Сёньня на судовым канвэеры — Ліхавід, Дашкевіч і Лобаў, а таксама прысуд Андрэю Бандарэнку

22 сакавіка 2011 11:25  |  Навіны

22 сакавіка ў Менску пачынаюцца адразу два суды над ўдзельнікамі падзеяў у сьнежні мінулага году – Мікіту Ліхавіда будуць судзіць ў Партызанскім судзе Менску (вул. Сямашкі, 33, 10-00), лідэраў “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава – ў Маскоўскім судзе Менску (пр. Газеты “Праўда”, 27, 14-00). Таксама 22 сакавіка Менскі гарадзкі суд абвесьці прысуд прадпрымальніку і сябру АГП Андрэю Бандарэнку, чыю справу таксама лічаць палітычна матываванай.

Суд над Мікітам Ліхавідам пачнецца раніцай. Працэс будзе весьці судзьдзя Натальля Пыкіна. Абараняць абвінавачанага будзе адвакат Дар’я Ліпкіна.

Мікіту Ліхавіду — 20 гадоў, ён студэнт-завочнік Менскага інстытуту кіраваньня, апошні час жыў і працаваў у Вільні. Ліхавід быў затрыманы 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці і асуджаны на 15 сутак адміністратыўнага арышту. У турме юнака дапытвалі сьледчыя КДБ. Ліхавіду высунулі абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых непарадках. Паводле зьвестак, у сьледзтва ёсьць відэа з удзелам Мікіты Ліхавіда ў падзеях каля ўваходу ў Дом Ураду.

Фармальна справа кіраўнікоў “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава, якіх пачнуць судзіць ў Маскоўскім судзе а 14-ай гадзіне, з падзеямі на Плошчы не зьвязаная. Актывістаў арыштавалі за дзень да выбараў паводле абвінавачаньня ў злосным хуліганстве. Нібыта яны зьбілі двух мінакоў у Менску на вуліцы Янкі Брыля.

Дашкевіч і Лобаў кажуць, што гэта была правакацыя спэцслужбаў з мэтай ізаляваць іх напярэдадні Плошчы. Паводле хлопцаў, на іх напалі невядомыя, прычым першым ударам ззаду быў зьбіты з ног Дзяніс Лазар, які на працэсе будзе сьведкам.

Маці Эдуарда Лобава Марына спадзяецца, што суд усё ж дасьць веры ягоным паказаньням, а не двух пацярпелых. Іх словы Марына Лобава лічыць хлусьнёй: “Яны кажуць, што на іх напалі і першымі ўдарылі. Мой сын, нібыта, і Дашкевіч. За тое, што яны папрасілі запаліць. Хаця насамрэч пасьля гэтага пытаньня яны як раз напалі. Іх было чацьвёра. Дарэчы, таксама несупадзеньне ў паказаньнях пацярпелых, калі яны кажуць, што іх было толькі два. Тады хто ззаду ўдарыў Лазара гэтак, што ён упаў? Таму яны і кажуць, што Лазар стаяў, а не паваліўся”. 

Тры месяцы Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў ужо знаходзяцца ў зьняволеньні – спачатку ў Жодзінскім СІЗА, зараз – у турме на вуліцы Валадарскага ў Менску. Паводле зьвестак ад абодвух актывістаў, да іх да апошняга часу працягвалі прыходзіць сьледчыя з вайсковай контрвыведкі КДБ з пытаньнямі адносна дзейнасьці апазыцыі.

“Да справы аб злосным хуліганстве гэта ня мае ніякага дачыненьня”, — заўважае намесьнік старшыні “Маладога фронту” Наста Палажанка, якая лістуецца са Зьмітром Дашкевічам. Дашкевіча дагэтуль трымаюць ў камэры, дзе вязьням не хапае ложкаў і людзі сьпяць на самаробных гамаках.

“Банальна не хапае месца нават на падлозе, і людзі сьпяць у гамаках паміж нарамі. Нацягваюць вяроўкі, на іх прасьціну, атрымліваецца нешта кшталту гамаку. І вось на такім прыстасаваньні ён сьпіць”, — пераказвае ліст Дашкевіча Наста Палажанка. 

Абараняць Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава будуць адвакаты Мар’яна Сямешка іАлена Аўсяньнікава, а судзіць будзе судзьдзя Алена Шылько. Паводле меркаваньня адвакатаў, працэс можа ня ўкласьціся ў адзін дзень.

 

22 сакавіка Менскі гарадзкі суд абвесьці прысуд прадпрымальніку і сябру Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэю Бандарэнку. Яго вінавацяць у эканамічных злачынствах, але сваякі і палітыкі называюць справу Андрэя Бандарэнкі палітычна матываванай. 

Прадпрымальнік і сябра АГП Андрэй Бандарэнка адбыў два гады зьняволеньня. Раней яго прызналі вінаватым у крадзяжы і махлярстве. За гэты час ягоную справу пераглядалі двойчы. І 22 сакавіка будзе абвешчаны прысуд паводле трэцяга разгляду. Паведамляе сябра АГП Ганна Красуліна:

“Гэта зноў суд першай інстанцыі пасьля таго, як Вярхоўны суд вынес пратэст, а прэзыдыюм Менскага гарадзкога суду гэты пратэст прыняў адносна папярэдняга выраку. І зараз у Менскім гарадзкім судзе разглядаецца гэтая справа, як суд першай інстанцыі, хоць насамрэч гэта трэці разгляд. Але гэткім чынам яго зноў можна будзе апратэставаць”.

У 2008 годзе Андрэй Бандарэнка балятаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, але ў парлямэнт не патрапіў. Бандарэнка спрабаваў аспрэчыць вынікі галасаваньня, а ў выніку апынуўся за кратамі на 6 гадоў. 

Бацька прадпрымальніка Валеры Бандарэнка ня верыць, што ягоны сын вінаваты, і што суды на ім былі справядлівыя: «Якая справядліваць? Гэта абсурд. Пракурор на першым судзе зачытаў тое ж абвінавачаньне, што і зараз. На першым судзе ён папрасіў дзевяць гадоў, а на гэтым судзе – за тое ж самае – ужо шэсьць. Хаця б гэта – якая тут справядлівасьць? Не задаў ніводнага пытаньня за ўвесь суд, Але раптам памяняў артыкул – ужо не крадзёж а махінацыі – жудасна». 

Помстай за актыўную грамадзянскую пазыцыю зьняволеньне Андрэя Бандарэнкі называе намесьнік старшыні АГП Леў Марголін: «Гэтую справу я магу пракамэнтаваць як палітык і як эканаміст. Калі чалавеку выстаўляюць абвінавачаньне, калі ён ня меў ніякіх правоў на кіраваньне прадпрыемствам – ня быў ні кіраўніком, ні галоўным бухгальтарам, то гэта нонсэнс. Таму я лічу гэтую справу палітычна матываванай, якая ўзьнікла пасьля таго, як Андрэй прыняў удзел у парлямэнцкіх выбарах». 

Калі Андрэй Бандарэнка апынуўся за кратамі, ягонай дачцэ было 6 месяцаў. Цяпер дзяўчынцы споўнілася 2,5 гады.

 

Болей навін