Віталь Рымашэўскі: у Беларусі духовы крызіс
Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Віталь Рымашэўскі, якому ўлады пагражаюць трыма гадамі зняволення, пракаментаваў сітуацыю ў краіне і адказаў найбольш хвалюючыя і балючыя пытанні, сярод якіх тэракт 11 красавіка, чарнобыльская і астравецкая праблемы, палітычныя рэпрэсіі , цяжкае эканамічнае становішча. Адной з галоўных прычынаў гэтых бедаў палітык лічыць духовы крызіс у беларускім, адсутнасць салідарнасці і нежаданне дапамагаць іншым.
– Спадар Рымашэўскі, распавядзіце, калі ласка, як Вы ставіцеся да выбуху 11 красавіка?
– Тое, што адбылося ў Менску 11 красавіка, – гэта злачынства, скіраванае супраць беларускага народу. Менавіта супраць народу, таму што ахвярамі стала ні нейкая палітычная група, ні нейкая група ва ўладзе, а просты беларускі народ. Я лічу, што ўсе палітыкі, у якіх засталася хоць кропля сумлення, якія адчуваюць адказнасць за сваю дзейнасць, павінны паабяцаць, што гэта злачынства будзе расследавана і вінаватыя будуць пакараны. Нам як палітыкам нельга выкарыстоўваць гэту трагедыю як повад для палітычнага піяру. У сувязі з тым, што адбылося, я заклікаю ўсіх палітыкаў, як з боку ўлады, так і з боку апазіцыі, вельмі адказна і абачліва ставіцца да сваіх слоў і спраў. Калі гіне нават адзін чалавек – гэта страшная, непапраўная трагедыя, а загінула трынаццаць чалавек, дзясяткі скалечаны, сотні атрымалі пашкоджанні. Таму я лічу проста непрыстойнымі любыя спробы выкарыстаць тое, што здарылася, у сваіх палітычных мэтах. Гэта тычыцца ў першую чаргу ўлады, але таксама і апазіцыі.
– Якімі могуць быць палітычныя наступствы гэтага выбуху?
– Часткова палітычныя наступствы ўжо пачаліся. Пасля тэракту паглыбіўся раскол у беларускім грамадстве. А тое, што ўлада спрабавала выкарыстаць гэта здарэнне як повад для абвінавачвання апазіцыі, ўжо з’яўляецца вельм благім наступствам, бо павялічвае варожасць у беларускім грамадстве і не спрыяе ніякім чынам паляпшэнню ўнутрыбеларускай сітуацыі. Калі ўлады працягнуць абвінавачваць апазіцыю і выкарыстоўваць тэракт як повад для палітычных рэпрэсій, я перакананы, што большасць беларускага грамадства, міжнароднай супольнасці звяжа гэты выбух з беларускімі ўладамі, бо ён будзе выкарыстоўвацца як повад для дыскрыдытацыі, ліквідацыі палітычных апанентаў. Разам з тым я лічу,што гэта трагедыя можа стаць шляхам да пакаяння, да пераасэнсавання сваіх паводзінаў, крокам да кансалідацыі, калі і ўлады, і апазіцыя змаглі б наблізіцца да грамадзянскага міру ўнутры Беларусі. Я разумею, наколькі мала рэалістычны гэты сцэнар, але я лічу яго магчымым. Палітыку можна ўспрымаць як гульню, уладу – як сродак для задавальнення сваіх інтарэсаў, амбіцый, але, калі перад намі паўстае трагедыя чалавечага жыцця, то гэта павіна абуджаць наша сумленне, усіх палітыкаў, у якіх засталася хоць кропля чалавечага сумлення, прымушаць да пакаяння, да пераасэнсавання сваіх паводзінаў. Я лічу, што кожны чалавек, якім бы ён ня быў кепскім, здольны да пакаяння.
– Як вы ставіцеся да забароны ўладамі шэсця на “Чарнобыльскі шлях” 26 красавіка?
