Васіль Сёмуха святкуе 75-гадовы юбілей
18 студзеня свой 75-гадовы юбілей святкуе знаны беларускі перакладчык Васіль Сёмуха, вядомы сярод іншага сваім перакладам на беларускую мову Бібліі, самага дасягальнага ў цяперашні час выдання поўнага перакладу Святога Пісання на беларускую мову.
Васіль Сёмуха нарадзіўся на хутары Ясенец у Пружанскім раёне. У шасцігадовым узросце страціў бацькоў: нацысты расстралялі іх за сувязь з партызанамі. Але сямейная трагедыя не стала для яго бар’ерам у знаёмстве з нямецкай культурай. Ён скончыў рамана-германскае аддзяленне філфака Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў рэдактарам у выдавецтве, выкладчыкам нямецкай мовы, літсупрацоўнікам.
Перакладае з украінскай, латышскай, польскай, лацінскай і іншых моў. Але з’яўляецца галоўным перакладчыкам мастацкай літаратуры з нямецкай. Дзякуючы яму па беларуску з’явіліся «Фаўст» Гётэ, «Так сказаў Заратустра» Ніцшэ, «Мефіста» Клаўса Мана, «Кніга гадзін» Рыльке, «Марыя Сцюарт» Шылера.
У 1967 перакладчык звярнуўся да міністра замежных спраў БССР з незвычайнай просьбай. Ён прапанаваў запрасіць ва ўрада ФРГ кампенсацыю за страчаную ім маёмасць. А на атрыманыя грошы выдаць свой пераклад «Фаўста». У выніку Васіля Сёмуху выключылі з Саюза пісьменнікаў.
Яшчэ ў 1995 годзе ён апублікаваў свой пераклад «Парфумы» Патрыка Зюскінда, фільм па якой у ХХІ стагоддзі стаў надзвыай папулярным.
Кавалер ордэна «За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германіяй», латвійскага «Ордэна трох крыжоў». Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.
Вядомы Васіль Сёмуха і сваім беларускім перакладам Кнігі Кнігаў Бібліі. Пры перакладзе Новага Запавету спачатку ён супрацоўнічаў з Беларускай біблійнай камісіяй, але потым вырашыў працаваць цалкам самастойна і ажыцьцявіў пераклад усёй Бібліі з мовы-пасярэдніцы. Пры ўсіх сваіх недахопах гэты пераклад, выдадзены ў Менску ў 2002 годзе, на сёння з’яўляецца самым дасягальным выданнем усёй Бібліі на беларускую мову.