З блога ксянза Андрэя Рылкі “8 сакавіка: за і супраць”
Феміністкі і атэісты рабілі ўсё, каб дзень 8 сакавіка стаўся святам “вызвалення” жанчыны ад роднай сям’і, уласнага мужа, сваіх дзяцей. Па сённяшні дзень яны імкнуцца пазбавіць жанчыну ўсяго, што мае сапраўдную і вечную каштоўнасць. Яны цынічна нішчаць усё святое і жаноцкае ў жанчыне, называючы гэта “вызваленнем”. Яны так спакушаюць жанчын вызваленнем “ад”, і пры гэтым выбухаюць агрэсіяй, калі пытаешся, “да” чаго прывядзе такое “вызваленне”.
Радуе тое, што ў хрысціянскім асяроддзі дзень 8 сакавіка, які задумваўся як свята фемінізма, ператвараецца ў нагоду, каб дзякаваць Богу за дар жанчыны, каб яшчэ раз усвядоміць бясцэннасць жанчыны-маці, жонкі, сястры.
Вельмі прыгожа аб гэтым напісала Эліс фон Хільдэбранд у сваёй кнізе “Прывілей быць жанчынай”: “аднойчы ад усіх дасягненняў чалавецтва застанецца толькі жменька попелу. Але кожнае дзіцё, якое нарадзіла жанчына, будзе трываць вечна, бо яно атрымала несмяротную душу, учыненую па вобразу і падабенству Бога”.