Кастусь Севярынец. Мой сын “Люблю Беларусь!” (бацькоўскі ліст)
Пакуль улады трымаюць у вязніцы майго сына Паўла Севярынца і яго паплечнікаў-аднадумцаў, рыхтуючы над імі расправу ў стылі 30-х гадоў; пакуль крыважэрныя гадаванцы амаральнага рэжыму прагнуць нявінных чалавечых ахвяр у мінскай “падземцы”; пакуль з трывогай беларусы ўглядаюцца ў будучае, нарадзіўся верш.
Прызнанне
Да бацькоўскага парога
Прывядзе дарога.
Тут — радзіна,
Тут — Радзіма,
Дадзеныя Богам.
Як сыноўняе прызнанне
Ў радасці і скрусе
Хай паўстане
Чыстым ранне
Па-над Беларуссю!
Ваяры на ратным полі
Тут чужынцаў білі:
Баранілі шчасце-долю,
Волю баранілі.
Я за іх святыя душы
Ціха памалюся —
Не адужаць
Лютым сцюжам
Любай Беларусі!
Мне не трэба тое неба,
Дзе чужое сонца.
Мне б агеньчык,
Мне б праменьчык
З роднага ваконца.
На святло і на цяпельца
Паімкнуся-мкнуся,
Бо да смерці маё сэрца
Разам з Беларуссю!
Ён, гэты верш, пагрукаўся з душы, каб умацаваць веру, любоў і надзею на лепшае.
Да драбніц памятаю, з якой цеплынёй, ласкай і любоўю сустракалі новае жыццё — майго сына — простыя беларусы з Аршаншчыны.
Павел запрасіўся на свет Божы пад раніцу перадапошняй ноччу 1976-га. За вокнамі нашай казённай хаты ў вёсцы Пагост лютавалі піліпаўскія маразы з мяцеліцай. Аднак калі мы з жонкай Таццянай выправіліся на чыгуначны прыпынак у амаль кіламетровы шлях, вецер сціх, мароз памякчэў. Ісці па цаліку праз гурбы і сумёты было лацвей у суцішаным наваколлі.
— З Богам! — перахрысціла нас школьная прыбіральшчыца цётка Клава, застаўшыся галоўнай у доме.
Прыветна і спагадліва спрычыніліся да ранніх гасцей чыгуначны электрык дзядзька Іван і яго жонка Ніна.
— Вось коўдрачка і пялюшкі на ўсялякі выпадак, — паклапацілася жанчына.
А галава сям’і, гарэзліва кіўнуўшы на бутэльку ў кухонным буфеце, шапнуў на вуха:
— Вернешся з горада, заходзь, адзначым…
У ранішнім дызель-цягніку намі адразу заапекавалася правадніца-касірка, пакінуўшы у спакоі “зайцоў” і пасажыраў без білетаў.
Машыністы па рацыі выклікалі “хуткую”, якая чакала ў Оршы каля дзвярэй вагона на пероне.
Начная змена ў радзільні чыгуначнай бальніцы мусіла затрымацца з перазменкай.
— Хто ў цябе дома ёсць? — спытала недзе а восьмай раніцы стомленая медсястрычка сталага веку.
— Дачка, — адгукнуўся зніякавела.
— А цяпер яшчэ і сын! — быццам ведаючы, што абрадуе, узнёсла выгукнула няйначай фея ў белым халаце.
Такая спагада, прыўзнятая да шчырай любові, не магла не адгукнуцца ў далейшым лёсе майго сына. І вельмі натуральна вымагала ад яго ўзаемнасці.
Так яно потым і сталася.
“Люблю Беларусь!” Так, пасталеўшы, вызначыць сваю стрыжнёвую існасць мой сын.
Гэта і ёсць найважнейшы чыннік, якім можна ахарактарызаваць яго яркую асобу — чалавека, палітыка, літаратара, а таксама абазначыць яго дзейнасць і празрыстую жыццёвую пазіцыю. І толькі самы апошні нягоднік можа перакручваць гэтыя паняцці і закідаць Паўлу ўяўную агрэсію ці нейкія іншыя думкі і дзеянні.
“Люблю Беларусь”. Так называецца адна з яго кніжак.
