Сёння працяг судоў за Плошчу-2010: Мядзведзю – тры гады ўмоўна, расейцам – штраф 10,5 млн. рублёў

10 сакавіка 2011 19:29  |  Навіны

Сёння ў судзе Маскоўскага раёна Менска адбыліся працэсы над трыма фігурантамі справы аб масавых беспарадках 19 снежня — Дзмітрыем Мядзведзем ды расейцамі Арцёмам Брэусам і Іванам Гапонавым. Усіх трох суд прызнаў вінаватымі.

 

Пры гэтым расейцы Іван Гапонаў і Арцём Брэус аштрафаваныя кожны на 300 базавых велічыняў (10 з паловай мільёнаў рублёў). Абодвух выпусьцілі з-пад варты. 

 

Прысуд Дзмітрыю Мядзведзю – тры гады абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчыя ўстановы, прызнаны вінаватым і будзе знаходзіцца пад наглядам міліцыі. Мядзведзя таксама вызвалілі з-пад варты ў зале суда, дзе яго сустрэлі жонка і родныя.

 

Прадстаўнік амбасады Расіі ў Беларусі Вадзім Гусеў сказаў, што расійскі бок задаволены такім рашэннем суда. Ён пры гэтым адзначыў, што расійская амбасада адразу казала, што віны грамадзян Расіі не было.

 

Праваабаронца Беларускага хельсінскага камітэта Гары Паганяйла каментуючы прысуды адзначыў, што суды былі незаконна раздзелены на асобныя справы:

– Суды спрабуюць высветліць акалічнасці справы, хоць матэрыялы, якія прадстаўлены суду, крайне слабыя, доказы цалкам супярэчлівыя – і з гэтым суды вымушаны манеўраваць. Суды пазбаўленыя магчымасці наогул даказваць, што такія злачынныя дзеянні мелі месца 19 снежня 2010 года.

 

* * *

 

Сёння ў судзе Маскоўскага раёна Менска аднавіліся працэсы над трыма фігурантамі справы аб масавых беспарадках 19 снежня — Дзмітрыем Мядзведзем, расейцамі Арцёмам Брэусам і Іванам Гапонавым.  У судзе над Брэусам і Гапонавым пачаліся судовыя спрэчкі. Пракурор запатрабаваў для абвінавачаных штраф у памеры 17 мільёнаў рублёў для кожнага. У працэсе над грамадзянінам Беларусі Дзмітрыем Мядзведзем, якога вінавацяць у збройным супраціве і гвалтоўных дзеяннях супраць некалькіх міліцыянтаў падчас акцыі апазіцыі 19 снежня, пракурор патрабуе для яго чатыры гады калоніі.

 

* * *

На пачатку судовага пасяджэння над Брэусам і Гапонавым абвінавачаныя былі дапытаны: яны патлумачылі, што прыйшлі дзеля цікавасці – паглядзець, што адбываецца на Плошчы. Адзін аднаго яны да гэтага моманту не ведалі і не ўдзельнічалі ў актыўных дзеяннях – нікога не білі, ні на каго не нападалі.

Пасля гэтага Суд перайшоў да допыту пацярпелых, якія нечакана з’явіліся на мінулым судовым пасяджэнні. Да перапынка былі апытаны пяць супрацоўнікаў міліцыі: з палка міліцыі спецыяльнага прызначэння, якія паводле іх словаў пацярпелі дзеянняў дэманстрантаў 19 снежня 2010 года ля Дома ўрада. Аніводзін з пяці дапытаных супрацоўнікаў міліцыі не сказаў, што менавіта Брэус і Гапонаў іх збівалі.

Трэба адзначыць, што ўпершыню на гэтым судовым пасяджэнні прысутнічаюць назіральнікі БДІПЧ АБСЕ: прадстаўніца Грузіі і прадстаўнік Італіі, але яны ад усялякіх каментарыяў устрымаліся.

* * *

Праваабаронцы не раяць чакаць ад працэсу над грамадзянамі Расіі Брэусам і Гапонавым рэальнага судовага спаборніцтва і называюць абвінавачанні, вынесеныя ва ўмовах застрашвання адвакатаў і падаўлення іншадумства, – гульнёй у адну браму.

Па словах старшыні юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага Камітэту, заявы праз збіццё двума маладзёнамі пятнаццаці падрыхтаваных міліцыянтаў не адпавядаюць нават здароваму сэнсу, а таксама не падмацаваныя рэальнымі доказамі. На думку Гары Паганяйла, сапраўды незалежны суд не можа выслухоўваць сведчанні пацярпелых, якія звярнуліся па дапамогу праз два месяцы пасля нібыта нанесеных ім пашкоджанняў.

– Магу сказаць, як у мінулым суддзя і адвакат, што сённяшнія суды над удзельнікамі мірнай акцыі 19 снежня 2010 года, гэта практычна не суды. Ні ў адной са спраў следству не ўдалося даказаць віны тых, хто сядзіць на лаве падсудных. Перш за ўсё не прадстаўлены доказы самаго факту масавых беспарадкаў – ці мелі месца сапраўды гвалт над асобаю, пагромы, падпалы, узброенны супраціў прадстаўнікам улады.

На думку Гары Паганяйла працэсы над удзельнікамі паслявыбарчай маніфестацыі вельмі нагадваюць суды 1937-га году, калі доказная база следства падводзілася не пад рэальныя падзеі, а пад патрэбны крымінальны артыкул. У сувязі з гэтым беларускія праваабаронцы называюць усіх пакараных ці прыцягнутых да следства палітычнымі зняволенымі, большасць з якіх ужо прызнана і міжнароднай супольнасцю.

 * * *
Суд над Мядзведзем, які абвінавачваецца ва ўдзеле ў масавых беспарадках (частка 2 артыкула 293 КК), пачаўся 1 сакавіка, але быў перанесены па просьбе адваката ў сувязі з перавыстаўленнем абвінавачання. Паводле ўдакладненай версіі абвінавачання, Мядзведзь нібыта аказваў узброенае супраціўленне супрацоўнікам міліцыі.

З-за аналагічнай прычыны быў зроблены перапынак у судзе над Брэусам і Гапонавым. Расіяне абвінавачваюцца ў актыўным удзеле ў масавых беспарадках, што суправаджаліся пагромамі, ва ўзброеным супраціўленні прадстаўнікам улады і у нанясенні пашкоджанняў супрацоўнікам міліцыі (частка 2 артыкула 293 КК). Працэс над імі пачаўся 22 лютага.

1 сакавіка дзяржабвінавачанне падало спіс з 15 пацярпелых міліцыянераў, якія нібыта былі збіты дэманстрантамі, у тым ліку Брэусам і Гапонавым. У сувязі са з’яўленнем новых матэрыялаў адвакаты абвінавачаных папрасілі зрабіць у працэсе перапынак.

На сённяшніх працэсах прысутнічаюць назіральнікі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ, запрошаныя беларускім бокам.

Абвінавачанымі па справе з’яўляюцца 42 чалавекі. Чатыры з іх ужо асуджаны. За ўдзел у масавых беспарадках Васіль Парфянкоў 17 лютага быў прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, Аляксандр Атрошчанкаў, прэс-сакратар кандыдата ў прэзідэнты на выбарах-2010 Андрэя Саннікава, — да чатырох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму, Дзмітрый Новік і Аляксандр Малчанаў — да трох з паловай і трох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна.

Болей навін