Адкрыты ліст-зварот ў абарону Касцёла святога Язэпа
Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, жыхары г. Мінска , выкарыстоўваючы свае канстытуцыйныя правы (арт.34, 37, 40, 51 Канстытуцыі РБ) звяртаемся да Вас з прапановай стварыць камісію з удзелам прадстаўнікоў грамадства, прадстаўнікоў каталіцкай і праваслаўнай царквы па вывучэнню выканання Указа Прэзідзэнта № 330 “Аб развіцці гістарычнага цэнтра Мінска” і Канцэпцыі рэканструкцыі гістарычнага цэнтра Мінска ад 14.07.2004 у сувязі з тым, што Мінгарвыканкам груба парушае вышэйназваныя дакументы.
Згодна з п.5 Указа Прэзідэнта №330 і Канцэпцыі рэканструкцыі гістарычнага цэнтра, “стварэнне адзінага архітэктурнага комплексу гістарычнага Мінска ажыццяўляецца ў мэтах духоўнага адраджэння і маральнага выхавання на аснове культурна-гістарычных каштоўнасцей народа Беларусі”.
Мы, грамадзяне РБ, жыхары г. Мінска, заяўляем, што пры рэканструкцыі будынкаў былога кляштара бернардынцаў (вул.Кірылы і Мяфодзія 4,6,8) Мінгарвыканкам цалкам парушае гэты пункт Канцэпцыі.
Былы кляштар бернандынцаў (вул. Кірылы і Мяфодзія 4,6,8) і былы кляштар бернардынак( вул. Кірылы і Мяфодзія 3) з’яўляюцца часткай нашай нацыянальнай духоўнай спадчыны, сведкамі вышэйшага духоўнага развіцця беларускіх земляў,сведкамі і удзельнікамі шматпакутнай гісторыі барацьбы за незалежнасць нашай Радзімы. Яны былі пабудаваны ў 17 ст. амаль адначасова. А як па-рознаму склаўся іх лес, і як па-рознаму да іх ставяцца гарадскія улады?
У 1624 годзе краснасельскім старастам Андрэем Кенсноўскім быў падараваны бернардынскім святарам вялікі кавалак зямлі з драўляным домам пад кляштар. Акт дарэння пацвердзіў ў 1628 г. Яўстафій Валовіч, і праз пару гадоў на гэтым месцы з’явіўся кляштар бернандырцаў, які пасля пажараў 1676 г. быў адбудаваны ў камяні на сродкі Крыстофа Станіслава Завішы (дадзеныя з гістарычнага архіва РБ). Комплекс бернардынцаў уключаў непасрэдна сам касцел святога Язэпа і прылеглыя да яго келлі манахаў, трапезную, флігелі, школы( у тым ліку філасофскую), шпіталь, у памяшканнях кляштара была вялікая бібліятэка, святары рабілі тэатральныя містэрыі для жыхароў горада, побач былі бернардынскія крамы. Цягам двух стагоддзяў храм з манастыром квітнелі і славіліся сваей прыгажосцю. Усе скончылася, калі наша краіна апынулася пад пятой Расейскай імперыі. У 1864г. было жорстка падаўлена паўстанне Кастуся Каліноўскага – змагара за незалежнасць Беларусі. Шмат хто з манахаў-бернардынцаў, якія падтрымлівалі ідэі Каліноўскага былі арыштаваны. І тады царскімі ўладамі было прынята рашэнне аб закрыцці кляштара і пераўтварэнні яго ў турму, дзе і сядзелі арыштаваныя манахі. А пасля царскія ўлады перадалі памяшканне манастыра ў ведамства мінскага ваеннага начальніка, а ў касцеле размясціўся акружны суд, а потым архіў, які існуе ў касцеле і сення.
Касцел бернардынак быў закладзены ў 1633 г. на ахвяраванні ваяводы Троцкага Аляксандра Служкі. А ў 1652 . манастырскі комплекс разам з касцелам пасля пажараў быў адбудаваны ў камяні. Кляштар мінскіх бернардынак працягваў дзейнічаць да сярэдзіны 19 стагоддзя. У 1852 г. яго зачынілі, а ў 1860 былы касцел бернардынак аддалі праваслаўнай царкве і асвяцілі ў памяць Кірылы і Мяфодзія. У манастырскіх сценах кляштара размясцілася праваслаўная семінарыя. У 1863 г. пасля падаўлення нацыянальна-вызваленчага паўстання К. Каліноўскага ў манастыры ўтрымлівалася вялікая група паўстанцаў, сярод якіх была дачка В.Дуніна-Марцінкевіча Каміла. У 1870 г. храм пераасвяцілі ў імя Сашэсця святога Духа і адчынілі мужчынскі праваслаўны манастыр. Царкоўны комплекс дзейнічаў да 1918 года.
