Павел Севярынец. Беларусь супраць д’ябла

22 красавіка 2020 13:48  |  Галоўныя навіны

Павел Севярынец. Беларусь супраць д’ябла

 

Пандэмія каронавіруса адкрыла перад намі, беларусамі, бездань.

Лукашэнка абвясціў, што ад віруса не паміраюць, адмовіўся ад карантыну і штурхнуў цэлы народ у пашчу катастрофы.

Ёсць свая логіка ў ягоных дзеяннях. Кінуць выклік усім. Выявіць сябе як як бога. Паказаць, што на гэтай зямлі ён уладны над жыццём і смерцю – і як ён скажа, так і будзе. Хай дзеля гэтага памруць тысячы. Хай ніхто ня будзе ведаць праўды. Ён пераможа.

Гэта логіка выключна д’ябальская. Зло ў чыстым выглядзе.

Мала таго. Такое ўражанне, што ён спецыяльна вылічвае найбольшую прастору паражэння. Каб ужо бахнула дык бахнула.

19 красавіка. Пандэмія. Праваслаўны атэіст заклікае ў храмы – і сам ідзе ў царкву. Але не маліцца, а выступаць.
20 красавіка. Пандэмія. Загадвае адчыніць школы і забараняе маскі для дзяцей.
25 красавіка. Пандэмія. Абвяшчае прымусовы суботнік.
Інкубацыйны перыяд каронавіруса – да 14 дзён.

У выніку 9 мая “Парад перамогі” пройдзе па шпіталях, дзе людзі будуць задыхацца ад крокаў смяротнай хваробы па ўласных целах.

Лукашэнка робіць усё, каб беларусы нарэшце зразумелі: у эканамічнага крызісу, у чынавенскага бязмежжа, у катастрофы з вірусам ёсць імя і прозвішча.

Паводле аднаго з апытанняў у сацсетках, 8 красавіка толькі 47% апытаных лічылі, што ў сітуацыі з каронавірусам вінаваты Лукашэнка. 20 красавіка такіх было ўжо 78%.

Чаму ён гэта робіць?

Ён разумее, што пасля 26 гадоў здзеку яго не падтрымліваюць. Ён збрыдзеў. Выйсце толькі адно: каб мацней баяліся. Баяліся больш, чым смерці. Быццам буравеснік, ён лунае па-над ахопленай пандэміяй краінай, і злосна рагоча нам у твар – проста як дэман у фільмах пра Апакаліпсіс.

А што рабіць нам?

Пакуль па Беларусі фугасіць вірус, адказ магчымы толькі адзін. Грамадзянскае непадпарадкаванне злу.

Бацькоў – калі яны не аддаюць дзяцей у школы.

Студэнтаў, якія патрабуюць дыстанцыйнага навучання.

Службоўцаў, якія не выконваюць злачынныя загады і знаходзяць спосаб абараніць людзей ад пандэміі.

Непадпарадкаванне злу – гэта калі Лукашэнка патрабуе “суботніка” ў разгар каронавіруса, а людзі байкатуюць суботнік і пакідаюць там паказушных чыноўнікаў ды нешматлікіх  камсамольскіх актывістаў. Гэта калі вайскоўцаў і гледачоў заганяюць на парад у смертаносны натоўп – а людзі знаходзяць прычыны і спосабы не ісці. Непадпарадкаванне злу – гэта трымаць народны карантын і тым ратаваць знясіленых медыкаў.

І ўся краіна, як на далоні, бачыць: нас большасць! А кароль-та голы… Ды яшчэ з хвастом… А вунь і рогі!..А вунь і капыты!..

Мы з вамі гэта разумеем даўно. А глыбокі народ, якому 26 гадоў дурылі галаву па тэлевізары, у вялікай сваёй масе асэнсоўвае ўвесь жах і бездань рэжыму толькі цяпер.

Лукашэнка настолькі баіцца краху сваёй луканомікі, што дзеля гэтага гатовы ахвяраваць тысячамі жыццяў і нават рэйтынгамі (бо на “выбарах” не рэйтынгі вырашаюць, а Ярмошына з фальсіфікатарамі).

Таму што луканоміка – гэта не ваш дробны і сярэдні бізнэс, не хатнія гаспадаркі, і нават не ІТ. Гэта алігархічныя “кашалькі”, паўкрымінальныя схемы міждзяржаўнай кантрабанды тыпу разбавіцеляў ды “санкцыёнкі”, гандлёвыя цэнтры, якімі запраўляе сям’я ды бліжэйшае атачэнне.

“Жраць што будзем?!” – вырачае ён вочы на сваёй нарадзе.

Дык давайце хорам скажам гэтаму вярхоўнаму жрацу: свой народ ты жэрці больш ня будзеш. Досыць!

