Віталь Рымашэўскі: рэзалюцыі па Беларусі пішуць не ў Бруселі, іх пішуць правацэнтрысты
Правацэнтрысцкая кааліцыя прынцыпова адрозніваецца ад іншых спробаў аб’яднання беларускай апазіцыі. Пра гэта 23 снежня на з’ездзе Беларускай хрысціянскай дэмакратыі заявіў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
Ён адзначыў, што за два гады існавання кааліцыі атрымалася стварыць супольны спіс для ўдзелу ў мясцовай кампаніі, праводзіць супольную працу ў рэгіёнах, супольныя акцыі і кампаніі, супольную міжнародную працу. Паводле яго, дзякуючы кааліцыйнай супрацы ў першы раз прадстаўнікі ўладаў і апазіцыі сабраліся за адным сталом за абмеркаваннем праблем: дэалкагалізацыі, асуджаных па артыкуле 328 КК і іншых, і цяпер “іх рэтранслююць нават тыя, хто з’яўляецца апанентамі апазіцыі”.
“Голас хрысціянскіх дэмакратаў і дэмакратычных сілаў так моцна чуваць у Еўропе менавіта таму, што мы працуем разам”, – адзначыў сустаршыня БХД.
Ён падкрэсліў, што хаця ў ЕС чуваць галасы за некрытычную супрацу з Беларуссю, “для Еўрапейскай народнай партыі, якая кіруе ЕС, гэта не так”. “БХД прадстаўляе Беларусь у Еўранесце, Еўрапарламенце, АБСЕ, ПАСЕ, куды так цяжка прабіцца прадстаўнікам уладаў – там наш голас гучыць дзеля Беларусі”, – сказаў Віталь Рымашэўскі, вызначыўшы тры прынцыпы, на якіх у міжнароднай палітыцы настойвае БХД: Беларусь – еўрапейская краіна, міжнародны парадак дня павінен фармавацца ў Беларусі і міжнародная салідарнасць дзеля абароны дэмакратыі.
“БХД – адзіная незарэгістраваная партыя, якая стала сябрам Еўрапейскай народнай партыі. Гэта ганьба беларускаму Мінюсту і гонар хрысціянскім дэмакратам. Нас прымалі адзінагалосна. Уся зала ўстала і апладавала. Гэта і прызнанне першых хрысціянскіх дэмакратаў, якія загінулі за Беларусь”, – дадаў ён.
“Дзякуючы гэтаму, рэзалюцыі па Беларусі пішуцца не ў Бруселі, а ў Беларусі намі з сябрамі па правацэнтрысцкай кааліцыі. Міжнародную салідарнасць выкарыстоўваем, каб бараніць Беларусь”, – заявіў Віталь Рымашэўскі, нагадаўшы, што пасля заяваў ЕНП быў вызвалены Аляксей Мілюкоў, да Паўла Севярынца ў зняволенні пускалі адваката.
Сустаршыня БХД адзначыў, што мэтай Правацэнтрысцкай кааліцыі з’яўляецца вылучэнне вылучэнне адзінага кандыдата ў 2020 года і атрыманне перамогі. Таксама кааліцыя працуе над стварэннем усходнееўрапейскай кааліцыі ідэйна блізкіх партый, каб супрацьстаяць Расеі і абараняць незалежнасць.
Сустаршыня БХД Павел Севярынец у сваёй прамове распавёў пра вынікі святкавання 100-годдзя Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, інфармацыйнай працы, удзелу прадстаўнікоў БХД у масавых пратэстах, перадусім у акцыях недармаедаў, калі хадэкі далучаліся, а то і ўзначальвалі мітынгі ў гарадах, дзе яны праходзілі. “Беларусы, паказалі што мы ўмеем адстойваць свае правы. І дэкрэт фактычна быў адкручаны”, – падкрэсліў ён.
Таксама ён адзначыў, што за мінулы з апошняга з’езду час у рэгіёнах Беларусі з’явіліся новыя сілы і новыя каманды, новыя кіраўнікі ўзначалілі БХД у Гомелі і Берасці, новыя суполкі ўзніклі ў Ашмянах, Іказні, Івянцы, Крычаве, Гудагаі, Лынтупах, Друі, Івацэвічах і іншых мястэчках.
“Партыя пайшла ў глыб, але гэта выявіла і праблемы росту арганізацыі. Даводзіцца ўсё больш разлічваць на свае сілы”, – сказаў ён.
Сустаршыня Георгій Дзмітрук звярнуў увагу на цяжкую эканамічную сітуацыю ў Беларусі, якую абцяжарвае яшчэ і карупцыя. Паводле яго, улады, замест таго, каб абараніць інтарэсы малога бізнэсу, абараняюць «буйнЫх і бУйных інвестараў», а заробак у 500 даляраў беларусам свеціць хіба толькі ў зімбабвійскіх. “У судах грамадзянін не можа даказаць невінаватасць. Апраўдальныя прысуды – рэдкасць”, – падкрэсліў ён, назваўшы адсутнасць справядлівых судоў прыкметай бязбожнасці.
“Беднасць насельніцтва, татальная карупцыя і адсутнасць справядлівасці – наша рэчаіснасць. І з гэтым трэба змагацца”, – дадаў Георгій Дзмітрук.
Таксама ён нагадаў, што 100-годдзе БХД супала з 500-годдзем Бібліі Скарыны. “Духоўны подзвіг з’яўляецца актуальным у сучаснай беларускай гісторыі. Мы адказныя за тое, каб хрысціянскія каштоўнасці былі запатрабаваныя ў нашым грамадстве”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.
“Мы захоўваем хрысціянскае ядро, але адкрытыя для людзей звонку. Справа БХД, як і справа Ісуса Хрыста, – не дзяліць людзей на веруючых ці няверуючых, праведных ці няправедных, а ісці і служыць, не чакаючы ад іх нават падзякі і не пытаючыся пра іх погляды. Гэта дапаможа збудаваць Беларусь на хрысціянскіх каштоўнасцях і пачуць кожнага, нават таго, хто нязгодны”, – заявіў у сваю чаргу Віталь Рымашэўскі.
У якасці задачаў на будучыню Павел Севярынец заклікаў праводзіць масавыя кампаніі, каб мяняць Беларусь. “Самая цемра бывае перад самым святлом”, – сказаў ён.
Віталь Рымашэўскі заклікаў, каб бел-чырвона-белыя сцягі падчас мясцовай кампаніі луналі ў кожным буйным горадзе, а Вольга Кавалькова адзначыла важнасць працягу кампаній у абарону жыцця, па дэалкагалізацыі насельніцтва, у падтрымку пенсійнай і судовай рэформаў, пашырэння беларускамоўнай адукацыі.
Выступілі на з’ездзе з падвядзеннем вынікаў і абраная пазней старшынёй БХД Вольга Кавалькова, і лідар МХД Марына Хоміч, адказны сакратар Дзяніс Садоўскі, рэгіянальныя кіраўнікі Таццяна Севярынец, Алег Аксёнаў, Мікола Баўсюк і іншыя.