Код памяці – Учдор-756

23.06.2018, 13:38  |  Блог Таццяны Севярынец, Грамадства

Код памяці – Учдор-756

 

Віцебская зямля тоіць у сябе столькі трагедый, столькі чалавечай нізасці і гора, што дзіву даешся, як тут яшчэ квітнеюць сады, расце жыта, як у небе над гэтай зямлёй лётаюць і спяваюць птушкі, як спакойна разглядаюць азёры аблокі, захоўваючы на дне страшэнныя сведчанні мінулай вайны...

Думалася пра гэта каля невялікіх Бараўлянскіх могілак, куды прыехалі сябры ініцыятывы “Хайсы”, у якую уваходзяць і актывісты аргкамітэта БХД, у чорны дзень чарговай гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай. Тут, пад вёскай Бараўляны, што недалёка і ад Віцебска, і ад Хайсоў, падчас вайны стаяў лагер ваеннапалонных. Мала з іх хто выжыў, бадай, ніхто – яшчэ не да канца вывучана гісторыя, але мясцовыя жыхары памятаюць расповеды бацькоў, як тут было страшна: бясконцыя стрэлы, енкі, чужынская мова і вечны страх, які вымушаў зарывацца глыбока ў зямлю…

Праз дарогу - Бараўлянскае возера. Пасля сведчання, што у ім тапілі прывезеных з Віцебску габрэяў, нават страшна глядзець у яго бок…

На ўскрайку могілак – крыж памяці загінулых тут і мірных людзей, І абаронцаў, і ваеннапалонных. Палягло на гэты палях іх зашмат… Крыж усталяваны ініцыятывай “Хайсы”, як і новы, што прывезлі сёння ў знак памяці менавіта па ахвярах таго лагера-Учдор 756. Па хрысцінскім звычаі святар айцец Зміцер памаліўся за супакой душ усіх загінулых…

Жыхары наваколляў добра ўжо ведаюць, што звяртацца трэба менавіта да каардынатара ініцыятывы “Хайсы” Яна Дзяржаўцава і яе сябраў, каб ушанаваць памяць па ахвярах.

Мясцовыя ж улады ведаюць і пра лагер, і пра гэтыя палі, якія сталі агульнай магілай для загіблых (зараз тут расце кукуруза), як ведаюць і пра Хайсы, дзе ляжаць у ляску за чыгункай ахвяры другога крыважэра.

Толькі код памяці ў чыноўнікаў знік.

Таццяна Севярынец

 

Код памяці – Учдор-756
Код памяці – Учдор-756
Код памяці – Учдор-756
Код памяці – Учдор-756

Навіны па тэме