У Курапатах узгадалі ахвяраў сталінскіх і цяперашніх рэпрэсіяў (Фота)
Акцыя ўшанавання памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў адбылася 29 студзеня ў Курапатах. Каля 15 чалавек з ліку сябраў БХД, «Маладога фронту», руху салідарнасці «Разам», «Еўрапейскай моладзі» ўсклалі кветкі, запалілі знічы і памаліліся за ахвяраў і сталінскіх, і цяперашніх рэпрэсіяў. Такія акцыі з’яўляюцца традыцыйнымі і праходзяць 29 дня кожна месяца.
Каардынатарка мемарыяльных мерапрыемстваў, сябра БХД Ганна Шапуцька параўнала сённяшнюю сітуацыю з часамі сталінскіх рэпрэсіяў. У сваёй прамове яна запатрабавала выпусціць палітзняволеных і зарасіла Аляксандра Лукашэнку, яго сыноў і атачэнне, кіраўнікоў сілавых структураў Беларусі наведаць Курапаты, «каб болей не было палітзьвяноленых і не было новых Курапатаў». Паводле яе словаў, беларускія ўлады падышлі да ракавой мяжы рэпрэсіяў, адкуль няма вяртання. На яе думку, збіццё і катаванні, ператрусы і допыты зноў пасеялі страх і людзі, апроч некалькіх соцень найбольш смелых, не выходзяць на плошчу, каб спыніць гвалт.
З прамовай таксама выступіў моладзевы лідэр Мікола Дземідзенка, які пажадаў быць мужнымі і выказаў спадзяванне на тое, што ўсе палітзняволеныя выйдуць на волю, а дыктатура абрынецца.
Каля Крыжа Пакутаў удзельнікі памаліліся за Беларусь і рэпрэсаваных розных гадоў. Грамадская актывістка Ніна Багінская распавяла пра мэту гэтых штомесячных акцыяў: “Гэтым мы дамагаемся, каб дзень 29 кастрычніка стаў Днём рэпрэсаваных. Але ўлада застаецца такой самай і сама чыніць злачынствы, таму яна гэты дзень упарта не дазваляе зрабіць днём памяці ахвяраў таталітарных рэжымаў”.
Напрыканцы ўдзельнікі акцыі праспявалі “Магутны Божа”, запалілі ля крыжоў знічкі і ўсклалі кветкі.
За мерапрыемствам назіралі пяць міліцыянтаў і адзін супрацоўнік КДБ. Нягледзячы на гэта, быў узняты бел-чырвона-белы сцяг, удзельнікі акцыі трымалі ў руках партрэты таксама партрэты вязняў турмы КДБ, якіх утрымліваюць за кратамі ў справе аб падзеях 19 сьнежня. Супрацоўнікі спецслужбаў гэтаму не перашкаджалі.
Паводле Радыё “Рацыя” і БелаПАН