Байкот апірышчам дыктатуры. “Беларусбанку”: забіраем адтуль уклады. “Белнафтахіму”: не запраўляемся там. “Кароне” Тапузідзіса: не купляем у “Кароне”! “Табакеркам” Алексіна. Алкагольным крамам, якія даюць львіную долю ў кішэню дыктатуры.

Хопіць карміць рэжым!

Калі пандэмія сціхне – назапашанае абурэнне непазбежна выбухне масавымі маніфестацыямі пратэсту. Іншых спосабаў змяніць гэты рэжым дэманічнага страху ўжо не засталося.

Наколькі моцны патэнцыял пратэсту – паказвае Берасце. Нават ва ўмовах пандэміі, пад пагрозай заражэння, у масках, ва ўмовах арышту лідэраў людзі гатовыя пратэставаць.

Задача Лукашэнкі – зліць аграмадны народны пратэст у свой спектакль пад назвай “выбары”. Вы пратэстуеце? Ладна, пратэстуйце. Галасуйце за “апазіцыянераў” (іх будзе некалькі, свежанькіх,  на выбар). Палямантуйце, ды яшчэ паскубіцеся паміж сабой. Усё роўна “падлічаць” так, як трэба. Фініта.

Калі не ламаць сістэму фальсіфікацыяў праз масавыя акцыі пратэсту – нават у зборы подпісаў і пікетах ва ўмовах выхаду з віруса толку няшмат. Усё адно нікога з рэальных супраціўнікаў не зарэгіструюць.

Таму ўжо ў ліпені большасць пратэстных сілаў (народны пратэст, прынцыповыя байкотчыкі, незарэгістраваныя апазіцыянеры) з’яднаюцца вакол непрыняцця спектаклю.

А далей – толькі нацыянальная забастоўка з палітычнымі патрабаваннямі. Лукашэнка, сыходзь! Далоў Ярмошыну і ўсіх фальсіфікатараў! Патрабуем вызвалення палітвязняў і свабодных выбараў! Пераменаў!

Людзям хочацца проста “прагаласаваць” і тым зрабіць сваю частку працы. Не атрымалася – апазіцыя вінаватая. Я ж “галасаваў”. Не, сябры. Выбараў няма. Давядзецца зрабіць крок пратэсту.

Скажаце, забастоўка, а чым сям’ю карміць?.. А што, лепш каб вас яшчэ пяць гадоў кідалі на з’ядзенне смерці, як цяпер?

Шырокая нацыянальная забастоўка ператвараецца ў масавыя маніфестацыі, прычым па ўсёй краіне. Найбольш эфектыўныя рэгулярныя акцыі (напрыклад, штонядзелі, як у Берасці) – на піку яны могуць перарасці і ў штодзённыя. Арышты лідэраў будуць спробай патушыць пажар бензінам.

Калі маніфестацыі набяруць размах, непазбежны раскол наменклатуры. Магчымае ўмяшанне Масквы і спроба скарыстацца пратэстам. Адзінае, што ўратуе Беларусь у такой сітуацыі – яднанне ўсіх пратэстных сілаў у адзіны магутны фронт. Прычым яднанне на нацыянальнай платформе і ясным маральным падмурку.

Паслядоўная пазіцыя няўдзелу, грамадзянскага непадпарадкавання, нацыянальнай забастоўкі і, як вынік, масавых маніфестацыяў з незалежніцкім стрыжнем вызначыць лідэраў народнага пратэсту. Палітыкаў. Блогераў. Прафсаюзных дзеячаў. Вулічных трыбунаў. Тых, хто страціў у пандэміі блізкіх.

Вы скажаце, патрэбны цуд, каб усё гэта склалася? Патрэбны.

Д’ябла можа перамагчы толькі Бог.

Як вернік, сведчу: цуды бываюць. Бог можа зрабіць для Беларусі цуд. Але толькі тады, калі мы самі паверым і будзем гатовыя зрабіць свой крок.

Ісус у Евангеллі – не фокуснік, які робіць цуды без чалавечай волі, напаказ для агаломшанага натоўпу. Ён кажа тым, хто хоча ацалення, вызвалення, збавення: працягні руку тваю. Расплюшчы вочы твае. Ідзі і больш не грашы.

Як працягнуць высахлую руку, на якой і мышцаў няма? Як расплюшчыць вочы, заплюшчаныя ад нараджэння? Як не грашыць, калі прырода чалавека грэшная?

Толькі высілкам волі – насуперак д’яблу, насустрач Богу. Тады Бог дапаможа.

Не падпарадкоўвацца злу. Трымаць народны карантын. Выказваць пратэст. Аказваць валанцёрскую дапамогу нямоглым і дактарам. Быць салідарнымі. Гартаваць сілы. І ў момант ісціны, калі спадзе зараза – выходзіць.

Тысячу гадоў хрысціянская краіна Беларусь жыла, змагалася і перамагала менавіта так.

Верым. Можам. Пераможам!

Болей навін