БХД дае Белдзяржтэлерадыёкампаніі час на абвяржэнне
Прадстаўнікі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі за два тыдні так і не падалі скаргу ў суд супраць Белдзяржтэлерадыёкампаніі – сябры аргкамітэта даюць час тэлевізійнікам на абвяржэнне, а бацька Паўла Севярынца працягвае заставацца ў рэанімацыі.
Прадстаўнікі аргкамітэта БХД за два тыдні, што прайшлі пасля выхаду ў эфір паклёпніцкага, на іх думку, сюжэта пра актывістаў партыі на Беларускім тэлебачанні так і не звярнуліся у суд – на дадзены момант яны пакуль патрабуюць абвяржэння ў саміх тэлевізійнікаў.
РР: Па вопыту мінулых такіх скаргаў, Беларускае тэлебачанне звычайна спасылалася ў судзе на тое, што запісу той ці іншай праграмы па тэхнічных прычынах, ці з-за прайшоўшага часу ужо не засталося. Ці не баіцеся гэтага?
– Магу сказаць, што мы наогул мала чаго баімся. І тым больш не баімся гэтага. Не думаю, што цяпер яшчэ варта казаць пра нейкія тэрміны даўніны, бо сюжэт выйшаў у эфір усяго толькі два тыдні таму. Безумоўна, мы будзем падаваць гэтую скаргу, хоць, у прынцыпе, мы не чакаем ад беларускага суда рашэння гэтай справы ў наш бок. Але, калі адказ у судзе будзе адмоўны, мы будзем звяртацца ў далейшыя інстанцыі, у тым ліку і ў міжнародныя суды, – адзначыў Радыё Рацыя сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі.
У сваёй заяве да кіраўніцтва Беларускага тэлебачання актывісты БХД звяртаюцца да артыкулаў 42, 43 і 44 Закона аб сродках масавай інфармацыі Беларусі. Варта дадаць, што бацька яшчэ аднаго з сустаршыняў партыі Паўла Севярынца Кастусь, які пасля прагляду вышэй узгаданага сюжэту трапіў у віцебскі шпіталь з абшырным інфарктам, працягвае знаходзіцца ў рэанімацыйным аддзяленні.