Прадстаўнікі дэмсілаў за мяжой заклікалі ўлады спыніць нагнятанне ўнутрыпалітычнай сітуацыі
Грамадзянскае і палітычнае прадстаўніцтва Беларусі за мяжой, у склад бюро якога ўваходзяць прадстаўнікі “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі” і якое ўяўляе з сябе аб’яднанне, створанае прадстаўнікамі штабоў дэмакратычных кандыдатаў у прэзідэнты на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, што пасля 19 снежня вымушана апынуліся за межамі Беларусі, прынялі заяву ў сувязі з тэрактам у Менску.
Да Заявы таксама далучыліся прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных грамадзянскіх і палітычных арганізацый, якія выказалі жаданне кансалідавацца і працаваць разам дзеля дасягнення агульных мэтаў.
Заява ў сувязі з тэрарыстычным актам у метрапалітэне г. Менска 11 красавіка 2011 г.
“Шакуючы тэрарыстычны акт на станцыі «Кастрычніцкая» метрапалітэна г. Менска 11 красавіка 2011 г. жорстка ўдарыў не толькі ў сэрца Рэспублікі Беларусь – нашу сталіцу, але і бязлітасна скалануў усю нашу краіну. Паводле папярэдняй інфармацыі, па стане на 9 гадзін раніцы 12 красавіка, загінулі 12 чалавек, пацярпелі больш за 100 чалавек. Такі цяжкі ўдар, несумненна, пакіне глыбокі шнар ў душы кожнага грамадзяніна Беларусі.
У гэтыя цяжкія для ўсёй нашай краіны дні хацелі б, перш за ўсё, выказаць шчырыя спачуванні сваякам загінулых, а таксама пацярпелым ад гэтай страшнай трагедыі. Хацелі б падзяліць вашу боль і пакуты – прыміце, калі ласка, словы шчырай падтрымкі.
У сувязі з крывавымі падзеямі ў мінскім метро, што ўзарвалі сумны шэраг падзей апошняга часу ў краіне, якая апынулася ў стане беспрэцэдэнтнага крызісу, мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, адчуваем адказнасць і неабходнасць звярнуцца да дзеючага кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь з наступнымі патрабаваннямі:
1.Неадкладна правесці дбайнае расследаванне тэрарыстычнага акту ў метрапалітэне г. Менска. Для хутчэйшага раскрыцця гэтага злачынства і прыцягнення вінаватых да адказнасці задзейнічаць усе неабходныя рэсурсы, уключаючы спецыялістаў Расійскай Федэрацыі, Еўрапейскага Саюза, а таксама іншых краін, якія маюць вопыт падобных расследаванняў. Расследаванне тэракту 4 ліпеня 2008 года вымушае зрабіць выснову аб пэўным недахопе спецыялістаў дадзенага профілю ў Рэспубліцы Беларусь. Калі на кон пастаўлены жыцці людзей, неабходна без прамаруджвання выкарыстоўваць увесь назапашаны сусветны вопыт для раскрыцця гэтага злачынства і недапушчэння тэрактаў у будучыні.
2.Аказаць неабходную фінансавую і іншую падтрымку сем’ям загінулых і пацярпелых у гэтым страшным тэракце.
3.Дэталёвым чынам інфармаваць грамадскасць пра мерапрыемствы, якія праводзяцца, і пра вынікі следства.
4.Прыняць рэальныя, а не дэкаратыўныя, меры па недапушчэнні тэрарыстычных актаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Дадзеныя меры павінны быць скіраваны на гарантаванне грамадскай бяспекі. Абмежаванне законных правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь пад прыкрыццём барацьбы з тэрарызмам лічым непрымальным. Заклікаем забяспечыць прафесійную працу адпаведных службаў па падтрыманні грамадскай бяспекі, што не павінна перашкаджаць нармальнаму жыццю грамадзян краіны, поўнай рэалізацыі законных правоў і свабодаў. Настойліва патрабуем пераарыентаваць працу дадзеных службаў і ведамстваў з палітычнага вышуку на сферу іх прамой адказнасці – гарантаванне бяспекі грамадзян Рэспублікі Беларусь.
5.З прычыны бесперапыннай канфрантацыі дзеючага кіраўніцтва Беларусі з апазіцыйнымі партыямі і рухамі, якая прывяла да фактычнага расколу беларускага грамадства, заклікаем кіруючыя органы рэспублікі да неадкладнага спынення нагнятання ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў краіне. У гэтыя трагічныя дні пасля тэракту 11 красавіка 2011 года, падчас найцяжэйшай эканамічнай стагнацыі, ва ўмовах самаізаляцыі рэспублікі ад цывілізаванага свету і напружаных стасункаў з бліжэйшымі суседзямі беларускаму грамадству неабходна кансалідацыя для пераадолення крызісу ў краіне.
Існуюць моманты (пасля катастрофаў, землятрусаў, выбухаў, якія вядуць да завалаў), калі на месцы трагедыі аб’яўляецца усеагульная «хвіліна цішыні». Гэта неабходна для таго, каб пачуць любы шоргат, любы крык аб дапамозе. Сёння месцам такой трагедыі стала ўся наша краіна, наша Беларусь. Мы лічым, што ў Беларусі ў дадзены канкрэтны момант не час для беспадстаўных абвінавачванняў, прадузятага асуджэння. Неабходна на хвіліну замаўчаць і прыслухацца, ці няма яшчэ, магчыма больш сур’ёзнай небяспекі для ўсяго грамадства?
Дзеючае кіраўніцтва краіны павінна неадкладна стварыць усе ўмовы для нармальнага жыцця грамадства, для згуртавання ў гэтыя цяжкія дні, што немагчыма без здаровага дыялогу прадстаўнікоў інтарэсаў усіх груп грамадзян Рэспублікі Беларусь. Праблемы ў краіне набылі такі маштаб, што без адмовы ад аўтарытарных метадаў вырашэння пытанняў у дзяржаве беларускае грамадства будзе пастаўлена ў катастрафічныя ўмовы раз’яднанасці, панікі і безвыходнасці. Рэспубліканскае кіраўніцтва павінна задумацца пра пераход ад практыкі турэмнай ізаляцыі палітычных прадстаўнікоў грамадзян нашай краіны да працэсу пошуку рашэнняў назапашаных праблем з улікам інтарэсаў усёй Рэспублікі. Зараз не час для “палявання на ведзьмаў», але час далучэння ўсіх грамадзян Беларусі да напружанай працы па забеспячэнні годнай мірнай будучыні нашай краіны.
Хацелі б яшчэ раз выказаць шчырыя спачуванні сем’ям ахвяраў і пацярпелым ад тэрарыстычнага акту ў Менску.
Выказваем надзею на адэкватныя дзеянні дзеючага кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь у расследаванні трагічных падзей 11 красавіка 2011 года з улікам вышэй акрэсленых патрабаванняў.
Мы заклікаем палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні, працоўныя калектывы, грамадзян Рэспублікі Беларусь публічна далучыцца да дадзенай заявы, каб выказаць кансалідаваную пазіцыю ў такі важны для краіны момант”.