Зміцер Дашкевіч: Адзіны спосаб вытрымаць усё гэта – смяяцца
Лідэр «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч знаходзіцца ў СІЗА-1 на Валадарскага ў камеры, дзе колькасць зняволеных нашмат перавышае нормы. Там ужо ўтрымліваецца 50 чалавек, але чакаецца «папаўненне» да 65-ці. Спаць прыходзіцца па чарзе.
Пра гэта Дашкевіч паведаміў у першым лісце пасля прысуду, які 29 сакавіка атрымала Наста Палажанцы:
«Зміцер піша, што два гады гэта не пяць і не сем, але ён безумоўна спадзяваўся, што ўсё ж ён зможа выйсці на свабоду, бо і ў судзе было бачна наколькі сфабрыкаваная справа. Мы ўсе спадзяваліся на цуд. Зміцер кажа пра гэта спачувальна, але ж вытрымаем. У ягонай камеры 50 чалавек, раней было каля 20, ён казаў, што гэта вельмі шмат. Ён кажа, што вытрымоўваць гэта можна толькі смехам, бо інакш гэта вытрымаць – нерэальна. Вось і смяецца. Нам у лістах.»
У панядзелак Эдуард Лобаў ўпершыню за 3 месяцы з моманту арышту змог паразмаўляць са сваімі роднымі. Марына, маці Эдуарда, і Улад, ягоны малодшы брат, размаўлялі з Эдуардам па тэлефоне праз шкло адну гадзіну:
«Літаральна пару хвілінак мы абмеркавалі, якія рэчы яму перадаць для пераезду ў калонію, а ўвесь астатні час размаўлялі аб апошніх навінах і палітычных падзеях», – распавяла Марына Лобава.
Па словах жанчыны, Эдуард не быў здзіўлены прысудам (4 гады турмы), бо чуў пра жорсткія прысуды для ўдзельнікаў акцыі 19 снежня Атрошчанкаву, Малчанаву і Парфянкову. Дарэчы, з Парфянковым нейкі час Лобаў сядзеў у адной камеры, а перад ад’ездам у суд знаходзіўся ў адным «стакане» з палітвязнем Мікітам Ліхавідам.
Пасля прысуду Эдуард Лобаў вырашыў дачакацца рашэння па касацыйнай скарзе ў Менску. Многія зняволеныя пішуць заявы на датэрміновае этапаванне, бо існуе меркаванне, што ў калоніі адбываць тэрмін лягчэй, чым у следчым ізалятары. «Хай пакуль пабудзе ў Менску: і перадачу лішнюю змагу яму аддаць, і лісты хутчэй даходзяць, і спатканне, можа, яшчэ адно дадуць», – ўхваляе рашэнне сына Марына Лобава.
Пачакаць з этапаваннем вырашыў і Зміцер Дашкевіч – у панядзелак з ім сустрэлася адвакатка Мар’яна Сямешка. А вось са спатканнем Зміцеру не пашэнціла – суддзя Алена Шылько адмовіла блізкай сяброўцы Дашкевіча Насце Палажанцы ў сустрэчы.
«Я напісала заяву і перадала яе праз сакратара суддзі. Тая без праблем ўзяла, але, па вяртанні з пакоя, сказала, што суддзі спатрэбіцца час падумаць. Я зразумела, што будзе тэлефанаванне «наверх». І сапраўды, праз кароткі час да мяне зноў выйшла сакратарка і з вінаватым выглядам аддала паперку з рэзалюцыяй «Адмоўлена». Падчас мінулай адсідкі Зміцера, яшчэ ў 2006 годзе, у мяне не было падобных адмоваў на спатканні», – распавядае Наста Палажанка. Бацькі Зміцера Дашкевіча моцна хварэюць і не маюць магчымасці наведаць сына.
Нагадаем, 24 сакавіка маладафронтаўцы Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў былі прысуджаныя адпаведна да 2-х год агульнага рэжыму і 4-х год строгага рэжыму па абвінавачванні ў «асабліва злосным хуліганстве». Разгляд касацыйнай скаргі адбудзецца на працягу месяца.