Языком у Вільні, а галавой за печчу
Гэта пра Віцебскі райвыканкам. Ну, глядзіце: актывістка БХД, экс-кандыдат па Заронаўскай акрузе Алена Янушкоўская, на красавіцкай выязной сустрэчы задала чыноўнікам шмат няёмкіх пытанняў.
І вось атрымала адказы.
Не ведаючы справы, уразішся: да чаго ж аб людзях клапоцяцца, ах, хацелі б зрабіць больш, а, ваёй, ну, разумееце, няма за што, ну, адмаўляюць нам у фінансаванні, а мы ж для вас апошнюю кашулю з сябе здымем!..
Але тое на словах. Адзін прыклад. Вёска Баршчоўка Заронаўскага сельсавета. Каб не была радзімай памерлага старшыні Віцебскага абласнога савета дэпутатаў сп. Ацясава ды каб нябожчык не выказаў пры жыцці жаданне быць пахаваным на малой радзіме, не было б да вясковых могілак даволі добрай асфальтавай дарогі, а на вуліцы Маладзёжнай не знеслі б адзін з закінутых двухпавярховых дамоў.
Знеслі ды забыліся зняць з балансу, і ў лісце-адказе фантазіруюць: “Специалистами УП ЖКХ Витебского района “Витрайкомунхоз” в ходе приёмки жилого дома №1 по ул. Молодёжная в д. Борщёвка. Состояние указанного дома удовлетворительное, течи кровли отсутствуют, кирпичные наружные стены и фундамент в удовлетворительном состоянии. Проведение ремонтных работ не требуется”.
Сапраўды, як рэмантаваць тое, чаго няма?.. Але дом на балансе КУСХП “Пестуница Витебского района, решением райисполкома от 18 июля 2017 г. №1076 передан на баланс и обслуживание УП ЖКХ Витебского района “Витрайкомхоз” по фактическому состоянию”.
Хто той факт спраўджваў?
Далей: “В некоторых жилых помещениях д. Пестуница и д. Борщёвка никто не зарегистрирован и не проживает. Данные квартиры будут предлагаться к заселению”.
І вось дамы, куды, па намеру Віцебскага райвыканкама, будуць засяляцца людзі… Пакуль там жывуць бадзяжныя каты, бо ні вокнаў, ні дзвярэй там няма, але “планом по текущему ремонту жилищного фонда на 2018 год ремонт указанных домов не предусмотрен”. Шэф, усё ў парадку!
Менавіта з такой працы, калі чыноўнікі розных Віцебскіх выканкамаў справаздачацца толькі языком, а галовы іх за печчу, жывем у нерамантаваных дзесяцігоддзямі дамах, без вады, з цякучымі дахамі і заплываючым лайном склепамі, ламаем ногі на вуліцах, а на прыстойнае жыццё глядзім праз тэлевізар.
P.S. Апошнім часам маем магчымасць паказаць сапраўднае жыццё беларусаў пры дапамозе ўласных тэлефонаў. І няхай тое выглядае непрафесійна з пункту гледжання журналістыкі, але патрэбна яно. Мо, нарэшце, так уразімся, што зразумеем: далей цярпець гэных “слуг народа”, карміць іх з уласных рук немагчыма ды прыцягнем іх да адказу!?
Актывісты БХД маюць такі намер. Далучайцеся!