Люблю Беларусь — не проста лозунгавы вокліч. Гэта сэнс жыцця і дзейнасці мужнага хлопца, цвёрдага ў сваёй хрысціянскай веры і непахіснага ў сваіх гуманістычных перакананнях. Гэта аснова яго існавання тут і цяпер, гэта яго малітва і яго праўда. І нікому не дадзена перарваць гэтую малітву альбо адабраць у яго гэтую праўду, абылгаць яе, здзекавацца над ёю: ні пракурорам, ні суддзям, ні ганарыстым чынушам самага высокага рангу. Чысціня і высакароднасць яго любові да Беларусі — неаспрэчныя. І нават тыя, хто нядобразычліва адносіцца да Паўла, прызнаюць гэта. Аўтарытэт і павага наробліваюцца гадамі. У Паўла хапіла моцы, сілы і характару стварыць такі наробак.
Паспяховы вучань 25-й віцебскай школы з мастацкім ухілам. Залаты медаль па заканчэнні. Удзел у шматлікіх алімпіядах па самых розных прадметах, сярод якіх, аднак, сам хлопец вылучаў геаграфію. У яго пакоі да сёй пары захоўваецца калекцыя мінералаў, якую ён ашчадна збіраў яшчэ школьнікам, аб’ездзіўшы на веласіпедзе ці не ўсю Віцебшчыну. Такая вось апантанасць, такі вось імпэт. І ўсё скіравана не на разбурэнне, а на стварэнне.
І не дзіва, што Павел з першага ж заходу паступіў у БДУ на геафак са спецыялізацыяй па мінералогіі. Выкладчык, што прымаў іспыт, усё дзівіўся: “Ды табе, хлопча, адразу на пяты курс! Такія глыбокія і дасканалыя веды мала ў каго з самых нашых дасведчаных студэнтаў!” І студэнтам ён быў адным з самых лепшых і актыўных: “пяцёркі” ў залікоўцы, выпускі сценгазет, дзіджэеўскія праекты…
Ён не дэклараваў, ён сваім жыццём і нястомнай працай даказваў: люблю Беларусь!
У пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ён быў адзіным з удзельнікаў рэспубліканскага дзіцячага парламента (а быў тады і такі!) хто, прадстаўляючы Віцебшчыну, выступаў выключна на беларускай мове. І гэта пры ўсім тым, што рос і выхоўваўся ў рускамоўнай сям’і: бацькі — выпускнікі рускага аддзялення філфака БДУ, выкладчыкі рускай мовы і літаратуры. І выбар на карысць роднай мове тады яшчэ дзесяцікласнік зрабіў самастойна, без падказак збоку, прымусу і кан’юнктуры. Магчыма, прарвалася зацятая беларускасць усіх пакаленняў Севярынцаў, якія жывуць на гэтай зямлі стагоддзямі, ніколі ёй не здрадзіўшы, ніколі яе не прадаўшы: прадзед Паўла Пётра Рыгоравіч прайшоў дзве кровапралітныя сусветныя вайны, дзед Павел Пятровіч — Другую сусветную, у якой страціў нагу, аднак да скону імкнуўся быць карысным людзям і радні.
Актыўная жыццёвая пазіцыя прывяла маладога хлопца ў БНФ. Гэтага не маглі дараваць яму рэтраграды з універсітэта. Спачатку спрабавалі прымусіць дыпломніка Севярынца перапісаць “нармальнай” мовай дыпломную працу, якую ён адмыслова напісаў па-беларуску. А як жа яшчэ пісаць аб радовішчах беларускага бурштыну ў Жабінкаўскім раёне на Брэстчыне? І толькі ўмяшальніцтва тагачаснага рэктара БДУ Аляксандра Казуліна дазволіла Паўлу на “выдатна” абараніць дыпломную. Аднак зласліўцы свайго дамагліся, не даўшы яму рэкамендацыі для паступлення ў аспірантуру, а затым прынізіўшы пры размеркаванні: адправілі ў Інстытут геалогіі на пасаду, якую звычайна займаюць выпускнікі вучылішчаў і тэхнікумаў.
Безумоўна, амбітны ўніверсітэцкі выпускнік палічыў гэта абразай і гонару, і годнасці, і прафесіяналізму. Тым больш што ў гэты час яго настойліва і ўсеабдымна захоплівалі журналістыка, прыгожае пісьменства і палітычнае жыццё. Павел становіцца публічным чалавекам з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, на дух не прымаючы фарысейства, згодніцтва, хлусні і маральнай разбэшчанасці, з якога б боку яны ні напіралі і не падступалі.
