Паўночная Рада адклала супрацоўніцтва з Беларуссю
Паўночная Рада выказвае глыбокае шкадаванне ў сувязі з арыштам шматлікіх апазіцыйных палітыкаў, у тым ліку часткі кандыдатаў у прэзідэнты, адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні. На студзеньскай сустрэчы Прэзідыума Паўночнай Рады была дасягнутая дамоўленасць працягваць падтрымку развіццю дэмакратыі ў Беларусі, але адкласці запланаваны візіт-навучанне для палітыкаў з Беларусі.
Паўночная Рада ў партнёрстве з Балтыйскай асамблеяй, пачынаючы з 2007 года, арганізавала шэраг круглых сталоў, у якіх прынялі ўдзел прадстаўнікі як парламента, так і апазіцыйных партыяў, у тым ліку і адзін з кандыдатаў у прэзідэнты. Апошні круглы стол адбыўся ў Менску ў сакавіку 2010 года. Было вельмі незвычайна для абодвух бакоў у Беларусі сустрэцца за адным сталом з палітыкамі з паўночных і балтыйскіх краінаў.
Згаданую азнаямленчую паездку таксама планавалася арганізаваць аналагічным чынам для прадстаўнікоў парламента і апазіцыйных партыяў Беларусі, якія ў цяперашні час ня маюць свайго прадстаўніцтва у парламенце. Зараз гэтая паездка адкладзеная да паляпшэння палітычнай сітуацыі ў краіне.
Міністры замежных справаў ЕЗ зноў прынялі рашэнне увесці візавыя абмежаванні для шэрагу міністраў і ўрадавых чыноўнікаў. На пасяджэнні палітыкаў з Балтыйскіх краінаў у Парламенскай канферэнцыі балтыйскіх краінаў і ў Еўрапейскім парламенце 2 лютага віцэ-прэзідэнт Паўночнай Рады Марыён Педэрсэн паведаміў аб рашэнні спыніць супрацоўніцтва з Беларуссю, пакуль не з’явяцца больш пазітыўныя сігналы з краіны. Балтыйская Асамблея падтрымала гэтае рашэнне.
Паўночная Рада з’яўляецца арганізацыяй парламенцкага супрацоўніцтва краінаў Паўночнай Еўропы, аб’ядноўвае дэпутатаў парламентаў пяці дзяржаваў: Даніі, Ісландыі, Нарвегіі, Фінляндыі, Швецыі і трох аўтаномных тэрыторыяў: Аландскія астравы, Фарэрскія астравы і Грэнландыя.
Пераклад з ангельскай замежны аддзел БХД