Стань сьведкам: як пэнсіянэр Пятро Кучко разваліў справу аб масавых беспарадках
Сьведка прадэманстраваў фотаздымкі, якія ён зрабіў непасрэдна пасьля разгону акцыі на Плошчы, і заявіў, што там не было ніякіх прадметаў, пра якія паведамляюць матэрыялы справы: рыдлёвак, ледарубаў, каністраў з запальнай сумесьсю і пра якія казалі дзяржаўныя тэлеканалы ў фільме “Плошча. Жалезам па шкле”.
Амаль два дзясяткі чалавек захацелі выступіць у судзе над Саньнікавым і яшчэ чатырма ўдзельнікамі Плошчы ў якасьці сьведкаў таго, што акцыя 19 сьнежня была мірнай. За дзень выступілі журналіст Алег Грузьдзіловіч, праваабаронца Алесь Бяляцкі, юрыст Уладзімер Лабковіч, якія засьведчылі, што шыбы ў Доме ўрада білі людзі зусім не з дэманстрацыі пратэсту, якія, нашкодзіўшы уцяклі з месца падзеяў, а міліцэйскія начальнікі, якія там знаходзіліся, не хацелі спыняць і арыштоўваць іх.
Але найбольш уразілі сьведчаньні простых людзей, якія прыйшлі ў суд, каб распавесьці пра той енк і крык, які яны чулі пад час разгону Плошчы спэцназам, пра тое, што людзі шлі не граміць будынкі, а дамагацца вольных выбараў. Сапраўднай жа сэнсацыяй сталася сьведчаньне менскага пэнсіянэра Пятра Кучка, які ўдзельнічаў у акцыі пратэсту і заставаўся на Плошчы пасьля крывавага разгону фактычна апошнім: спэцназаўцы чамусьці не затрымалі сівагаловага чалавека – відаць, падумалі, што ён нехта з начальства, мяркуе сьведка:
“Напэўна, хтосьці падумаў, што я адношуся да кіраўніцтва ці ўдзельнікаў самога працэсу затрыманьня…”.
Пятро Кучко, будучы на Плошчы пасьля разгону, заўважыў, што нічога там пасьля дэманстрантаў не засталося, пляцоўка была чыстай. Якое ж зьдзіўленьне і абурэньне было ў яго, калі ён паглядзеў фільм БТ “Жалезам па шкле”, дзе былі паказаныя розныя сякеры, рыдлёўкі, каністры з запальнай сумесьсю, якія нібыта засталіся пасьля дэманстрантаў. Каб зьняпраўдзіць гэта, спадар Кучко і прыйшоў у суд. Мала таго, ён прадэманстраваў 5 фотаздымкаў, якія зрабіў адразу пасьля разгону Плошчы мабільным тэлефонам, і якія судзьдзя пасьля доўгіх роздумаў у дарадчым пакоі адмовілася далучыць да справы, паколькі час вывучэньня рэчавых доказаў яшчэ не настаў.
Пятро Кучко успрыняў гэтае рашэньне стрымана:
“Зараз пастанова суда агучана, таму будзем чакаць наступнага этапу, калі будуць прымацца рэчы ў якасьці доказаў па справе”.
Спадар Кучко кажа, што здымкі гэтыя зрабіў, каб ня быць галаслоўным перад сябрамі, якія маглі б не паверыць, што ён быў на Плошчы і застаўся непашкоджаным. Са сваіх здымкаў спадар Кучко зьняў аўтаматычнае азначэньне даты і часу, паколькі раней гэта замінала яму пад час ажыцьцяўленьня хобі – фатаграфаваньня грыбоў. Але адмыслоўцы перакананыя, што ў сучасным мабільным тэлефоне можна лёгка вызначыць, калі былі зробленыя здымкі.