Адразу з пачаткам бальшавіцкага пераварота Св.Духава Царква была адабрана ў вернікаў. З яе знялі старажытныя крыжы і ўсталявалі два чырвоных сцяга. У манастырскіх карпусах размясцілася пожарная каманда. Пасля ў храме зрабілі архіў. З канца 20-х гадоў ў сутарэннях царквы трымалі і расстрэльвалі зняволеных. Пасля прыходу немцаў ў 1942 г. храм ізноў аднавіўся. У ім пачаліся багаслужэнні. З вяртаннем саветаў пасля вайны храм больш не зачынялі. З 1961 г. Св. Духавы храм стаў саборам. Яму надалі статус галоўнага храма праваслаўнай Беларусі. А у былым манастыры зараз будуюць праваслаўную семінарыю.
З гісторыі абодвух мінскіх кляштароў- бернардынцаў і бернардынак бачна , што ў адносінах да кляштара бернардынцаў дапушчана гістарычная несправядлівасть. У памяць пра нашых продкаў, якія будавалі хрысціянскія храмы і маліліся ў гэтых сценах, у памяць пра манахаў і вернікаў, якія ахвяравалі сабой у барацьбе за незалежнасць Радзімы, дзеля нашай будучыні былы кляштар бернардынцаў, які ўключае ў сябе касцел і манастырскія пабудовы цалкам павінен быць аддадзены вернікам, якія шмат год кожны дзень моляцца на прыступках касцела святога Язепа.
Каталіцкі арцыбіскуп-мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Кандрусевіч неаднойчы выказываў просьбу перадаць кляштар каталікам. Дзясяткі тысяч вернікаў-менчукоў паставілі свае подпісы пад патрабаваннем спыніць разбурэнне святога месца. “Прасіць святыні – гэта ніколі ня грэх. Іх вяртанне – гэта наш абавязак. Пакуль мы не адкрыем, не ачысцім усіх сьвятыняў, не будзе Божага дабраславення над намі,”- сказаў адзін з каталіцкіх святароў .
Але ж гарадскія ўлады не чуюць свой народ! На звароты дзясяткаў тысяч менчукоў менгарвыканкам разам з КУУП “Мінская спадчына” адказалі звычайнымі адпіскамі. На нашых вачах мінскія чыноўнікі цынічна разбураюць і знішчаюць нашую спадчыну замест таго, каб умацоўвываць; падрываюць асновы духоўнага адраджэння і маральнага выхавання на аснове культурна-гістарычных каштоўнасцяў. На іх думку, асновамі духоўнага адраджэння з’яўляюцца казіно, рэстараны і інш. забаўляльныя залі , якімі зараз запаўняецца цэнтр Верхняга гораду ў парушэнне указу № 330. Акрамя таго, памяшканні былога кляштара бернардынцаў, нягледзячы на шматлікія пратэсты менчукоў, хуткімі тэмпамі перабудоўваюцца пад гатэль і аб’екты гандлева-бытавога прызначэння.
Мы абураныя такімі адносінамі да свайго народу, да нашай агульнай спадчыны. Мы пратэстуем і просім спыніць гэтае дзікунства. Тым больш, што ў п.1.5 “Канцэпцыі рэканструкцыі гістарычнага цэнтра Мінску” прапісана: “ выкарыстоўванне часткі Верхняга горада для стварэння і развіцця аб’ектаў духоўна-культурнага прызначэння” , а у п. 1.3 напісана, што гатэлі і аб’екты гандлева-бытавога прызначэння павінны будавацца не на перыферыйных участках. Месца для гатэляў, рэстаранаў і інш забаўляльных заляў хапае ў іншых кутках гістарычнага цэнтру . Духоўнае сэрца Мінску – такім быў і такім павінен стаць Верхні горад .
Яны стаяць побач, як родныя: праваслаўны Сьвята-Духаў Сабор і каталіцкі Касьцел Святога Язэпа, з сэрцамі-алтарамі, што хіляцца адно да аднаго. Ці трэба было б шукаць лепшыя сімвалы ўзаемнай згоды і паразумення паміж праваслаўнай і каталіцкай канфесіямі ў Беларусі?!
Як цудоўна было б, калі б сапраўды разам сышліся на адной плошчы , як у фокусе праваслаўныя – алтаром на Усход і каталіцкія – алтаром на Захад . І гэты цуд можа адбыцца у Мінску на плошчы Свабоды.