Пётр Папраўка: «Калі ёсць мінус, то будзе і плюс…»

10 лютага 2018 22:38  |  Палітыка

Пётр Папраўка: «Калі ёсць мінус, то будзе і плюс...»

 

Карэспандэнт «Народнай Волі» пагутарыў з 43-гадовым кандыдатам у дэпутаты Мінгарсавета па Курасоўшчынскай выбарчай акрузе №16 Пятром Папраўкам, які з’яўляецца актывістам аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

Навошта вам гэта ўсё? Кандыдат адказвае так:

…пасля таго, як я сутыкнуўся з міліцэйскай і чынавенскай самаўпраўнасцю, я стаў актывістам аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Гэта, як гаворыцца, па загадзе душы. Што тычыцца рашэння паўдзельнічаць у выбарчай кампаніі, то чаму б і не? Як казаў адзін гістарычны персанаж: “Гэта ж мая зямля. Кім я буду, калі не паклапачуся пра яе?”.

А праблем сёння ў горада хапае. Вось, напрыклад, ёсць у Ленінскім раёне месца, дзе пасаджаны хвоі. Супрацоўнікі «Зелянбуда», абкашваючы тэрыторыю, мабыць, пад алкагольнымі парамі пашкодзілі іх. Я напісаў заяву ў арганізацыю, прыехалі начальнікі. Паказаў ім пашкоджанні. Паабяцалі, што пасадзяць новыя дрэвы, сваё слова стрымалі. Але пасадзілі дрэвы ў гліназём, які ўлетку ператворыцца ў камень. Я казаў, што патрэбны іншы грунт. Праз некаторы час я ўжо здымаў на відэа, як трактар ​​вёз цэлы прычэп засохлых соснаў. Вось прыклад дзейнасці нашых гарадскіх «гаспадарнікаў»! І гэта ўсё – за бюджэтныя грошы! Я назіраю за гэтым ужо дзясяткі гадоў. Кожны год загубленыя дрэвы вывозяць трактарамі. Іх гадавалі з душой, неслі выдаткі, а затым бяздарна загубілі. Дык чаму гэтыя факты не агучваць на афіцыйным узроўні? Мы ж усе хочам лепш жыць, хіба не так?

Толькі зусім нядаўна ў нас прыйшлі да разумення таго, што біты асфальт можна перапрацоўваць, хоць раней ім былі заваленыя ўсе кусты. Апалае лісце ў Галандыі насычае бюджэт, бо яе ператвараюць у чарназём і вязуць у Арабскія Эміраты, дзе азеляняюць гарады. А ў нас?

Паглядзіце, колькі сёння ў Менску (ды і ў цэлым у краіне) праблем, звязаных з арганізацыяй дарожнага руху. Складваецца ўражанне, што дваровыя тэрыторыі або выезды на трасу першапачаткова планаваліся як пасткі для вадзіцеляў. Наколькі мне вядома, да гэтага часу няма паласы разгону на выездзе з боку Свабоднай эканамічнай зоны «Менск» (з вуліцы Прамысловай) на кальцавую дарогу. Там жа ці ледзь не кожны дзень – аварыі, трагедыі і чалавечае гора. Пры гэтым недалёка вісеў білборд МУС, на якім слоган: «Мы – за вашу бяспеку». У той жа Германіі ці Польшчы дарожны рух і светлафорнае рэгуляванне змаглі арганізаваць такім чынам, што ў вадзіцеляў няма праблем з бяспекай. І там бачна, што дэпутаты абраныя на сумленных выбарах. Яны разумеюць, што, калі сёння для гараджан не вырашаць гэтыя праблемы, заўтра за іх ужо ніхто не прагаласуе. А таму прымаюць рашэнне выдаткаваць бюджэтныя грошы не на ўтрыманне сілавікоў, а на новыя святлафоры і бяспечныя паласы разгону.

Акрамя таго, у нас павінны быць і кампетэнтныя спецыялісты, якія працуюць з такой праблемай, як алкагалізацыя і нарказалежнасць. З гэтым трэба сапраўды змагацца, але справядліва і сумленна – па празрыстых правілах і ў рамкам дзеючых прававых нормаў.

 

Поўнае інтэрв’ю з кандыдатам чытайце ў газеце «Народная Воля» за 9 лютага 2018 года

Болей навін