Віктар Кулак: Далучайцеся да варты абароны Курапатаў!

20 лістапада 2018 08:35  |  Грамадства

 

Прэс-служба БХД працягвае серыю інтэрв’ю з абаронцамі Курапатаў, якія далучаюцца да чаргі хрысціянскіх дэмакратаў у серады. Сёння наш госць – Віктар Кулак.

Віктар, Вас часта бачаць на Курапацкай варце. Чаму Вы вырашылі далучыцца дапратэстоўцаў?

Калі пачалася варта, то я далучыўся да яе не адразу. Мне патрэбен быў нейкі час каб прыняць адпаведнае рашэнне. Дый шчыра кажучы, я не аматар такой “прыемнай” з’явы, як атрымліваць штрафы і карміць рэжым Лукашэнкі. Але я прыняў адпаведнае – заняць абарону там, каля брамы кабака “Паедзем-паядзім”. Па той простай прычыне, што гэта дзіка – танчыць ды весяліцца там, дзе адбываліся сталінскія масавыя забойствы.

Ну вось уявіце сабе гіпатэтычную сітуацыю. Менавіта зараз 1937. Нейкая мясціна акружана вялікім плотам. Там адбываюцца расстрэлы. Ці хопіць у вас смеласці падысці хаця б да гэтага плоту? Я ўжо маўчу пра танцы і весялосць.

Ведаеце, шмат людзей баяцца хадзіць па начах на могілкі. А тут такое варварства і дзікасць! Не трэба там гэты рэстаран. Ніякага фармату! Гэта непавага да сябе і тых, хто ляжыць у тых магілах. І не важна хто расстрэльваў: ці фашысты, ці камуністы. Гэта месца памяці!

Распавядзіце пра сябе. Як Вы далучыліся да беларускага руху?

Мне 38 год. Нарадзіўся у 1980 годзе. Месца нараджэння – Менск. Мая мама з вёскі Семежава. Якраз з той вёскі, дзе адбываўся Слуцкі збройны чын. Таму гэтая вёска для мяне – даражэйшае месца на зямлі. Таму, калі прыязджаю туды падчас акцыі Слуцкага збройнага чыну, мяне ахопліваюць розныя пачуцці – ад настальгіі па дзяцінству да патрыятычных. Далучыўся да беларускага нацыянальнага руху дзесь з 1997 года. Але сталым далучэннем да палітыкі лічу момант, калі пабыў назіральнікам на выбарах у мясцовыя Саветы. Дакладна год не памятаю.

Я прыхільнік партыі КХП БНФ. Мой маральны аўтарытэт – гэта, безумоўна, Зянон Пазьняк.

Час ад часу Вы далучаецеся да варты БХД. Вам блізкія ідэі хрысціянскай дэмакратыі – ці людзі, якія стаяць у сераду?

Увогуле, калі браць самое жыццё, то я убачыў, што яно жыве па адпаведным законам ці прынцыпам. І калі людзі падпарадкоўваюцца гэтым прынцыпам, то ў выніку маюць станоўчы вынік. Скажам, калі вы робіце тое, каб давер да вас рос, то і пашыраюцца самыя розныя магчымасці. Вам могуць даверыць адпаведную пасаду, банк дае крэдыт і г. д. Калі вы падрываеце давер, то і вынік адпаведны. Калі нейкія людзі парушаюць прынцыпы, то я разумею, што людзі недасканалыя. А прынцыпы – гэта стандарты, па якіх трэба вучыцца як жыць. У палітыцы, я лічу, трэба кіравацца найперш прынцыпамі, а не тым, што кажуць людзі.

Натоўп можа памыляцца. Бальшыня людзей таксама. Мне самому блізкія прынцыпы хрысціянскай дэмакратыі. Яны даказалі свае права на жыцце. Хрысціянства, калі разумець яго правільна, – гэта авангард жыцця. Хрыстос не цягне нікога сілком у рай, у вечнае жыццё.

Хрыстос нё будзе нікога прымушаць чытаць і жыць па Святому Пісанню. Гэта павінен вырашыць сам чалавек. І калі прыме адпаведнае рашэнне, то атрымае свае плады. І цуд у тым, што гэтыя плады можна атрымаць сёння, пры гэтым жыцці. А не толькі пасля сваёй смерці. Людзі з БХД для мяне вартыя павагі. Асабліва тыя, якіх я бачу на варце. Бо, пагадзіцеся, гэты час можна б было бавіць па іншаму, аддаць сябе іншым справам.

Што трэба зрабіць, каб абаронцы Курапатаў перамаглі?

Для мяне гэта не простае пытанне: “Што трэба рабіць абаронцам Курапатаў, каб перамагчы?” Напэўна – гэта не рабіць раздрай у сваіх шэрагах. Няхай кожны робіць тое, што можа рабіць. Галоўнае – каб гэта не шкодзіла самому чалавеку. Дзеі павінны быць адэкватныя.

Што, на Ваш погляд, апазіцыя робіць не так?

Для мяне асабіста дрэнна тое, што апазіцыя падтрымала т. зв. “дэпутатку” Ганну Канапацкую. Калі мы гаворым, што выбары павінны быць чэсныя і законныя, то гэта датычыцца усіх. Як тых, хто ідзе на выбары ад улады, так і тых хто ідзе ад апазіцыі. Няма ў законах Беларусі, што адныя людзі могуць выканаць гэты артыкул, а тыя – другі артыкул.

Законы адны і для усіх. Увогуле, не трэба ўдзельнічаць у тым, чаго няма насамрэч – выбарах. Як удзельнічаць у якасці кандыдатаў, так і галасаваць. Тэхналогія падліку галасоў простая як кол – спускаюцца зверху лічбы падліку, а старшыня выбарчай камісіі проста агучвае. І таму ўсе намаганні выйграць скошваюцца пад нуль.

Што апазіцыя робіць слушна?

Трэба больш працаваць з людзьмі. Гэтая праца павінна быць КОЖНЫ дзень. У розных фарматах. Слушна робяць нашыя патрыёты, калі друкуюць вартыя кнігі. Возьмем таго ж Уладзімера Арлова. Сяргей Навумчык, як той Маісей, напісаў сваё пяцікніжжа. Яго кнігі – гэта скарб, бо маюць праўду пра 1990-я гады.

Зянон Пазьняк таксама піша вартыя кнігі. Настолькі вартыя, што гомельская мытня, нагадаю, забрала адну з кніг Зянона: “Цяжкі час. 1-я частка”. Дагэтуль не вярнулі. Няма нават ад іх афіцыйнага ліста аб выніках экспертызы.

Мы класна адзначылі 100-годдзе БНР. Зараз змагаемся за Курапаты. Працягваем адзначаць сакральныя беларускія святы. Адстойваем нашую беларускую мову.

Ваш зварот да чытачоў сайту БХД – некалькі сказаў

Шаноўныя чытачы! Беларусь жыве і самастойная, калі мы за яе змагаемся. Час такі. Акупацыйны рэжым кіруе намі. Але ён гнілы. І настане час, калі ён абрынецца. Калі гэта адбудзецца – невядома. Але кожны крок, зроблены намі, набліжае нас да нашай мэты. Трэба змагацца за Курапаты. Гэта важная ўліка супраць сталінізму. Таму Расея змагаецца супраць Курапатаў. Бо калі адбудзецца суд у Гаазе, то Масква мусіць выплаціць вялікую кампенсацыю.

А не проста прызнаць злачынства Сталіна. Хоць і крыва. Далучайцеся да варты абароны Курапатаў. Кожны мае права выбраць свой фармат змагання. Мы пераможам! Жыве Беларусь!

Болей навін