Вядомыя ў палітыцы людзі добра ведаюць Паўла Севярынца і як маладафронтаўскага лідара, і як аднаго з лідараў сталага і яшчэ нерасшкамутанага БНФ, і як сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя.
За свае перакананні, за сваю прынцыповасць і нязломнасць у адстойванні ідэалаў дэмакратыі, свабоды, нацыянальнай годнасці беларусаў хлопца не аднойчы кідалі за краты, пачынаючы з Валадаркі і Акрэсціна і заканчваючы двухгадовай “хіміяй” на лесапавале на поўначы Беларусі і сумнавядомай “Амерыканкай” ужо ў самым сэрцы беларускай сталіцы.
“Жыве Беларусь! Жыве з Богам!” — для яго ў гэтых выпрабаваннях не пусты лозунг, не гучная фраза, а духоўнае апірышча і сэнс надзённых клопатаў.
Тыя ж, хто пільна сочыць за журналістыкай і літаратурным жыццём, ведаюць і памятаюць актуальныя рэпартажы, каментарыі і артыкулы Паўла Севярынца ў газетах “Знамя юности”, “Наша Ніва”, “Народная Воля” і іншых перыядычных выданнях. Аб першых яго апавяданнях прыхільна адгукаўся Васіль Уладзіміравіч Быкаў. Творы Паўла атрымалі высокую ацэнку і спецыялістаў-філолагаў, такіх, да прыкладу, як доктар філалагічных навук Ніна Барысаўна Мячкоўская. Як прызнанне журналісцкага майстэрства і літаратурных здольнасцяў — членства ў Беларускай асацыяцыі журналістаў, Саюзе беларускіх пісьменнікаў і ПЭН-цэнтры, літаратурная прэмія імя Алеся Адамовіча за кнігу “Лісты з лесу”, прэмія імя Васіля Быкава “За свабоду думкі” і іншыя ганаровыя адзнакі.
Нават абачлівы “саўбелкавец” Павел Якубовіч, знаходзячыся па той бок “барыкадаў”, пры мімалётнай сустрэчы на “Славянскім базары” прызнаваўся мне: “Ведаеш, Кастусь, магчыма, твой сын мае рацыю…”
Быццам бы я ў гэтым калі-небудзь сумняваўся!
Шлях, пакутніцкі і цярністы, але асветлены пяшчотай і любоўю да Радзімы, да любай Беларусі, абавязкова прывядзе да Храма. У гэтай веры ён і стаіць.
Мы з сынам, спракавечныя, карэнныя беларусы, аднадумцы.
Яму і яго паплечнікам прысвяціў я свой верш “Роздум на Дзень волі-2011”.
О, Беларусь! Любімая. Праклятая.
Пакутніца на росхрысце вятроў.
Краіна стукачоў і правакатараў.
Краіна ваяроў і змагароў.
Яны цябе хто ганілі, хто славілі.
А “трэці пуць” — спіхнуць у каламуць.
Так сталася, што поплеч Каін з Авелем
Спрадвеку тут адной сям’ёй жывуць.
Радзіма! Ну, няўжо гібець вякамі нам?
Мы ж — кожны! — дзеці родныя твае.
Хай грэх цяжкі даруе Авель Каіну,
А той ніколі брата не заб’е.
…………………..
Ды лепшыя сыны — ізноў за кратамі.
Няволя — воля?
Енк “правадыроў”…
О, Беларусь! Любімая. Праклятая.
Пакутніца на росхрысце вятроў.
Я ўсцешаны тым, што Павел — мой сын. І ўся наша вялікая радня, ад дзядоў-прадзедаў да малечы, ганарыцца сваім мужным і радзімаадданым родзічам. А нядобразычліўцам і згрызотнікам, фарысеям і прадажнікам, хакеістам і чэкістам, заангажаваным суддзям і пракурорам магу адказаць злёгку падпраўленымі крылатымі словамі Фідэля Кастра, якія знакаміты камандантэ адрасаваў бацістаўскім служкам Феміды падчас суда пасля штурму казармаў Манкада: “Вы можаце, панове, сёння засудзіць майго сына, аднак гісторыя яго апраўдае!”
І — кропка!
Віцебск, 17.04.2011