Cёньня працяг судоў над Ліхавідам, Дашкевічам і Лобавым
Сёньня ў Маскоўскім судзе Менску працягнецца працэс паводле абвінавачваньня лідэраў Маладога фронту Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава ў злосным хуліганстве. Хлопцаў затрымалі за дзень да мінулых прэзыдэнцкіх выбараў пасьля сутычкі нібыта з выпадковымі мінакамі, і цяпер ім пагражае да 10 гадоў турмы. А ў Партызанскім судзе Менску ідзе працэс над актывістам руху «За свабоду» Мікатам Ліхавідам, якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня.
Самых важных фігурантаў справы Дашкевіча і Лобава пацярпелых Алега Малышава і Канстаціна Савіцкага, якіх нібыта пабілі Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў, ніхто на працэсе так і ня ўбачыў. 21 сакавіка суд ужыў да іх асаблівыя ахоўныя захады, таму што яны, маўляў, баяцца помсты родных і паплечнікаў Дашкевіча ды Лобава. Таму свае паказаньні яны давалі з суседняга з судовай заляй пакоя, праз прыадчыненыя дзьверы. Зьміцер Дашкевіч, які на судзе заявіў, што бойка, пасьля якой яго арыштавалі, была справакаваная ўладамі, каб нэўтралізаваць яго перад выбарамі, увогуле лічыць прозьвішчы пацярпелых псэўданімамі, а іх саміх — закансьпіраванымі правакатарамі. Дашкевіч адкрыта заклікаў «пацярпелых» самім рыхтавацца да турмы за лжывыя паказаньні.
Людзі гэтыя сапраўды дзіўныя — маюць па 30 гадоў, а нідзе і ніколі не працавалі і не вучыліся, нават працоўных кніжак ня маюць, але на месца бойкі яны прыехалі на таксі, прычым паміж сабою выпадкова там сустрэліся. Называлі адзін аднаго таварышамі, казалі, што ў той дзень ехалі ў кавярню ды спыталі ў Дашкевіча, дзе прыпынак, і папрасілі цыгарэту… Мабільных тэлефонаў яны ня носяць, адукацыю маюць сярэднюю, але лёгка ўступалі ў дыскусіі з адвакатамі падсудных, прычым Савіцкі адкрыта ім грубіў, за што атрымаў папярэджаньне ад судзьдзі. Гаварылі яны ўпэўненым голасам, які ніяк не пасаваў баязьлівым беспрацоўным. Пацярпелыя і адзіны сьведка-міліцыянт, якіх дапыталі сёньня ў судзе, блыталіся ў сваіх паказаньнях, што некалькі разоў давяла адвакат Мар’яна Сямешка. З паказаньняў жа падсудных вынікае, што невядомыя пабілі менавіта іх. А пасьля, праз 5 хвілін ад пачатку бойкі, на месца здарэньня прыбылі адразу два міліцэйскія патрулі — пешыя міліцыянты і спэцназ на мікрааўтобусе.
На думку назіральнікаў, вінаватасьць Лобава і Дашкевіча за першы дзень выявіць у судзе не ўдалося, хутчэй наадварот. Таму родныя падсудных спадзяюцца на апраўдальны вырак судзьдзі.
Маці Эдуарда Лобава Марына: «Некаторыя падрабязнасьці з дапамогай адвакатаў выяўляюцца. Але ўвесь працэс падобны на цыркавое прадстаўленьне. Бо, акрамя сьмеху, паказаньні пацярпелых нічога не выклікаюць. І асабліва іх адказы на непадрыхтаваныя пытаньні. Але спадзяюся, што суд будзе справядлівы і судзьдзя ацэніць іх адказы».
Бацька Зьмітра Дашкевіча Вячаслаў кажа, што чакаць чаго-небудзь добрага ад гэтага суду цяжка, бо не для таго іх бралі: «Хто тыя пацярпелыя, дзе яны, чаму іх не паказваюць? Баяцца? Усё гэта правакацыя і ўсё гэта падстроена. Я шкадую толькі, што Зьміцер не дабыў да Плошчы, хай бы яго лепш з Плошчы забралі».
