Віцебшчына: “валянцінкі” ад БХД і “Маладога фронту”

18 кастрычніка 2009 22:51  |  Прэса пра нас

Ружовыя “валянцінкі” падрыхтаваў для віншаваньняў віцебскі камітэт па стварэньні партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя. А “валянцінкі” з Пагоняй і дэвізам “Каго любіш? Люблю Беларусь!” раздавалі ў Воршы тамтэйшыя маладафронтаўцы.

 

На паштоўках-сэрцайках, якія распаўсюджваюцца сёньня ў Віцебску, напісаны словы: “Няхай Дзень сьвятога Валянціна, як і для кожнага хрысьціяніна, стане для цябе добрай нагодай, каб адкрыць сапраўдную прыгажосьць каханьня, спазнаць веліч любові да бліжняга і вышыню адданасьці сваёй Радзіме”.

 

Валянцінкі” з пажаданьнямі каханьня і любові ад імя аршанскай суполкі “Маладога фронту” мясцовыя актывісты раздавалі сёньня ў навучальных установах Воршы. Увечары хлопцы і дзяўчаты выйшлі ў цэнтар гораду, каб павіншаваць з Днём сьвятога Валянціна аршанскіх мінакоў.

 

У адрозьненьне ад акцыяў апазыцыйнае моладзі, афіцыйныя імпрэзы з удзелам абласной арганізацыі БРСМ сёлета не прызначаныя для шырокага ўдзелу грамадзкасьці. Нават стэнд у выглядзе чырвона-зялёнага сэрца, які зазвычай выстаўлялі каля Летняга амфітэатру, цяпер перанесены ў фае культурна-дзелавога цэнтру “Віцебск”. На яго па-ранейшаму рэкамэндавана мацаваць “валянцінкі” з прызнаньнямі ў каханьні беларускім эстрадным зоркам, спартоўцам і палітыкам, але ва ўмовах больш жорсткага адбору: гэта можа зрабіць ня кожны ахвотны мінак, як было раней, а толькі наведнік адмысловай вечарыны па запрашэньні БРСМ.


Болей навін