Севярынец, Шушкевіч, Статкевіч, Някляеў перасцераглі прэзідэнта Літвы Наўседу ад супрацы з Лукашэнкам
Чатыры лідэры беларускай апазіцыі — Станіслаў Шушкевіч, Мікалай Статкевіч, Уладзімер Някляеў і Павел Севярынец — накіравалі адкрыты ліст новавыбранаму прэзыдэнту Літвы Гітанасу Наўседу, у якім перасцераглі яго ад супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі, піша БелаПАН.
«Мы разумеем і падтрымліваем мэту, прадэклараваную вамі, спадар прэзідэнт: развіццё добрасуседскіх адносін зь Беларуссю з’яўляецца несумнеўным прынцыпам як для вас, так і для ўсіх нас. Мы не прыхільнікі ізаляцыі Беларусі. Аднак цяперашні рэжым не прадстаўляе Беларусь — і гуляць па ягоных правілах нельга. Рэжым мае зусім іншыя мэты», — гаворыцца ў лісце.
«Мы хацелі б, — пішуць палітыкі, — і далей разлічваць на падтрымку і прынцыповую пазіцыю Літвы як дзяржавы, якая вельмі добра разумее спецыфіку Беларусі».
Аўтары разлічваюць, што Літва працягне прынцыпова абараняць чалавечыя каштоўнасці і дэмакратычныя свабоды, не засяроджваючыся «выключна на эканамічных, прагматычных падыходах», паколькі «любыя кароткатэрміновыя выгады ад супрацоўніцтва з рэжымам, для якога не існуе правоў чалавека…, могуць абярнуцца стратамі міжнароднага аўтарытэту» для Літвы і Наўседы асабіста.
Прадстаўнікі беларускай апазіцыі ўпэўнены, што новы прэзыдэнт краіны-суседкі з’яўляецца лідэрам, здольным аб’яднаць Еўрапейскі звяз для вырашэння праблемы БелАЭС. «Неабходна цвёрдая пазіцыя усяго ЕС. Калі гэтая пазіцыя будзе непарушнай, будаўніцтва Астравецкай АЭС усё яшчэ можа быць спынена», — лічаць аўтары.
На іх думку, вялікай памылкай Літвы будзе змена яе пазіцыі і згода на перамовы з Мінскам аб бяспецы або маніторынгу АЭС, «як гэта нядаўна абмяркоўвалася ў перапісцы паміж урадамі нашых краін». «Пры кіруючым у Беларусі рэжыме ніякая бяспека, у тым ліку бяспека АЭС, ня можа быць гарантаваная, што пацвярджаецца некалькімі аварыямі яшчэ падчас будаўніцтва атамнай электрастанцыі», — пішуць палітыкі.
Яны таксама падкрэсліваюць, што незалежнасць Беларусі знаходзіцца пад двайной пагрозай — «і з боку рэжыму, і з боку Крамля». «Лукашэнка не змагаецца за суверэнітэт краіны, яго хвалюе толькі суверэнітэт асабістай улады», — лічаць аўтары. Менавіта таму, перакананыя яны, Лукашэнка актыўна працуе на Захадзе «праз свой дыпламатычны корпус і службы бяспекі». Галоўная мэта — «пераканаць дэмакратычную грамадcкасць, што няма альтэрнатывы персанальнай дзяржаве Лукашэнкі».