Раскол у БНФ. Каментар Віталя Рымашэўскага

11 лютага 2011 17:51  |  Навіны

Больш за 80 чальцоў менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ падпісалі заяву аб нязгодзе з палітыкай кіраўніцтва і выхадзе з партыі. Сярод падпісантаў – былы старшыня партыі Лявон Баршчэўскі, прафэсар Юры Хадыка, мастак Алесь Марачкін, гісторык культуры Вацлаў Арэшка і іншыя вядомыя партыйцы. Да іх далучыліся актывісты з рэгіёнаў.  Агулам аб выхадзе з БНФ заявілі ўжо каля сотні сябраў партыі.

Сустаршыня Беларускай Хрысьціяснкай Дэмакратыі, былы кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі пракаментаваў прэс-службе БХД гэты вельмі прыкры факт працягу канфлікту ўнутры Беларускага Народнага Фронту:

“Я выказваю спачуваньне ў сувязі з гэтай цяжкой сітуацыяй, якая склалася ў БНФ.  Многія з тых людзей, якія напісалі заяву аб выхадзе  з партыі, зьяўляюцца вядомымі асобамі беларускага Адраджэньня. Спадзяюся, што ў БНФ хопіць сілы, каб аднавіць еднасьць у партыі. Беларуская палітыка шмат страціць, калі з палітычнай сцэны зьнікне Беларускі Народны Фронт.

Зараз, калі так неабходная салідарнасьць з палітвязьнямі і патрэбна быць еднымі, вельмі хочацца спадзявацца, што дух салідарнасьці і еднасьці пераможа ўсе сілы раз’яднаньня, якія спрабуюць зьнішчыць незалежны дэмакратычны рух у Беларусі”.

Падаем таксама тэкст заявы аб выхадзе з Партыі БНФ, якую падпісалі 86 сябраў Партыі БНФ:

“Досьвед партыйнага жыцьця пасьля зьезду 2009 г. і асабліва вынікі апошняй прэзыдэнцкай кампаніі канчаткова пераканалі нас, што палітыка цяперашняга кіраўніцтва Партыі БНФ не адпавядае выклікам сучаснасьці, пярэчыць самому духу нацыянальнай дэмакратыі, свабоды, маральнасьці й прынцыповасьці, зь якім атаесамляўся Беларускі Народны Фронт ад яго заснаваньня ў 1988 годзе.

У цяперашнія складаныя для Беларусі часы мы не лічым вартым весьці унутрыпартыйныя дыскусіі, а тым болей змагацца за тую фармальную абалонку, якая засталася ад колішней найбуйнейшай апазыцыйнай партыі краіны.

Для нас не застаецца іншага шляху, апроч як выйсьці з шэрагаў арганізацыі, якая перастала адпавядаць сваёй назве і праграмным каштоўнасьцям.”

Актывісты Партыі БНФ, якія напісалі калектыўную заяву пра выхад з шэрагаў структуры, зьбіраюцца сёньня правесьці свой сход, на якім маюць намер стварыць новы рух, у які ўвойдуць як старыя фронтаўцы, так і актывісты маладзейшага пакалення.

 

Пра гэта распавёў адзін з падпісантаў звароту сябра Сойма партыі БНФ Вацлаў Арэшка, які ад 1988 года зьяўляецца сябрам партыі БНФ: “Я лічу, што трэба ствараць палітычную арганізацыю, якая будзе рэальна адпавядаць палітычнай сытуацыі, якая будзе абапірацца і на сытуацыю ў грамадзтве, на тое, што грамадзтва сёньня зьмянілася, і адлюстроўваць нацыянальна-дэмакратычны кірунак, які сёньня ў ніводнай палітычнай структуры не выразны”.

Вацлаў Арэшка заявіў пра беспэрспэктыўнасьць дыскусіі ў цяперашнім БНФ, а таксама паведаміў, што заявы ад сяброў партыі працягваюць паступаць, у тым ліку з рэгіёнаў краіны. Паводле спадара Арэшкі, гэта сьведчыць аб тым, што расьце незадаволенасьць сяброў партыі сваім кіраўніцтвам. 

Канфлікту паслужылі падзеі 4 лютага, калі кіраўніцтва партыі сарвала сход Менскай гарадзкой арганізацыі, які ў выніку прайшоў на вуліцы пад дзьвярыма ўправы:

 
“Мы спрабавалі правесці сход. Прыйшлі і ўбачылі зачыненыя дзверы Управы. Нас было каля 80 чалавек. Пастаялі на вуліцы і разышліся. Віктар Івашкевіч, кіраўнік мінскай арганізацыі, спрабаваў дамовіцца з Янукевічам і Лабковічам, але безвынікова.

 

Унутрыпартыйны дыялог не атрымліваецца. Лічу, што сытуацыя патрабуе актыўнай працы з грамадствам, кансалідацыі тых людзей, якія не падтрымліваюць улады. На сённяшні дзень два падыходы: або дамаўляцца з рэжымам, або канфрантацыя з рэжымам — выбары без дыктатуры. Гэта і выклікала канфлікт. Мы павінны мець месцы ў парламенце праз выбары, а не праз дамоўленнасці з уладамі”, – заявіў Арэшка.

Былы старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка распавёў, што большасьць сябраў менскай арганізацыі атрымалі лісты аб тым, што яны мусяць падаць заяву аб перарэгістрацыі партыі. Яны мусілі ўказаць, што абавязуюцца выконваць рашэньні Сойму і Ўправы партыі. У лісьце было напісана, што тыя, хто не напіша заяву, будуць выключаныя з партыі. Вячорка заўважыў, што згодна са Статутам, для таго, каб уступіць ці выйсьці з партыі дастаткова адпаведнай заявы. Па словах В.Вячоркі, “яны папросту зьбіраюцца выключыць людзей, якія не падтрымліваюць кіраўніцтва”.

 

Сябра Рады арганізацыі БНФ Кастрычніцкага раёну Менска Людміла Белахвостава тлумачыць сытуацыю наступным чынам:

“Мы асуджаем курс Янукевіча-Кастусёва на супрацоўніцтва з дыктатурай Лукашэнкі. Разам з тым, ня хочам марнаваць час на ўнутраныя разборкі, калі сытуацыя ў краіне патрабуе кансалідацыі апазыцыі і рашучых дзеяньняў. Мы спрабавалі размаўляць, але нам было сказана: “выходзьце з партыі”. Няма сэнсу заставацца ў арганізацыі, якая перастала адпавядаць сваёй назьве і праграмным каштоўнасьцям “. 

У той жа час намесьнік старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдат на выбарах прэзыдэнта Рыгор Кастусёў так пракаментаваў калектыўную заяву сябраў БНФ аб выхадзе з партыі: “Я б не сказаў, што гэта раскол. Выхад з партыі каля 100 чалавек — гэта невялікая страта. Тым больш, што гэтыя людзі на партыю ўжо не працуюць даўным-даўно, яны працуюць не на карысьць партыі, а на шкоду ёй”.

 
Рыгор Кастусёў адкінуў таксама заявы апанэнтаў, што БНФ цяпер нібыта кіруецца Мілінкевічам: “Тое, што ў нас добрыя адносіны, у мяне асабіста, зь Мілінкевічам і што Партыя БНФ дзейнічае ў саюзе з рухам “За свабоду”, тут няма нічога кепскага. Гэта наш саюзьнік. І я лічу, што гэта добра. Погляды руху “За свабоду” і БНФ у нейкім пляне супадаюць. Людзі там нацыянальна сьведамыя”.

 

Паводле Радыё “Свабода” і charter97.org

Болей навін