– Я адмоўна стаўлюся да забароны шэсця, бо зразумела, што прычына, па якой адмовілі, – надуманая. Я нагадаю, што адмовілі ў зборы ля Акадэміі Навук, бо гэта пляцоўка нібыта не падыходзіць, бо знаходзіцца менш чым за 200 метраў ад метро. Хаця кожны год шэсце пачыналася менавіта ля Акадэміі Навук. І раней, і ў мінулым годзе, калі я быў сярод арганізатраў, замоўшчыкаў, “Чарнобыльскага шляху, нішто не замінала. Таму вельмі кепска, што “Чарнобыльскі шлях” у гэтым годзе недазволены. Але, разумеючы тую сітуацыю і напружанне, якія склаліся пасля 11 красавіка, няварта ісці на канфрантацыю. Таму арганізатары “Чарнобыльскага шляху” і не заклікаюць людзей збірацца на Акадэміі Навук, а толькі прыняць удзел у мітынгу. Адзначаць дату гэтай трагедыі трэба, таму што яе наступствы, на жаль, незліквідаваныя і працягваюць забіваць людзей. Трэба рабіць рэальныя крокі для выпраўлення сітуацыі. Аноўным лозунгам гэтага “Чарнобыльскага шляху” будзе “Абаронім беларусаў ад радыяцыі”. І кожны раз, звяртаючыся да Чарнобыльскай праблемы, мы павінны кіравацца менавіта гэтай мэтай, гэтай задачай. Мы павінны памятаць, што “Чарнобыльскі шлях” – гэта, найперш, непалітычнае мерапрыемства. Таму забарона шэсця не азначае, што адзначэнне гэтых угодкаў не адбудзецца. Запланаваныя мітынг, канферэнцыя, прагляд фільмаў, паездка па Чарнобыльскай зоне. У гэтым годзе да палітычных арганізацый і грамадскіх арганізацый, якія традыцыйна выступалі ў якасці арганізатараў правядзення чарнобыльскіх мерапрыемстваў, упершыню далучаюцца такія арганізацыі, як Экадом. І гэта вельмі добры знак, што мы рухаемся ў кірунку дасягнення тых мэтаў, якія мы ставілі перад правядзеннем “Чарнобыльскага шляху” ў 2010 годзе. У мінулым годзе, я нагадаю, менавіта БХД узяло на сябе адказнасць за правядзенне “Чарнобыльскага шляху”. Мы як арганізатары ствілі сабе за мэту вярнуць акцыі і ўсім мерапрыемствам, з ёй звязаным, менавіта чарнобыльскі сэнс, каб нашыя мерапрыемствы хоць неяк спрыялі абаронее беларусаў ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. І калі далучаюцца новыя арганізацыі, гэта значыць, што такая стратэгія дала плён. Фактычна сёння аргкамітэт аб’яднаў усе ініцыятывы, якія тым ці іншым чынам датычныя чарнобыльскай праблематыцы.
– А як вы ставіцеся да плану будаўніцтва беларускай АЭС у Астраўцы?
– Аргкамітэтам была прынята рэзалюцыя з нагоды будаўніцтва Астравецкай АЭС, сэнс якой заключаецца ў тым, што ў сённяшніх варунках будаўніцтва атамнай электрастанцыі непадрыхтавана належным чынам. І таму пачатак яе будаўніцтва будзе вельмі неабачлівым, небяспечным крокам.
-Што Вы можаце сказаць пра судовыя працэсы над затрыманымі ўдзельнікамі акцыі 19 снежня?
-Я хачу сказаць, што 19 снежня было, магчыма, апагеем змагання за Беларусь, за дэмакратыю, за незалежнасць тых здаровых сілаў у беларускім грамадстве, якія выраслі за апошнія дзесяцігоддзі. І вялікая колькасць людзей, якая сабралася 19 сненя, каб выказаць свій пратэст супраць недэмакратычнасці выбараў, пацверджуе, што ў грамадстве гэтыя сілы растуць, назапашваюцца, нягледзячы на складанасці, перашкоды ўсялякія. Можна толькі выказаць павагу і пашану ўсім тым мужным, сумленным і неабыякавым людзям, якія выйшлі 19 снежня на акцыю пратэсту. Тое, што адбылося ў выніку, можна ахарактарызаваць як трагічныя падзеі для беларускага грамадства, таму што арышты, разгон дэманстрвцыі, можа быць, не зусім адказныя дзеянні кандыдатаў і арганізатараў акцыі, спрычыніліся, безумоўна, да моцнага ўдару па беларускаму незалежніцкаму дэмакратычнаму руху. Вынікам гэтых падзеяў стаўся відавочны раскол беларускага грамадства на дзве часткі, павелічэнне варожасці паміж прадстанікамі ўлады і незалежнымі дэмакратычнымі сіламі. І гэта, безумоўа, вельмі небяспечная рэч. Паглыбленне гэтага расколу можа прывесці да фатальных падзеяў у беларускім грамадстве, да ўзмацнення рэпрэсіяў, да ліквідацыі незалежнай ад улады беларускай апазіцыі. Але я перакананы, што мы перажывем гэта выпрабаванне. У беларускага народу ёсць духовыя сілы, каб абараніць і незалежнасць, і дэмакратыю. Для мяне асабіста найбольш цяжкім з’яўляецца тое, што многія людзі ўжо асуджаны і атрымалі даволі вялікія тэрміны. Таму і змякчэнне мне артыкулу з 293-га на 342-і я не ўспрымаю радасна ці неяк станоўча. Я адчуваю персанальную адказнасць, персанальны боль за людзей, якіх ўжо пакаралі. Я не лічу сябе на свабодзе, не буду сябе ачуваць спакойна пакуль хоць дзін чалавек, асуджаны за 19 снежня, будзе знаходзіцца ў вязніцы. Я зраблю ўсё магчымае, каб гэтыя людзі выйшлі на свабоду. Я перакананы, што салідарнасць, сумленнасць, справядлівасць, праўда будуць пачутыя і яны перамогуць.
