Вялікі чацвер: сёння ўсе хрысціяне ўзгадваюць Тайную Вячэру

21 красавіка 2011 15:18  |  Навіны

Вялікі Чацвер, званы Чыстым чацвяргом – гэта перадапошні дзень зямнога жыцця Хрыста. У гэты дзень Царква ізноў узгадвае і зноў адпраўляе Тайную Вячэру Хрыста з Ягонымі вучнямі і апосталамі. Пра Вялікі Чацвер распавядае журналіст і праваслаўны святар Кастусь Бандарук.

 

У гэты выключны і заключны вечар было ўстаноўленае таінства, ці як яшчэ кажуць “сакрамэнт” Эўхарыстыі-Прычасця. Па-грэцку гэтае слова азначае “падзяка”. Пад выглядам хлеба і віна вернікі спажываюць Цела і Кроў самога Хрыста. Без Прычасця – паводле царкоўнага вучэння – няма хрысціянскага жыцця, бо ў гэтым сакрамэнце адбываецца самае поўнае, наколькі гэта магчыма на зямлі, спалучэнне чалавека з Богам.

Аб таінстве Эўхарыстыі дакладна распавядае евангеліст Мацвей. «Калі наступіў вечар, Ён узлёг з 12-цю вучнямі. У той час, падчас вячэры, абеду ці падчас банкету, людзі не сядзелі за сталом, а ляжалі. І калі яны елі, Хрыстос сказаў: прыйміце, спажывайце. Гэта кроў Мая новага запавету, якая за многіх выліваецца для адпушчэння грахоў.
Бласлаўляючы келіх Ён сказаў: “Пійце з яго ўсе, бо гэта кроў Мая новага запавету». Падчас вячэры Хрыстос даў вучням уладу дароўваць грахі, што з’яўляецца падставай для сённяшняй споведзі. Больш таго, Вялікі Чацвер – гэта дзень устанаўлення святарства. Пры гэтым Хрыстос заявіў, што адзін з 12-ці апосталаў выдасць Яго, што дарэчы ўжо з’явілася ў думках Юды дзень раней.

У Вялікі Чацвер адбываецца нарыхтоўка святых дароў для прычасця цягам усяго году тых, хто па сваёй хваробе ці недамаганні не ў стане прыйсці ў храм. У гэты выключны дзень, у Праваслаўнай Царкве рыхтуецца таксама “міра”, пахучы алей, які скарыстоўваецца падчас хрышчэння, мірапамазання, малітвы за хворых і пры асвячэнні новых храмаў. Міра асвечанае Патрыярхам, мітрапалітам ці наагул кіраўніком царквы развозіцца па ўсіх парафіях царквы, нават у самыя аддаленыя вясковыя і малыя. Гэтым падкрэсліваецца адзінства Царквы, дзе усе: ад патрыярха да самага простага верніка звязаныя паміж сабою бы браты і сёстры ў сям’і.

Увечары ў Вялікі Чацвер у праваслаўных храмах служыцца працяглая, зварушлівая багаслужба – так званае чытанне «12-ці евангелляў». Гэта 12 аповедаў пра развітальную сустрэчу Хрыста з вучнямі, Яго малітва ў Геўсіманскім Садзе, здрада Юды, размова з тагачасным рымскім губэрнатарам Понцкім Пілатам і суд у своеасаблівым парламенце тагачаснай краіны Сынэдрыёне. І дзяржаўная, і рэлігійная ўлада палічылі Хрыста небяспечным чалавекам. Ім няважна ці Ён мае рацыю, ці не. Яго асноўная віна ў тым, што Ён узбударажвае народ, выклікае нейкі фермент у грамадстве. Маўляў: можа і незвычайны чалавек, але ж толькі чалавек, не Божы Сын, бо ў Яго няма ніякай сям’і, ні жонкі, ні дзяцей.

 

Сёння, па-мойму, вельмі дарэчы ўзгадаць той факт, што ў адпаведнасці з народнай традыцыяй Вялікі Чацвер зваўся «Чыстым чацвяргом». У гэты дзень напярэдадні вялікага свята Пасхі абавязкова наводзілі чысціню, каб увесь год потым было чыста: прыбіралі ў хаце і на падворку, мылі хлебную дзяжу. Неабходна было памыць свойскую жывёлу, асабліва коней, каб яны былі дужыя. Паводле ўяўленняў, нават крумкачы на досвітку носяць сваіх дзяцей купаць на раку. Адначасова з імі трэба было і людзям мыцца ў лазні, каб не мучыцца ад хваробаў. Хто асмеліцца выкупацца ў палонцы, той не будзе хварэць увесь год. Напярэдадні Чыстага чацвярга рабілі гаспадарчыя прагнозы: калі ў гэты дзень ідзе дождж, каровы ўлетку будуць малочныя і трэба чакаць ураджаю грэчкі; калі вынесеныя на ноч соль і хлеб пад раніцу замярзалі, гэта прадказвала, што яравыя будуць пашкоджаныя маразамі. Спадзяюся, што сёлета, калі ўсе хрысціяне святкуюць Вялікдзень у адзін дзень, усё будзе больш чым звычайна, узнёсла, прыгожа і незабыўна. Амін. Хай будзе гэтак.

Болей навін