Віталь Рымашэўскі пра эканамічныя санкцыі
З нагоды рэзалюцыі, якая павінна быць сёння прынятая Радай Еўразвязу адносна санкцыяў супраць кіраўніцтва Беларусі, сустаршыня БХД, экс-кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі даў свой каментар рэдакцыі газеты “Народная Воля”:
“Нам трэба добра разумець, што ўвядзенне Еўропай і ЗША у аднабаковым парадку санкцыяў, асабліва эканамічных, супраць Беларусі непазбежна прывядзе – і часткова ўжо прывяло – да большай залежнасці ад Расеі.
Тыя тэмпы, з якімі Расія павялічвае сваю прысутнасць на Беларусі, пагражаюць незалежнасці краіны, гэта смяротная небяспека для нашай краіны. Расея можа стаць інвестыцыйным манапалістам ў Беларусі. А ў сучасным свеце страта эканамічнай незалежнасці – самая небяспечная для краіны, можа прывесці да страты суверэнітэту, ці проста ператварэння краіны ў марыянеткавы прыдатак больш моцнай дзяржавы.
Пры гэтым пасля 19 снежня пад следствам, за кратамі знаходзяцца большасць незалежных лідэраў дэмакратычных сілаў Беларусі, працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні незалежных дэмакратычных рухаў Беларусі, журналістскай супольнасці. Для іх вызвалення адзіным эфектыўным сродкам уздзеяння на ўладу з’яўляецца эканамічны ціск. Увядзенне санкцыяў – вельмі балючы ўдар для ўлады.
Такім чынам мы становімся перад выбарам: ахвяраваць незалежнасцю ці ахвяраваць свабодай, магчыма здароўем і жыццём, усяго некалькіх чалавек.
Для мяне асабіста тут выбару няма. Я ведаю, што немагчыма, ахвяруючы хаця б адным чалавекам, здабыць шчасце для ўсяго народа. Некалі іўдэі ўжо паспрабавалі гэта зрабіць. Нагадаю, іх выбар быў такі : “..лепей , каб адзін чалавек загінуў за народ…. бо прыйдуць акупанты-рымляне і захопяць нас.. ” Так усяго толькі Аднаго Чалавека выдалі на смерць. Мы ведаем , чым гэта скончылася – у выніку ні незалежнасці, ні народа не засталося… Я не параўноўваю тых, хто знаходзіцца сёння за кратамі, са Хрыстом. Я проста ведаю, што ніхто не мае права ахвяраваць іншым чалавекам, чужым жыццём, здароўем, свабодай, хай сабе і ў імя вышэйшых мэтаў. У ахвяру кожны мае права прыносіць толькі сваю ўласную свабоду, дабрабыт, жыццё.
Таму да тых часоў, пакуль хоць адзін чалавек будзе знаходзіцца за кратамі, кожны палітык, які сёння выказваецца супраць увядзення эканамічных санкцыяў, паводзіць сябе амаральна. Калі народ, а ў нашым выпадку, дэмакратычная эліта, а значыць, тыя, хто мусіць несці альтэрнатыву існуючаму рэжыму, перадусім каштоўнасную, будуць дзейнічаць тымі ж сродкамі, кіравацца тымі ж каштоўнасцямі, што і ўлада, то ў Беларусі не будзе нават малога шанца на змены да лепшага.
Я звяртаюся да ўсіх грамадскіх і палітычных дзеячоў Беларусі: Не істотна, ці з’яўляюцца тыя лідэры, што зараз за кратамі, нашымі паплечнікамі, ці палітычнымі апанентамі. Калі мы насамрэч, а не на словах жадаем вызвалення вязняў – не можам выступаць супраць эканамічных санкцыяў. Зразумела, што гэта рабіць зараз вельмі небяспечна, бо можна таксама трапіць пад рэпрэсіі. Таму можна зразумець пазіцыю тых палітыкаў ці прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якая, выдумляючы розныя падставы, выступаюць супраць. Можна зразумець, але немагчыма апраўдаць.
Перад такім жа самым выбарам сёння стаяць еўрапейскія палітыкі: прагматызм альбо маральнасць. Спадзяюся, яны зробяць правільны выбар. Найлепшым было б, каб адначасова з увядзеннем санкцыяў Еўрапейскі звяз выпрацаваў стратэгію, накіраваную на супрацьдзеянне спробам Расіі пазбавіць Беларусь эканамічнай і палітычнай незалежнасці.