Паплечніца падсудных Наста Палажанка, якую забралі за падзеі на Плошчы, а цяпер адпусьцілі на падпіску пра нявыезд, кажа што мае ад працэсу «брыдкія» ўражаньні:
«Абсалютна бачна, што ўсё гэта судовы фарс, і Зьміцер правільна сказаў, што гэта судовы цырк. І ўлада гэта нават не хавае. Нейкія галасы, якія гавораць за дзвярыма і блытаюць паказаньні… Безумоўна, я ня мела ілюзіяў адносна беларускай судовай сыстэмы, але ўсё-такі хочацца верыць, што нейкія сумленныя людзі ў ёй засталіся».
Актывіст МФ Мікола Дземідзенка мяркуе, што ў беларускім судзе давесьці, што чорнае — гэта чорнае, а белае — белае, немагчыма, але на суд трэба прыйсьці, каб хоць маральна падтрымаць сяброў: «Я ўсьцешаны тым, як вельмі добра выглядаюць Зьміцер і Эдуард, яны трымаюцца вельмі бадзёра і адчуваюць сваю праўду. Таму мы вельмі спадзяемся на іх хуткае вызваленьне».
Пакуль Мікола Дземідзенка дзяліўся сваімі ўражаньнямі ад суду, міліцыянты з аховы будынку груба, кулакамі і нагамі, выпіхвалі з судовага фае маладых людзей, якія прыйшлі на працэс.
У судзе над Ліхавідам пацярпелыя міліцыянты ня могуць даказаць сваіх траўм
Абараняе Мікіту Ліхавіда адвакат Дар’я Ліпкіна. Яна, на думку назіральнікаў, спрычынілася сёньня да таго, што працэс над Мікітам Ліхавідам адрозьніваўся ад папярэдніх судоў над удзельнікамі Плошчы. Найперш сваёй актыўнай пазыцыяй. Спачатку адвакат Ліпкіна заявіла хадайніцтва аб спыненьні справы на той падставе, што доказаў масавых беспарадкаў, на думку адваката, сьледзтва не прадставіла і патрэбна новае расьсьледаваньне падзей 19 сьнежня.
Але судзьдзя хадайніцтва адхіліла. Не пагадзілася адвакат Ліпкіна і з тым, што да 15 пацярпелых міліцыянтаў, якія ўжо фігуруюць у справе актывіста, абвінавачаньне вырашыла дадаць яшчэ 16 пацярпелых. Паводле адваката, не было дастаткова доказаў, што яны сапраўды пацярпелі. Але і гэтае хадайніцтва судзьдзя адхіліла і далучыла да сьпісу пацярпелых яшчэ 16 прозьвішчаў. Праўда, у выніку два пацярпелыя зь нейкіх прычын у суд не зьявіліся.
На падобных працэсах раней на допыт кожнага з пацярпелых суд траціў ад 5 да 10 хвілін: пытаньні пракурора, пытаньні адвакатаў, зрэдку пытаньні судзьдзі — і пачынаецца допыт новага пацярпелага. На працэсе над Мікітам Ліхавідам усё зьмянілася. Допыт першага ж пацярпелага, міліцыянта Пятра Караваева, расьцягнуўся болей як на гадзіну і заканчваўся ўжо пасьля перапынку на абед. Адвакат Дар’я Ліпкіна падрабязна распытвала пра ўсе абставіны падзеяў на плошчы 19 сьнежня і пра ролю ў іх гэтага канкрэтнага міліцыянта. Пётар Караваеў спачатку некаторыя пытаньні ігнараваў, сам паспрабаваў задаваць пытаньні, што судом забаронена, у выніку атрымаў заўвагу і далей адказваў больш карэктна.