Рулі-рулі-рулі-рулі – на табе чатыры дулі!

04 красавіка 2018 15:32  |  Блог Таццяны Севярынец

 

 

 

Памятаю семінар па публічных выступах. Адна з рэкамендацый па адказе на няёмкае пытанне – адказваць на што заўгодна, калі не ўпэўнены. Але адказваць. Гэтаму нашыя чыноўнікі вучацца не на семінарах, а ў Акадэміі кіравання і, пэўна, не адзін семестр.

Майстрам ТАК адказваць лічыла галоўнага доктара Віцебскага ўпраўлення аховы здароўя сп. Ю.М. Дзеркача. Віртуоз! Ты яму пра Фаму. А ён табе пра Ярому. І так упэўнена, што калі згубіш сувязь паміж пытаннем і адказам, то так і пойдзеш ні з чым.

Падчас мясцовай кампаніі збіралі мы подпісы пад калектыўным зваротам аб празрыстасці бюджэту, справаздачнасці дэпутатаў, фарміраванні коштаў на розныя паслугі, працы грамадскіх прыёмных і г.д. Подпісы разнеслі ў Віцебскія абл- і гарвыканкамы, Віцебскія абл- і гарсаветы 23 лютага. Усяго 108 подпісаў.

І тут з розных бакоў пачалі атрымліваць інфармацыю, што людзей абтэлефаноўваюць і спраўджваюць сапраўднасць подпісаў, а ў адной жанчынкі нават паперу ўзялі, што яе тыя пытанні не цікавяць…

Даручэнне на праверку подпісаў дало галоўнае ўпраўленне арганізацыйна-кадравай работы Віцебскага аблвыканкама – на яго спасылаецца ў сваім адказе кіраўнік справамі Чыгуначнай адміністрацыі г. Віцебска М.У. Смолікава. Ага, значыць подпісы правяраюцца адміністрацыямі горада… І нікому не прыйшло ў галаву, што гэта праверка – парушэнне арт. 5 “Закона аб зваротах грамадзян”! Дзе там! Тая ж Смолікава завярае, што апытанні праводзіліся добразычліва, тактоўна, уважліва (Ну-ну, нават на працу да жанчынкі прыбеглі, каб узяць пісьмовую адмову ад подпісу. А жанчынка і нам не здолела патлумачыць, як гэта яна ад уласнага подпісу адмовілася пасля “добразычлівай” размовы з кадравіцай Чыгуначнай адміністрацыі Глушковай Н.В.). Цыдулку тую нам вярнулі, дарэчы…

І тое за аблвыканкамам не першы раз заўважаецца. Замест таго, каб падняць на ногі ўсе службы і адказаць на пытанні зваротаў, чынушы аблвыканкаму падымаюць усіх на вушы, трацяць шалёныя грошы бюджэту на абтэлефанаванні падпісантаў… Вось такія слугі народа… Так яны разумеюць сваю ролю… Гэта адно. Другое: як сачыняюцца адказы? Грунтоўна, адзін на ўсіх – у дадзеным выпадку было 4 адрасаты. Атрымалі 4 адказы. А па сутнасці – адзін. Пад капірку: усё ў нас добра, усё па законе, усё празрыста, грамадская прыёмная працуе, грамадскія абмеркаванні праходзяць, дэпутаты справаздачацца – бла-бла-бла на 4-х аркушах.

Адкуль толькі ў канцы кожнага года ў СМІ з’яўляецца інфа: Інвестыцыйны план на 2014,-15,-16,-17 год выкананы на 41-43%?

Узбуджана 73, 140 і г.д. справы па карупцыі па вобласці?

Скралі там, скралі сям, прысабечылі тысячы,

куханьку аблвыканкаму набылі за 1300 у.а., а пакой за 2000 у.а.,

рамонт будынка аблвыканкама зрабілі на … у.а.

Дзверы (добрыя яшчэ!!!) у гарвыканкаме на 4-м паверсе памянялі….

А, яшчэ хочам Палац шлюбу ды ў гістарычным месцы! Каб была цэлая ансамбля: помнік Неўскаму з сям’ёй і палац шлюбу! (Дарэчы, матывацыя адказнага з гарвыканкама, намесніка старшыні П. Падгурскага: “Ну трэба ж нешта планаваць!”) А насупраць – помнік заснавальніцы Віцебска кн. Вользе! Ну і ладна, што легенда! Прывабліваць жа турыстаў трэба! Ды ладна вам – прыбіральня, прыбіральня ў Парку партызанскай славы. Ды зрабілі мы там касметычны рамонт! Адчапіцеся! Якая такая паліклініка? Якая такая школа? Які такі дзіцячы садок? А, ужо 2 вам падавай! І г.д.

І тр-р-тр-р-тр-р! – шкрабуць пер’ямі, слінявяць капэрты з адказамі, марачкі налепліваюць і шчасліва ўздыхаюць, адкінуўшыся на спінкі зручных службовых крэслаў: у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 18 чэрвеня 2011 года “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” дадзены адказ можа быць абскарджаны… І толькі адрасы абскарджанняў ды подпісы адказных розныя… Дулю вам, падпісанты звароту! Чаго захацелі!

Сэнс адказаў такі.

Ну, дык што рабіць? Прыйдзецца яшчэ пер’ямі паскрыпець, спадарства! Не першым і не апошнім быў гэты зварот. І з дулямі пасцеражыцеся…

Таццяна Севярынец

Болей навін