Гэта бомба была не мая выпадковасць

19 красавіка 2011 14:01  |  Блог Маргарыты Тарайкевіч

Нізка вершаў паэткі і мастачкі, сябры аргкамітэту БХД, праваслаўнай хрысьціянкі Маргарыты Тарайкевіч прысвечаная трагедыі 11 красавіка ў менскім метро. Нагадаем, у пятніцу 15 красавіка у Менску па адрасе Машэрава, 8 у межах абароны ўправы БНФ адкрылася выстава сэрыі яе калажаў “Тэорыя ненасільля”.

 

***

 

беларускай стабільнасці сталінскія карнізы
чысціян і лініі сонца на вуліцах
падабалася нам ці не гэта пытанне асобнае
але яно не магло доўга працягвацца
як цішыня адсутнасці птушак перад цунамі
як шампаньская пена на борце тытаніка
як спакойная старасць цаною страты свабоды
сваёй ці чужой невядомай як… Божа!
дай нам мужнасці дай нам
салідарнасці

 

***

 

дысідэнцкай рамантыкай дзе і пры кім
і колькі можна сказаць
родны горад сустрэў мяне
быццам болей яшчэ страціў смак
пад карнізамі класіцызму брэндавай чысцінёй
пад зоркай перад уваходам горад-герой
ён такі ж самы як быў а потым
прыйшла нязвыклая смерць пакуты і кроў
гэтая цішыня не магла быць доўгай

 

***

 

гэты горад ачышчаны горад вуглоў і ліній
бяз смаку і паху і без
да нядаўніх часоў
бяз выбухаў

 

***

 

вайна невядомая раптам прыйшла
на дом
бяспека гэта ілюзія
міру за шэрым акном
я на дзесяць хвілін за зменаю шляху
ня трапіла ў страты
ўчора
бяспека гэта ілюзія
не меней чым вобраз ворага

 

***

 

гэта бомба была не мая выпадковасць
калі верыць у выпадковасці
фактар
выбару віду транспарту
і
сукупнасць мне невядомых фактараў

 

***

 

гора на станцыі гора на
суседняй вуліцы
вершамі не накорміш
капейкамі не адкупішся
кветкамі не залечыш
раны хаця хаця не ведаю
словамі
усё адно ўсё гэта патрэбна
ўсё адно
ўсё
адно

Болей навін