24 кастрычніка ў Беластоку адбудзецца З’езд аднаўлення Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі

24 кастрычніка 2026 года ў Беластоку пройдзе З’езд аднаўлення Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі (БХД). Падзея прымеркаваная да 100-гадовага юбілею з дня заснавання гістарычнай партыі БХД: 24 кастрычніка 1926 года ў Вільні адбыўся з’езд беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў, на якім «Беларуская хрысціянска-дэмакратычная злучнасць» 1917 года ператварылася ў БХД.
З’езд пакліканы спрыяць яднанню розных плыняў беларускай хрысціянскай дэмакратыі і падкрэсліць больш чым стогадовую традыцыю хрысціянска-дэмакратычнага руху, які заўсёды стаяў на варце хрысціянскіх каштоўнасцяў, дэмакратыі, нацыянальных інтарэсаў і беларускага Адраджэння.
Удзельнікі абмяркуюць стратэгію працы ў сучасных грамадска-палітычных умовах, вызначаць прыярытэты далейшай дзейнасці і абяруць новае кіраўніцтва.
Арганізатары з’езду ставяць сваёй задачай аднаўленне і развіццё дзейнасці БХД, умацаванне супрацоўніцтва паміж рознымі плынямі беларускага хрысціянска-дэмакратычнага руху, яднанне беларускіх дэмакратычных сілаў і стварэнне прывабнай альтэрнатывы для Беларусі.
Месцам правядзення З’езду выбраны Беласток — адзін з ключавых цэнтраў беларускай дыяспары ў Польшчы. Правядзенне партыйных з’ездаў у рэгіянальных цэнтрах адпавядае еўрапейскай палітычнай практыцы. Беласток размешчаны на шляху паміж Вільняй і Варшавай — гарадамі, дзе жывуць значныя беларускія супольнасці.