– Як бы вы пракамэнтавалі эканамічнае становішча ў краіне?
– Беларуская эканамічная сістэма неканкурэнтназдольная ў сённянім свеце, што б ні казалі ўлады. Гэта яны адканыя і за неправедзеныя яшчэ дзесяцігоддзі таму рэформы, і за эканамічны крызіс. Калі беларуская ўлада не зразумее сваіх памылак, калі яна не зразумее, што патрэбны неадкладныя рэформы, у тым ліку палітычныя, бо без іх немагчымыя эфектыўнныя эканамічныя рэформы, то гэта можа прывесці да катастрафічных наступстваў у беларускай эканоміцы, а, магчыма, і да страты незалежнасці. Палітычная незалежнасць у сённяшнім свеце вельмі шчыльна звязана с эканамічнай моцай і эканамічнай незалежнасцю. Сённяшні крызіс з’яўляецца цалкам лагічным наступствам той палітыкі, якая праводзілася ў Беларусі апошнія дзесяцігоддзі. Беларусам трэба бараніць адзін аднога, трэба зразумець, што, калі мы не змагаемся тады, калі праблема прыходзіць у дом іншага чалавека, калі мы не пачынаем змагацца за іншага, то гэтыя праблемы непазбежна прыйдуць і ў наш дом. І пакуль гэтыя простыя ісціны не будуць намі зразуметыя, датуль беларусы не будуць жыць добра. У Беларусі сёння не толькі эканамічны і палітычны крызісы, але і духовы. Нам трэба адмовіцца ад тых заганаў, якія існуюць у беларускімменталітэце. Трэба, каб той стан, які адлюстроўваюць прымаўкі “мая хата з краю”, хавайся ў бульбу”, адышоў у мінулае. Каб мы зразумелі, што страх і адсутнасць салідарнасці – гэта наш нацыянальны заган. У гэты крызіс мы павінны зрабіць правільныя высновы, пайсці на сустрач адзін адному, пераасэнсаваць свае паводзіны. Гэта тычыцца ўсіх без выключэння: і беларускіх уладаў, і беларускай апазіцыі, і простых людзей. Прыйшоў час узяць адказнасць на сябе і зрабіць правільны выбар. “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” прапануе хрысціянска-дэмакратычны выбар для Беларусі, беларускага народу. Я лічу, што без веры, без Бога, бех хрысціянства немагчыма ўсталяваць трывалы грамадска-палітычны лад. Хрысціянства легла ў падмурак усё еўрапейскай цывілізацыі. Яно таксама дае кожнаму чалавек сілы, крыніцу натхнення, таксама маральны і этычны арыентыр, без якога немагчыма існаванне грамадства.
– Што б Вы маглі пажадаць беларусам у сувязі з наступленнем свята Пасхі?
-Я віншую ўсіх беларусаў з гэтым галоўным святам для любой дзяржавы і любога чалавека. Кім бы мы не былі, якія б пасады не займалі, былі б мы вернікамі ці атэістамі, тая падзея, што святкуецца ў Пасху, ёсць галоўнай для ўсіх нас, для існавання кожнай нацыі, кожнага народу. Ісус Хрыстос прыйшоў, каб памерці за нас і прайсці шлях побач з кожным, прайсці яго лепей знас, даць нам магчымасць выпраўлення і збаўлення, магчымасць мець жыццё. Я заклікаю ўсіх беларусаў мець спадзеў на Яго, адкрыць да Ісуса Хрыста свае сэрцы. Я таксама жадаю ўсім веры, надзеі і любові і ніколі не забывацца, што тое, чым пачынаецца наша жыццё, наша змаганне ёсць у прыходзе ў гэты свет, ва ўкрыжаванні і васкрасенні Ісуса Хрыста. Мы павінны памятацть, што нашы сілы, намаганні і дасягненні нічога не значаць без Яго.