Палітвязень Мікіта Ліхавід, блогер Будзімір і актівіст Сяргей Малалеткін абвесьцілі галадоўку пратэсту
Пра галадоўку Мікіта Ліхавід паведаміў сваёй маці падчас спатканьня, якое адбылося раніцай 31 сакавіка ў менскім ізалятары на вуліцы Валадарскага. Вядомы блогер Дзмітры Галко (budzimir) таксама абвясьціў пра пачатак бестэрміновай галадоўкі, патрабуючы вызвалення палітвязняў. Сёньня да іх далучыўся Сяргей Малалеткін з Воршы.
Пра галадоўку Ліхавіда распавяла яго маці Алена Ліхавід: “Сказаў, што пачынае галадоўку супраць прысуду, які лічыць незаконным, і настойвае на яго адмене. Патрабуе, каб сьведка, які даваў супраць яго паказаньні, назваў тых, хто прымушаў яго лжэсьведчыць. Яшчэ сказаў, што на судзе адчуваў сябе больш свабодным, чым судзьдзя, пракурор і пацярпелыя”.
29 сакавіка судзьдзя Партызанскага раённага суду Натальля Пыкіна прызнала 20-гадовага актывіста руху “За свабоду” Мікіту Ліхавіда вінаватым ва ўдзеле ў масавых непарадках 19 сьнежня і асудзіла на тры з паловаю гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Сваякі Мікіты Ліхавіда адразу заявілі, што разам з адвакатам ён будзе абскарджваць прысуд.
З 1 красавіка на знак салідарнасьці з палітвязьнем Мікітам Ліхавідам абвясьціў галадоўку 49-гадовы жыхар Воршы, удзельнік падзей 19 сьнежня Сяргей Малалеткін.
“Я веруючы чалавек. І не магу цярпець несправядлівасьць. Калі супраць несправядлівага прысуду галадуе 20-гадовы юнак, я проста фізычна не магу нават думаць пра ежу. Я сам бацька, у мяне 18-гадовы сын і 28-гадовая дачка, і таму я проста абавязаны падтрымаць Мікіту. Буду галадаваць столькі ж, колькі будзе трымаць галадоўку ён!” — заявіў Малалеткін.
Малалеткін галадуе ў сябе дома. Кажа, што ўжо мае досьвед галадовак. З раніцы 1 красавіка ён ужывае толькі пітную ваду.
Падчас разгону Плошчы-2010 Сяргею Малалеткіну выбілі зубы, зламалі руку, нанесьлі іншыя цялесныя пашкоджаньні. За ўдзел у акцыі суд аштрафаваў яго на 30 базавых велічынь — 1 мільён 50 тысяч рублёў.
Былы пазаштатны супрацоўнік «Радыё Свабода» Зьміцер Галко, вядомы як блогер Будзімір, пра сваю галадоўку паведаміў у сваім блогу 30 сакавіка. Ён распачаў бестэрміновую галадоўку пратэсту, патрабуючы вызваленьня палітвязьняў. «Не магу па-ранейшаму пасіўна назіраць за палітычным бязьмежжам, што існуе ў маёй краіне, абмяжоўваючыся шчоўканьнем дзюбай у жэжэ», — напісаў Будзімір у сваім блогу.
У каментарах да свайго допісу Будзімір кажа, што яго натхніла ірландская галадоўка 1981 г. Цяпер ён знаходзіцца дома, галадоўку трымае мокрую, бо сухая гэта «занадта хутка».
У інтэрвію журналістам блогер пацьвярджае, што ён насамрэч сур’ёзна настроены ісьці да канца:
«Зараз я зьбіраюся канкрэтызаваць свае патрабаваньні, звузіць іх да нейкай пэўнай праблемы. Тым больш, што зараз распачаў галадоўку Мікіта Ліхавід. Я думаю, што далучуся да яго і буду патрабаваць яго вызваленьня».
Будзімір мяркуе, што адначасовая галадоўка некалькіх чалавек дасьць больш плёну.
Блогер прызнае, што дыскрэдытацыя галадоўкі ў Беларусі, як спосабу пратэсту — гэта амаль медычны факт. Але рэзервы яшчэ ёсьць, як і прыклады таго, што часткова галадоўка, як акцыя пратэсту, дае магчымасьць дасягнуць чаканага эфекту. Будзімір пры гэтым прыводзіць прыклады галадоўкі вернікаў царквы «Новае жыцьцё» ў 2006 годзе і кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна ў часе зьняволення ў калоніі.
«Мая перавага ў тым, што я не палітык. Мяне цяжка звінаваціць у імкненні прыцягнуць такім чынам да сябе ўвагу», — падкрэсліў Будзімір.
Зьміцер Галко нарадзіўся ў 1979 г. у Менску. 19 сьнежня 2010 г. узяў удзел у акцыі пратэсту, быў затрыманы і адсядзеў 10 сутак адміністрацыйнага арышту. 25 сакавіка ў сваім блогу паведаміў пра сыход з «Радыё Свабода», дзе працаваў пазаштатна аглядальнікам беларускіх блогаў.
Паводле Радыё “Свабода” і “Нашай Нівы”