“Следства” па Плошчы-2010 завершанае, прад’яўленае абвінавачванне новым падсудным, прысуд ужо асуджаным пакінулі без зменаў
5 красавіка агенцтву «Інтэрфакс-Захад» ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей (УІГС) МУС паведамілі, што следчым упраўленнем папярэдняга расследавання ГУУС Менгарвыканкама завершана папярэдняе расследаванне крымінальнай справы, узбуджанай у дачыненні да грамадзян Беларусі — нібыта арганізатараў і ўдзельнікаў масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 г.
“Паводле высновы следства, атрыманы вычарпальныя доказы аб спробе змены Канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь па папярэдняй змове з прадстаўнікамі замежных дзяржаў і арганізацый, якія па сутнасці ставілі канчатковай мэтай ажыццяўленне дзяржаўнага перавароту. У ходзе расследавання крымінальных спраў ўстаноўленая роля і ступень удзелу кожнага фігуранта ў адбыўшыхся падзеях”, — адзначылі ў МУС.
У МУС заявілі, што з улікам накіраваных у замежныя дзяржавы просьбаў аб аказанні прававой дапамогі, наяўныя матэрыялы ў адносінах да замежных арганізацыяў і грамадзянаў вылучаныя ў асобную вытворчасць і расследаванне ў пазначаным напрамку будзе працягнутае, у тым ліку ў адносінах да асобаў, якія хаваюцца на тэрыторыі замежных дзяржаваў.
Следчае ўпраўленне папярэдняга расследавання ГУУС Менгарвыканкаму 5 красавіка прад’явіла абвінавачванні Паўлю Вінаградаву. Акрамя ўдзелу ў масавых беспарадках (частка 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу) яго вінавацяць таксама ў знявазе дзяржаўных сімвалаў (артыкул 370 Крымінальнага кодэксу).
Напярэдадні абвінавачаньне паводле часткі 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу было прад’яўленае яшчэ 5 асобам – Дзмітрыю Дразду, Уладзіміру Лобану, Яўгену Сакрэту, Сяргею Казакову і Віталю Мацукевічу.
Паведамлялася таксама, што ў аўторак абвінавачанні павінны былі вынесці Уладзіміру Хамічэнку і Андрэю Федаркевічу. Пры гэтым МУС Беларусі аспрэчвае паведамленні ў медыях аб тым, што “Андрэй Федаркевіч і Уладзімір Хамічэнка былі правакатарамі і агентамі беларускіх праваахоўчых структур”.
Адразу пасля падзеяў 19 снежня згаданы Уладзімер Хамічэнка атрымаў у інтэрнэце мянушку “навушнік” за тое, што, як сведчаць відэаматэрыялы, у часе правакацыі ля Дому ўраду перамаўляўся з некім праз схаваны ў рукаве паліта мікрафон. Раней у Хамічэнкі было крымінальнае мінулае. У тэндэнцыйным апраўдальным фільме БТ “Жалезам па шклу” Хамічэнку спрабавалі звязаць з аргкамітэтам БХД, але пасля адмовіліся ад гэтых абвінавачванняў.
“Хамічэнка не быў актывістам ніводнай няўрадавай арганізацыі, таму ўладзе і нявыгадна прызнаваць яго за крымінальніка, бо гэта б разбурала патрэбную ўладам версію пра брутальныя паводзіны менавіта апазіцыі”, – заяўлялі яшчэ ў студзені праваабаронцы.
5 красавіка Менскі гарадскі суд пакінуў без зменаў прысуд журналісту Аляксандру Атрошчанкаву, актывістам Дзмітрыю Новіку і Аляксандру Малчанаву, якіх ужо асудзілі да розных тэрмінаў зняволення за ўдзел у падзеях 19 снежня. Самі асуджаныя на разглядзе не прысутнічалі.
Сваякі Атрошчанкава, якія прысутнічалі ў судзе, сказалі, што будуць абскарджваць гэтае рашэньне ў Вярхоўным судзе.
Паводле паведамленняў Радыё “Свабода”, “Нашай Нівы” і ПЦ “Вясна”