Сябры БХД наведалі выставу «Пагоні» разам з Міколам Купавам (Фота)
Ля адных палотнаў наведвальнікі спыняліся, ля іншых праходзілі без затрымкі. Самая большая памерах карціна, у цёмных танах, увасабляла, напэўна, зло, якое распаясалася на нашай зямлі. Але ў розных кутках выставы наведнікі знаходзілі і сьветлыя вобразы анёлаў-ахоўнікаў і ахвярных гістарычных дзеячоў Зямлі Беларускай. Экскурсія пачалася і завяршылася каля «арыштаванага» звона Cвабоды, а правёў яе слынны мастак і дзеяч нацыянальнай культуры Мікола Купава.
Юбілейная выстава творчай суполкі «Пагоня», традыцыйна прымеркаваная да Дня Волі, а ў гэтым годзе прысьвечаная таксама 20-м угодкам самой «Пагоні», адкрылася ў сталічным Палацы мастацтваў (вул. Казлова, 3) у пятніцу 11 сакавіка і будзе даступная для прагляду да 27 сакавіка.
А 23 сакавіка а 17.00 на сядзібе БНФ (пр-т Машэрава, 8) адкрыецца выстава «Рэпрэсаваныя творы», якую таксама падрыхтавалі сябры суполкі «Пагоня». Як паведаміў кіраўнік суполкі Аляксей Марачкін, усяго будзе выстаўлена каля дваццаці працаў. Гэта творы, якія цэнзары здымалі з выставаў цягам апошніх шаснаццаці гадоў. Будуць паказаны і тыя, што былі зьнятыя і зь цяперашняй экспазіцыі.
Творчая суполка «Пагоня» у складзе Беларускага саюза мастакоў утварылася ў 1990 годзе «дзеля абуджэння нацыянальнай самасвядомасці народу, ягонага духоўнага, культурнага і дзяржаўнага адраджэння». Гэты гурток запачаткаваў плынь у мастацтве, якую крытыкі назвалі «гістарычным рамантызмам». Чынны ўдзел у дзейнасці суполкі ад пачатку бралі Яўген Кулік, Віктар Маркавец, Мікола Купава, Уладзімір Крукоўскі, Георгі Скрыпнічэнка, Генадзь Драздоў, Уладзімір Сулкоўскі, Юры Піскун, Алесь Шатэрнік, Аляксей Марачкін.
Менавіта сябры «Пагоні» Крукоўскі, Кулік і Талбузін сталі стваральнікамі дзяржаўнае сімволікі незалежнай Беларусі ў 1991-м годзе.
У сённяшняй экспазіцыі дэманструюцца творы 60 мастакоў рознага ўзросту і розных творчых манераў, у тым ліку , Яўгена Куліка і Віктара Шматава, якіх ужо няма ў жывых. Сярод іншых такія славутыя майстры, як Аляксей Марачкін, Віктар Маркавец, Георгі Скрыпнічэнка. Сюжэты твораў ня толькі гістарычныя, многія адлюстроўваюць падзеі сучаснасьці.
Менавіта таму, шэсць працаў з яе экспазіцыі былі зьнятыя напярэдадні з ідэалагічных прычынаў. Кіраўніцтва Саюзу мастакоў не дазволіла выставіць два творы Аляксея Марачкіна, тры плякаты Уладзімера Крукоўскага і карціну Віктара Мікіты. На пяці зь іх ёсьць нацыянальная сымболіка — герб «Пагоня», бел-чырвона-белыя сьцягі, а палатно Марачкіна «Здані (пераможцы)» прысьвечанае падзеям 19 сьнежня ў Менску. На ім — шэрагі АМАПаўцаў, на пярэднім пляне баец-прывід з кветкай і сабака.
А праз пару дзён пасьля адкрыцьця на загад прадстаўнікоў Міністэрства культуры была зьнятая яшчэ і інсталяцыя Генадзя Драздова і Аляксея Марачкіна «Беларуская піраміда». Інсталяцыя ўяўляла сабой піраміду, на якой кожны жадаючы мог пакінуць любы запіс. Людзі пісалі пра сённяшнюю сітуацыю ў краіне. Калі атрымаецца яе забраць, магчыма, «Беларускую піраміду» як і іншыя зьнятыя працы пакажуць на выставе «Рэпрэсаваныя творы».