Жыхары чарнобыльскай зоны: прыйшлі немцы і сышлі, прыйшоў Чарнобыль і застаўся (Фота)

25 красавіка 2011 23:53  |  Палітыка

Cябры аргкамітэту “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі” разам з прадстаўнікамі іншых дэмакратычных сілаў Гомельскай вобласьці 25 красавіка наведалі найбольш пацярпелыя ад радыяцыі раёны Беларусі – Брагінскі, Рэчыцкі і Хойніцкі. “Відовішча адкрываецца жудаснае, проста катастрафічнае. Яго можна апісаць сумным анэкдотам, які ўжо 25 год існуе на гэтых землях і паказвае ўсю трагічнасьць сытуацыі: “Прыйшлі немцы і сышлі, прыйшоў Чарнобыль і застаўся”, – адзначыў гомельскі рэгіянальны каардынатар аркгамітэту БХД Юры Клімовіч, які ўдзельнічаў у паездцы.

 

Апроч яго, з прыхільнікаў БХД у паездцы браў удзел Андрэй Цянюта. Гомельскія дэмакратычныя актывісты наведалі мясьціны, зьвязаныя з аварыяй на ЧАЭС, вёскі на забруджаных тэрыторыях, дзе дагэтуль жывуць людзі, усклалі кветкі да помніку адселеным вёскам у Хойніках і помніку ліквідатарам-нафтавікам у Рэчыцы.

Чарнобыльскі мэмарыял у Брагіне быў першым на шляху гомельскіх дэмакратаў. Тут стаіць помнік чарнобыльскаму пажарніку, ураджэнцу вёскі Сьпярыжжа Брагінскага раёну Васілю Ігнаценку. Ён адным зь першых ратаваў сьвет ад радыяцыі, сам быў пранізаны ёй наскрозь і памёр у пакутах ад вострай прамянёвай хваробы.

На мэмарыяльных плітах высечаны й назвы паселішчаў, якія спынілі сваё існаваньня пасьля Чарнобыльскай катастрофы – Астрагляды, Жалібор, Залесьсе, Крукі, Пасудава, Ясяні… Звыш чатырох дзесяткаў вёсак ня стала на брагінскай зямлі з-за высокай радыяцыі.

 

“Нават на мяне, чалавека, які жыве ў Гомелі ў непасрэднай блізкасьці ад радыяцыі, гэтая паездка зрабіла вельмі моцнае ўражаньне. Гэтыя вёскі, якія мы наведалі, уяўляюць сабой вельмі жудаснае відовішча. У іх на 200 хат заселеныя недзе толькі 30, астатнія ж развальваюцца, зарастаюць лесам. У іх яшчэ жывуць людзі, а яны ўжо ператвараюцца ў лес.  Усе людзі тут, у тым ліку і дзеці, вельмі хворыя. У 40% дзяцей моцна павялічаная шчытападобная залоза, у астатніх моцныя галаўныя болі. Тое, што дзеці трацяць прытомнасьць прама на ўроках, – тут нармалёвая зьява. Толькі 30% юнакоў з гэтых раёнаў па стане здароўя праходзяць у армію, г.зн. што 70% маладых людзей – хворыя. Каб палепшыць радыяцыйную статыстыку, улады забіраюць ранкам малых дзетак зь вёсак і адвозяць у Хойнікі, маўляў, толькі паўдні яны праводзяць у забруджанай зоне, другія паўдні – у чыстай. Але Хойнікі зь вельмі вялікай нацяжкай можна назваць чыстымі. Іх не высяляюць толькі таму, што ў іх жыве 40 тысяч чалвек”, – падкрэсьліў Юры Кімовіч.

 

“Людзі ў забруджаных вёсках паступова пачынаюць траціць чалавечыя рысы. Для іх цяпер галоўнае знайсьці, што паесьці ўвечары, і ўсё. За 25 гадоў боязі, нэрвовасьці, яны сталі абсалютна абыякавымі да ўсяго, пасыўнымі. Уладам жа лягчэй забыцца на Чарнобыль і прывучыць да гэтага людзей. Але ж “ён нагадвае пра сябе і хворымі людзьмі, і ліквідатарамі, якія паміраюць, але ня ўсе адразу”, – адзначыў гомельскі каардынатар аргкамітэту БХД.

 

Кветкі й вянкі да чарнобыльскага мэмарыялуКветкі й вянкі да чарнобыльскага мэмарыялу

 гомельскі рэгіянальны каардынатар БХД Юры Клімовіч гомельскі рэгіянальны каардынатар БХД Юры Клімовіч

 

Помнік ліквідатарам-нафтавікамПомнік ліквідатарам-нафтавікам

Чарнобыльскі ліквідатар Васіль ГулайЧарнобыльскі ліквідатар Васіль Гулай

Болей навін