднавяскоўцаў і вырашаць нашыя агульныя праблемы: недахоп вады, дрэнныя дарогі, падтапленне…
Настрой быў не вельмі добры, калі падышоў час збіраць подпісы. Напярэдадні вясковае начальства прайшлося па дамах з казкамі, дзе галоўнай гераіняй была я. Аказваецца, гэта амерыканцы далі мне заданне збіраць подпісы за вырашэнне мясцовых праблем, і даляры цякуць да мяне ў кішэню ракой, і ў партыі забароненай(!) я, і проста монстр, які прываблівае людзей у свае сеткі. А людзі мне тэлефанавалі пасля і распавядалі тыя казкі.
А ўжо пікет шуму нарабіў! Для Суйкава гэта, канешне, падзея! Пасля яго я нават не спадзявалася на нейкі станоўчы вынік, бо добра ведаю запалоханасць і залежнасць нашых людзей. У першы дом захадзіла з сумневам. А насустрач – сусед. Пачуўшы, што збіраем подпісы за кандыдата, адмахнуўся, бо, маўляў, дэпутаты нічога не робяць і крочыў далей. Але, пачуўшы, што вылучаюся я, вярнуўся і падпісаўся, а пашпарты свае людзі не носяць, хаваюць далёка. Подпіс жа без пашпарта нядзейсны. Сусед двойчы, пакуль не заспеў дома, прыходзіў да мяне са сваім пашпартам, каб толькі подпіс засведчыць.
У кожным доме сустракалі як самага дарагога госця, ахвотна вымалі з запаветных месцаў пашпарты, здзіўляліся, што ніколі іх пашпарты не былі патрэбнымі іншым кандыдатам, вылучэнцам-прызначэнцам… Паўсюль прапанавалі гарбатку, каву, нават спрабавалі пачаставаць абедам. Падпісаліся амаль усе, нават тыя, на каго аніяк не спадзявалася, хто, лічыла, з кампаніі таго начальства-казачніка. Толькі тыя, хто працуе, а ў нас на вёсцы такіх па пальцах пералічыць, з-за страху быць звольненымі ветліва адмаўлялі і выбачаліся. Я не настойвала, бо добра разумею сваіх землякоў. Балюча.
Але агульнае стаўлянне іх такую дало падтрымку, такі пазітыўны настрой стварыла, што я веру: з нашымі людзьмі можна горы звярнуць. Галоўнае, вярнуць ім надзею і веру. Народ не падманеш пустымі абяцанкамі, асабліва і не настрашыш. Людзі разумеюць, хто ім сапраўды дапамагае тут і зараз. Яны бачаць, што сённяшняя ўлада давяла іх да жабрацтва. Людзі вераць мне, а я веру ў іх і вельмі ўдзячна за падтрымку”.