Гадавіна смаленскай трагедыі ў Польшчы і на Смаленшчыне
Гэтымі днямі ў Польшчы і на Смаленшчыне адбываюцца жалобныя мерапрыемствы з нагоды гадавіны катастрофы пад Смаленскам. 10 красавіка 2010 года на Паўночным лётнішчы Смаленску разьбіўся польскі ўрадавы самалёт ТУ154, які ляцеў на ўрачыстасьці з нагоды 70-х угодкаў расстрэлу польскіх афіцэраў у Катыні. Загінулі ўсе 96 пасажыраў, у тым ліку прэзыдэнт Лех Качыньскі з жонкаю Марыяй, галоўнакамандуючыя ўсіх радоў польскага войска, шэраг парлямэнтароў, урадоўцаў, выбітных грамадзкіх дзеячоў.
У суботу, напярэдадні першай гадавіны гібелі амаль ста ахвяраў авіякатастрофы самалёта польскага прэзыдэнта Леха Качынскага, адбылася другая пілігрымка прадстаўнікоў «смаленскіх сем’яў» на месца страшнай падзеі 10 красавіка мінулага году. У Смаленск прыбылі 104 сваякі загіблых з 40 сем’яў. Калі летась яны ляцелі праз самы блізкі да Смаленска аэрапорт у Віцебску, то сёлета абмінулі Беларусь і прызямліліся ў Маскве, хоць тым самым сваё аўтобуснае падарожжа да месца трагедыі павялічылі на 200 кілямэтраў і страцілі некалькі гадзін часу.
Другі прыезд прадстаўнікоў «смаленскіх сем’яў» у Смаленск, як і паўгоду таму, арганізавала жонка новага прэзыдэнта Польшчы Ганна Камароўска. Смаленск сустрэў іх на дзіва сурова для красавіка — моцным мокрым сьнегам і ветрам. Некаторыя бачылі ў гэтым пэўны жалобны знак. Родныя ахвяр смаленскай трагедыі хаваліся ад слоты пад аднолькавымі сінімі парасонамі, шмат стаялі ў задуменьні, плакалі, імкнуліся пазьбягаць размоў з прэсай.
Дэлегацыя ўзяла ўдзел ў экумэнічных малітвах, родныя ахвяр усклалі вянкі і кветкі да адзінокай бярозы, у якую ўрэзаўся прэзыдэнцкі самалёт, да новага крыжа на месцы, дзе знайшлі цела Леха Качынскага. Прагучалі прозьвішчы ўсіх загіблых. Многія смаленскія палякі паходзяць з Валожына, Глыбокага, Івянца і іншых мясьцінаў Заходняй Беларусі.
Наведалі яны і месца, куды ня трапіла дэлегацыя на чале з прэзыдэнтам Качынскім, — Катынь. У панядзелак там маюць сустрэцца лідэры Польшчы і Расеі Браніслаў Камароўскі і Дзьмітры Мядзьведзеў. Многія згадвалі, што незадоўга да гэтай сустрэчы расейскі бок перадаў Польшчы больш за сто тамоў крымінальных спраў ахвяр Катыні, і выказвалі спадзеў, што непаразуменьні паміж Масквою і Варшавай у ацэнцы тых падзей будуць пераадоленыя. Як сказаў на жалобнай цырымоніі сын загіблага віцэ-міністра абароны Станіслава Камароўскага Мацей, «тысячы і мільёны расейцаў пасьля 10 красавіка злучыліся з намі ў нашым горы».
Польская дэлегацыя, прыбыўшы на месца катастрофы самалёта, заўважыла, што на памятным камені замянілі таблічку. Замест ранейшай польскамоўнай, на якой пазначалася, што прэзыдэнт Качынскі і іншыя ахвяры ляцелі ў Катынь на месца забойства энкавэдзістамі польскіх афіцэраў, зьявілася новая дзьвюхмоўная таблічка, на якой зьмянілі і тэкст, прыбраўшы адтуль сказ пра тое, што загінулыя ляцелі “ўшанаваць памяць ахвяраў савецкага генацыду”.
