Шчырыя спачуваньні: памерла пісьменьніца-хрысьціянка Валянціна Коўтун

02 мая 2011 11:34  |  Навіны

30 красавіка ў Пінску на 66-м годзе жыцьця сышла ў іншы сьвет вядомая беларуская пісьменьніца, праваслаўная хрысьціянка Валянціна Коўтун. Гэтую трагічную вестку паведамляе прэс-служба Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Сябры аргкамітэту БХД выказваюць шчырыя спачуваньні спачуваньні родным і блізкім пісьменьніцы ды ўсім яе чытачам і прыхільнікам.

Валянціна Коўтун (сапр. Валянціна Новік), нарадзілася 6 красавіка 1946 году ў вёсцы Дземяхі Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласьці ў сям’і настаўніка. У 1963-м скончыла Малоткавіцкую сярэднюю школу, працавала піянэрважатай у Паршавіцкай (цяпер Бярозавіцкай) сярэдняй школе Пінскага раёну. У 1964-м паступіла на філялягічны факультэт Львоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, а з 4 курсу перавялася ў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (скончыла ў 1969). Працавала настаўніцай мовы і літаратуры Варнянскай сярэдняй школы Астравецкага раёну (1969-1970), літкансультантам «Сельской газеты» (1970-1976). З 1976-га — літсупрацоўнік, з 1979-га — рэдактар аддзела крытыкі і літаратуразнаўства часопіса «Полымя», з 1982 — загадчыца рэдакцыі літаратуры для юнацтва выдавецтва «Юнацтва», з 1990 — старшы рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя». У 1977-1980 вучылася ў асьпірантуры пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру АН БССР. Кандыдат філялягічных навук. 

У друку выступала з 1966 году. Аўтарка зборнікаў паэзіі «Каляровыя вёслы» (1971), «На ўзьлёце дня» (1977), «Мэтраном» (1985), «Лісты да цябе» (1988). Літаратурная прэмія імя А. Куляшова (1986).

 

Валянціна Коўтун — аўтарка паэтычных зборнікаў для дзяцей «Мы робім казку» (1983), «Вясёлы заасад» (1986), кнігі апавяданьняў «Калінавая гронка залатая» (1988), рамана-жыція «Пакліканыя» (2002, часопіс «Полымя»), прысьвечанага Эўфрасіньні Полацкай. Выступала таксама як крытык, літаратуразнаўца і перакладчыца з расейскай, украінскай і іншых моў. Аўтарка артыкулаў пра фальклёр у сучаснай беларускай паэзіі. Выйшлі кнігі «Сьвятло народнага слова: Паэтычны лад беларускай народнай песьні» (1984), «Крыніца паэзіі: На шляхах эпізацыі» (1987).

 

Адна з важных тэмаў творчасьці — асэнсаваньне асобы беларускай паэткі Цёткі (А.Пашкевіч), якой прысьвечаныя паэмы «На зломе маланкі» (1979), «Суд Алаізы» (1985), раман-дылёгія «Крыж міласэрнасьці» (1988-1996).

Болей навін