Сем’і ахвяраў абураныя заменай. Фактычна ўзьнік міжнародны скандал. Выказваюцца сумневы, ці ўскладзе да зьмененага мэмарыяльнага знака вянок прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі і ці ўвогуле прыедзе на месца трагедыі.
У Польшчы таксама адбыліся жалобныя мерапрыемствы з нагоды першай гадавіны трагедыі пад Смаленскам.
Увечары 9 красавіка каля гмаху амбасады Расеі ў Варшаве дэманстрацыя з патрабаваньнем праўды аб прычынах катастрофы пад Смаленскам. Прысутныя абураныя тым, што расейцы ўначы зь пятніцы на суботу зьмянілі замацаваную палякамі мэмарыяльнгую шыльду ў Смаленску ў гонар ахвяраў катастрофы.
У нядзелю 10 красавіка а 7-й раніцы на вайсковым лётнішчы ў Варшаве адбылося экумэнічнае набажэнства з удзелам сваякоў ахвяраў катастрофы, на якім ня было ні палітыкаў, ні журналістаў.
Хаця год таму, у страшэнныя для краіны дні пасьля катастрофы, шмат гаварылася пра яднаньне, палітыкі не змаглі дамовіцца, каб разам адзначыць гадавіну тых трагічных падзеяў. Прадстаўнікі кіроўнай кааліцыі, а да яе належаць прэм’ер, сьпікеры абедзьвюх палатаў парлямэнту з аднаго боку і брат загінулага прэзыдэнта Леха Качыньскага, лідэр найбуйнейшай апазыцыйнай партыі “Права і справядлівасьць” Яраслаў Качыньскі – з другога ўзялі ўдзел у розных мерапрыемствах і ў розны час.
Прыхільнікі “Права і справядлівасьці” лічаць, што ўрад Дональда Туска робіць зусім недастаткова, каб высьветліць прычыны трагедыі, а акрамя гэтага цяперашнія ўлады не пагаджаюцца на помнік Леху Качыньскаму каля прэзыдэнцкага палацу ў Варшаве. Таму Яраслава Качыньскага ня было і на галоўных дзяржаўных урачыстасьцях, што адбываліся на сталічных вайсковых могілках Павонзкі – там стаіць помнік ахвярам катастрофы, пахаваныя некаторыя зь іх.
Прэзыдэнт Камароўскі каля помніка ахвярам катастрофы на могілках у Варшаве адзначыў: “Думаю, што тут трэба сказаць, што найпрыгажэйшы з усіх помнікаў, якія мы маглі б усталяваць ахвярам, гэта помнік адзінству, якое будуецца таксама й на фундамэнце драматычных перажываньняў, агульнанацыянальнай жалобы, ды разуменьні таго, што вельмі шмат яшчэ трэба зрабіць у імя памяці пра тых, што адышлі год таму”.
У 8 гадзінаў 41 хвіліну, дакладна ў той час, калі год таму разьбіўся прэзыдэнцкі ТУ154, усе – удзельнікі жалобных мерапрыемстваў, палітыкі, кіроўцы, мінакі ва ўсёй краіне спыніліся на некалькі хвілінаў. Завылі сырэны.
Між тым з самай раніцы тысячы людзей прыходзілі да прэзыдэнцкага палацу, што ў цэнтры Варшавы на вуліцы Кракаўскае прадмесьце.
Паводле вынікаў апытаньняў грамадзкай думкі, зробленых напярэдадні гадавіны смаленскай трагедыі, каля 70% палякаў лічаць, што прычыны катастрофы дагэтуль канчаткова ня высьветленыя і што ня будуць высьветленыя бліжэйшым часам.
Паводле справаздачы расейскага Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэту (МАК), прычынаю катастрофы было дрэннае надвор’е і, перадусім, памылкі пілётаў. Польскі бок скрытыкаваў справаздачу МАК, заявіўшы, што камітэт не ўлічыў польскіх заўвагаў да дакумэнту.
Дагэтуль невядома, чаму пілёты прэзыдэнцкага ТУ154 пайшлі на пасадку, нягледзячы на неспрыяльныя атмасфэрныя ўмовы. Польскаму боку не перададзеныя арыгіналы “чорных скрынак”, як і тое, што засталося ад летака.
Пікет памяці – год таму сябры БХД смуткавалі разам з палякамі